Меркаванні1111

Што азначаюць 87% Пуціна для расійскай апазіцыі, свету і перспектыў Беларусі

Кампанія па выбарах прэзідэнта ў Расіі, якая з канца мінулага года ў большай ці меншай ступені ўплывала на сітуацыю ў нашым рэгіёне, будучы прынамсі патэнцыйным дэстабілізацыйным фактарам, завяршылася. Можна канстатаваць, што скончылася яна без нечаканасцяў: падкантрольныя выбаркамы запісалі Пуціну пад 90% падтрымкі, і пры гэтым пагрозы хоць бы больш-менш значных паслявыбарчых пратэстаў на гарызонце не праглядаецца. Але ці варта нам дзеля гэтага злараднічаць і кпіць з «недалужнай» расійскай апазіцыі? Піша Алесь Сантоцкі.

Фота: AP Photo/Alexander Zemlianichenko

Натуральна, пры цяперашнім стане дэмакратыі ў Расіі наіўна было б меркаваць, што выбары паводле афіцыйных звестак у прынцыпе можа выйграць хтосьці яшчэ, апрача дзейнага кіраўніка. Пуціну цяпер адступаць няма куды, занадта шмат ім наламана дроў і пяройдзена рубіконаў, каб гуляцца ў нейкі плюралізм і дапускаць хоць бы куртатую канкурэнтнасць.

Несумненна, што пры любой сітуацыі было б аб'яўлена пра ягоную аглушальную перамогу, а ў выпадку неабходнасці, калі б па краіне выбухнулі пратэсты, Пуцін без ваганняў аддаў бы загад на іх жорсткае сілавое задушэнне. І загад гэты знайшлося б каму выконваць.

Але пры правядзенні такіх кампаній аўтарытарнымі рэжымамі галоўны сэнс не ў тым, каб проста адбыць нумар і застацца пры ўладзе любой цаной. Важнае перадусім правядзенне кампаніі так, каб пасля яе не ўзнікала ўражання, што адзіная твая апора — «штыхі», а рэальная падтрымка народа страчаная. Іншымі словамі, задача ў тым, каб нават імітацыйныя выбары садзейнічалі ўмацаванню тваёй нібыта легітымнасці, а не яе прасяданню.

У гэтым сэнсе можна сказаць, што спецаперацыю пад назвай «перавыбары» Пуціну ўдалося правесці проста бліскуча, асабліва ўлічваючы тое, што праводзілася яна праз два гады не надта паспяховай вайны і ўсяго таго, што з ёй звязана. Унутраную легітымнасць Пуціна, як гэта адбылося ў 2020 годзе з Лукашэнкам у Беларусі, паставіць пад сумнеў не ўдалося.

Вядома, намаляваныя Пуціну ашаламляльныя працэнты зусім не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі з ягонай папулярнасцю, але ўсё ж такі і адчування таго, што за ім насамрэч няма ніякай, нават самай мінімальнай большасці грамадства, у ходзе выбарчай кампаніі і па яе выніках, як выглядае, не з'явілася.

То-бок расійская апазіцыя і патэнцыйна пратэсная частка грамадства не пазбавіцца адчування «вывучанай бездапаможнасці». Якраз наадварот, яно мае шанец толькі ўзмацніцца.

Поспехам для расійскай апазіцыі было б, каб пасля гэтых выбараў у яе з'явіўся аналаг беларускай Ціханоўскай, то-бок чалавек, за якога як альтэрнатыўнага кандыдата прагаласавала на фальсіфікаваных выбарах большасць ці прынамсі значная частка насельніцтва і які таму можа дазволіць сабе гаварыць ад яго імя і прадстаўляць яго інтарэсы калі не ўнутры краіны, то прынамсі на міжнароднай арэне.

Але не будзе і гэтага, бо ў бюлетэнях увогуле не было прозвішча чалавека, які б успрымаўся як рэальная альтэрнатыва Пуціну і за якога расійскія антыпуцінцы ішлі б усвядомлена аддаць свой голас, хай сабе і сімвалічна. Статус-кво, такім чынам, не памяняецца.

Ці варта беларусам у такой сітуацыі злараднічаць і кпіць з расійскай апазіцыі? Вядома, не. Наш уласны лёс непасрэдна залежыць ад дэстабілізацыі сітуацыі ў Расіі, на падтрымцы якой трымаецца беларуская дыктатура.

І тое, што важную выбарчую кампанію, якая ў любой сітуацыі з'яўляецца патэнцыйна дэстабілізацыйным момантам, пуцінскаму рэжыму ўдалося прайсці без вялікіх выдаткаў — з'ява непрыемная ў тым ліку і для нас.

Дый у сваім уласным багажы мы падобных сітуацый за амаль 30 гадоў лукашэнкаўскага маем аж занадта, таму мусім разумець як ніхто, што не ўсё ў «зацэментаваных» сітуацыях на самай справе так лёгка і проста змяніць не на словах, а на справе.

Галоўнае ж, што важна разумець — у падобных выпадках далёка не ўсё залежыць ад апанентаў улады.

Для таго, каб разварушыць замацярэлую сістэму, у якой усё «схвачана», абавязкова таксама трэба, каб табе спрыяла агульная кан'юнктура. Гэта значыць, уладам напярэдадні ці падчас кампаніі мусяць прылятаць нейкія звычайна цяжка прагназаваныя і часта зусім незалежныя ад нечых намаганняў «чорныя лебедзі», якія прынамсі часткова парушаюць загадзя распісаны сцэнарый і прымушаюць пры спробах выправіць сітуацыю рабіць памылкі, якімі апаненты карыстаюцца.

Такая сітуацыя «ідэальнага шторму» склалася ў Беларусі ў 2020 годзе, і ўвесь свет пабачыў вынікі. А вось у ходзе цяперашняй расійскай кампаніі такога не адбылося, таму яна ад пачатку і да канца заставалася пад поўным кантролем уладаў.

Сваю ролю адыграла і тое, што пуцінская каманда яўна добра прааналізавала беларускі ўрок 2020 года і зрабіла з яго высновы. Менавіта з нежаданнем магчымага паўтарэння памылкі Лукашэнкі яўна звязана тое, што Барыса Надзеждзіна, які патэнцыйна мог бы стаць цэнтрам аб'яднання для апазіцыйных сіл на антываеннай платформе, проста не зарэгістравалі. Вырашылі абысціся нават без бачнай прысутнасці, прынамсі, паводле самапрэзентацыі рэальна апазіцыйнага кандыдата.

Бо беларускі кейс паказаў, што недаацэнка такіх кандыдатаў, калі даць ім магчымасць легальнай агітацыі, можа вылезці бокам. А загнаць гэтага джына назад у бутэльку можа каштаваць вялікіх выдаткаў. Іншых жа рэальна дзейных механізмаў для скарыстання выбарчай кампаніі апазіцыяй у цяперашняй сітуацыі аб'ектыўна не было. Адгэтуль і сумны вынік.

Таму расіянам-антыпуцінцам застаецца толькі перагортваць гэтую старонку і ісці далей. «Чорныя лебедзі» да крамлёўскага клана непазбежна будуць прылятаць, асабліва ва ўмовах незавершанай вайны, таму будуць з'яўляцца і шанцы. Адно што толькі найбліжэйшыя 6 гадоў яны не будуць прывязаныя да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Калі, вядома, у сітуацыю не ўмяшаецца біялогія ці які-небудзь іншы форс-мажор. Чаго таксама пры цяперашняй агульнай турбулентнасці выключаць зусім нельга.

Каментары11

  • даведка
    18.03.2024
    Путин более популярен в России, чем Лукашенко в Беларуси... Это большая личная трагедия для Лукашенко.
  • Так
    18.03.2024
    Але ці варта нам дзеля гэтага злараднічаць і кпіць з «недалужнай» расійскай апазіцыі?
    Напэўна нельга забываць, што большасць расіян падтрымлівае іх класічную агрэсіўную палітыку ды і сярод прадстаўнікоў расійскай апазіцыі безліч "імперцаў", толькі не так адкрытых. Гісторыя гэта паказала, але таксама актуальных прыкладаў хапае, некаторыя з іх апісваліся на Нашай Ніве. 

    Таму расіянам-антыпуцінцам
    Як вышэй, тое, што той ці іншы дзеяч супраць Пуціна, не значыць, што супраць агрэсіўнай расійскай палітыкі і русского мира, толькі пад умоўна іншым сцягам, або ў больш латэнтным выданні.

    Канешне, ёсць тыя нямногія, якія сапраўды адэкватныя, але такіх вельмі мала, вельмі. Ды і многія з іх даўно за мяжой. Не трэба карміцца ілюзіямі што да Расіі і расіян (у тым ліку расейцаў).

  • СМ
    18.03.2024
    Злорадствовать, конечно, не стоит. А стоит, взглянув на результаты этих "выборов", в очередной раз убедиться, какое большое дело мы сделали, точнее, начали делать в 2020-ом. Лучше осознать, какую цену имеет Свобода, сколько жизней, поломаных судеб, слёз, здоровья, крови она стоит. Как Тиль Уленшпигель повторял, что пепел Клааса стучит в его сердце, так и каждый из нас должен повторять самому себе: "Пепел Ромы Бондаренко, Алеся Пушкина, Саши Тарайковского, Никиты Кривцова... стучит в моё сердце". Не вообще в наши сердца, а именно в моё сердце. Давайте во имя 2020 года, во имя умерших, посаженых, покалеченых перестанем бросаться один на одного и будем сильнее ценить друг друга. Оставшихся - ценить за их мужество остаться и их надежду дотерпеть до победы, а уехавших - за их выбор не подчиняться режиму и их смелость начать всё с нуля. Мы все дети Беларуси и мы все нужны для её Свободы.

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго7

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»12

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях10

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

«Мне пастаянна сніцца затрыманне». Гісторыя былой палітзняволенай Наталлі Кукішавай3

«Лаўлю на сабе позіркі людзей сталага ўзросту». Беларуска ў 32 гады наважылася хадзіць з кіем, які быў прапісаны ёй даўно6

У Гродзенскай вобласці вырасцілі гіганцкі бурак ФОТАФАКТ5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго7

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →