Варшаўскі суд часова забраў у беларускі немаўля, якое важыла 1,5 кг
Што здарылася
Аб здарэнні раней паведамлялі наступнае: у ноч з 21 на 22 траўня ў лякарню на вуліцы Каперніка ў Варшаве прыйшлі маці (грамадзянка Беларусі) і бацька (як выявілася пазней, грамадзянін Украіны) з дзіцем узростам 10 тыдняў. На целе дзіцяці заўважна выступалі косткі.
Лекар паставіў дыягназ: дзіця моцна знясіленае і галоднае. Бацькі выслухалі лекара, забралі дзіця і з’ехалі. На іх пошукі выправілі некалькі атрадаў паліцыі. Бацькоў адшукалі, яны былі ў стане алкагольнага ап’янення (каля 1 праміле ў выдыханым паветры). Дзіця даставілі ў лякарню.
Бацькам выставілі абвінавачванне паводле адпаведнага артыкула за тое, што яны паставілі дзіця пад небяспеку (§ 2 арт. 160 Карнага кодэксу Польшчы), ім пагражае ад 3 месяцаў да 5 гадоў пазбаўлення волі. Далейшыя дзеянні ў справе праводзіць IV штаб Нацыянальнай паліцыі з Бемова і пракуратура, пра справу паведамілі сямейнаму суду.
Пазней журналісты назвалі імёны падазраваных бацькоў: 40-гадовая грамадзянка Беларусі Кацярына Г. і 41-гадовы грамадзянін Украіны Сяргей З. За імі выставілі паліцэйскі нагляд, забралі пашпарты і забаранілі пакідаць краіну. Станам на 29 траўня дзіця было ў шпіталі ў аддзяленні паталогіі немаўлят.
Што расказаў суд
Інспектар аховы звестак раённага суду раёну Варшава-Воля Лукаш Ціхоўскі расказаў «Белсату», што трывае справа аб абмежаванні ці пазбаўленні бацькоўскіх правоў. 23 траўня была вынесеная пастанова аб наданні абароны для дзіцяці: дзіця змясцілі ў прыёмную сям’ю да сканчэння следчых працэдураў.
У секцыю падрыхтоўчага вядзення суду не паступалі запыты на ўжыванне захадаў стрымання, дадаў прадстаўнік суду.
Імаверна, маці бачылі ў амбасадзе
Чытачка «Белсата» расказала, што нядаўна бачыла ў амбасадзе Беларусі ў Варшаве жанчыну з дзіцем у сарафане і красоўках, як на відэа выдання «Miejski Reporter». Дзіця тады было загорнутае ў карычневы ручнік. Паводле слоў чытачкі, жанчына збіралася зрабіць для дзіцяці даведку для ўезду ў Беларусь.
«Жанчына была цвярозая, — расказвае чытачка. — І ў машыне аднаго хлопца, які стаяў з намі ў чарзе, нават карміла малога. Але расказвала дзіўныя рэчы: што калі зацяжарала, яе звольнілі з працы, а таксама, што калі нарадзіла, да яе ніхто не прыходзіў на патранаж. Страхоўкі няма, таму збіралася з’ехаць. Магчыма, сапраўды ў яе цяжкая сітуацыя. Яна ў амбасаду ехала з трыма перасадкамі, грошай на таксі не было».
Чытачка дадала, што вельмі расхвалявалася, калі пабачыла навіны пра дзіця і пазнала маці па адзенні на відэа. Кажа, паверыла ёй, калі слухала ейную гісторыю ў амбасадзе.
У Facebook-суполцы беларусаў Варшавы нядаўна былі пытанні адносна дакументаў для дзяцей для выезду ў Беларусь, але гэтыя пытанні паходзілі ад ананімных карыстальнікаў.
Каментары