Украіна ў мінулым месяцы пачала вытворчасць ракет з далёкасцю больш за 640 км
Украінскія вайсковыя заводы цяпер самі выпускаюць шмат снарадаў, вайсковай тэхнікі, ракет і іншага ўзбраення, якое мае вырашальнае значэнне для ваенных дзеянняў. Па словах прэм'ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля, вытворчасць іх у 2023 годзе патроілася і, як чакаецца, павялічыцца ў 6 разоў у 2024-м, піша The Washington Post.
Па некаторых важных таварах, такіх як дроны, якія змянілі ход канфлікту, Украіна ўжо вырабляе 90% таго, што ёй трэба, заявіў міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў.
Сярод дронаў, якія вырабляе Украіна — БПЛА далёкага радыусу дзеяння, якія ў апошнія тыдні атакавалі нафтавыя аб'екты ў глыбіні Расіі, а таксама марскія беспілотнікі, якія нанеслі сур'ёзныя страты Чарнаморскаму флоту.
Таксама «Украбаронпрам» вырабляе ўласныя мінамётныя снарады, артылерыйскія снарады савецкага стандарту калібра 122 мм і 152 мм і вайсковую тэхніку.
Вытворчасць дэфіцытных 155-мм снарадаў таксама пачнецца, але не раней за «другую палову гэтага года». Гэтыя снарады неабходныя для артылерыйскіх сістэм па стандартах НАТА, якія пастаўляюцца заходнімі саюзнікамі Украіны.
Акрамя таго, па словах афіцыйных асоб, распрацоўваецца ўкраінская сістэма СПА, аналагічная амерыканскай і нарвежскай (NASAMS).
Міністр па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці Аляксандр Камышын заявіў у мінулым месяцы, што Украіна разгарнула вытворчасць ракеты з далёкасцю палёту больш за 400 міль (каля 640 км).
Але, на жаль, нават пры гэтым усім, па словах Дзяніса Шмыгаля, сваёй вытворчасці Украіне недастаткова, каб кампенсаваць страты ад запаволення міжнароднай падтрымкі, у прыватнасці з боку ЗША.
Каментары