Улада1515

Асобы года ў версіі НН

Застаюцца людзі, здольныя на сапраўдныя ўчынкі...

Уключыўшы тэлевізар ці прагортваючы навіны ў інтэрнэце, мы часцей за ўсё бачым паведамленні пра тэракты, тэхнагенныя і прыродныя катастрофы, маньякаў і серыйных забойцаў ва ўсіх кутках свету. Лік ахвяраў ідзе на тысячы, і гэта мала каго кранае. Мы сутыкаемся з паўсюднай дэгуманізацыяй чалавека. Ён з інтарэсам будзе назіраць за жарсцямі вакол збіцця Берлусконі, а бяды ўласнага суседа не пабачыць.

Тым не менш, застаюцца людзі, здольныя на сапраўдныя ўчынкі.

Такія, як сёлета здзейсніла Наталля Васілевіч і ейныя сябры. Прачытаўшы допіс блогеркі Міхалінкі (Інгі Татур)
пра праблемы інвалідаў‑вазочнікаў, Васілевіч пачала ў інтэрнэце збор сродкаў на новую электрычную каляску для жанчыны.

І за год намаганнямі, як правіла, цынічнай інтэрнэт‑супольнасці ўдалося сабраць неабходную суму. Гэта рэальны прыклад людскай самаарганізацыі і спачування чалавечай бядзе. Прыклад, як можна зрабіць жыццё лепшым — няхай і для аднаго чалавека. Такія «малыя справы» мацуюць вялікую нацыю.

Дырэктар цэнтра «Экумена», праваслаўная верніца Наталля Васілевіч не першы год дапамагае Кобрынскаму дзіцячаму дому. Таксама дзяўчына адной з першых сярод выпускнікоў БДУ паставіла свой подпіс у абарону адлічанай студэнткі БДУ Таццяны Шапуцькі. Такія ўчынкі выклікаюць павагу.

Дабрадзей года ў інтэрнэце — Ігар Маханёк

Самая вядомая ў свеце онлайн‑праграма для перакладу Google Translate ўзбагацілася беларускай мовай. Гэта пашырае магчымасці выкарыстання мовы ў сённяшнім свеце. Цяпер можна аўтаматычна перакласці з беларускай на яшчэ 50 моваў. Так, сёння гэтым рэсурсам карыстаецца нямнога людзей. Але і Скарынава «Біблія Руска» была даступная не кожнаму.

Ініцыятарам беларусізацыі праграмы быў інжынер кампаніі Google Ігар Маханёк. Ён беларус, які працуе ў Швейцарыі. Вядома, пераклад не ідэальны, але пачатак дадзены. Зараз трэба будзе толькі ўдасканальваць наяўны прадукт. Адзначаючы Маханька, мы адзначаем усіх людзей, якія беларусізуюць інтэрнэт.

У іншых краінах перавод у электронны фармат і развіццё інтэрнэт‑прыладаў фінансуюцца з дзяржаўных бюджэтаў. У нас жа гэта таленавітыя людзі робяць самі. Так, Хведар Піскуноў стварыў першы электронны граматыка‑парадыгматычны слоўнік беларускай мовы «Парадыгма», а таксама праграму праверкі арфаграфіі «Літара». Сяргей Чарнавокі пераклаў на беларускую мову інтэрфейсы Гугла, інтэрнэт‑энцыклапедыі Вікіпедыя, а таксама сацыяльнай сеткі Фэйсбук. Праграміст з Ліды Алег Азароўскі самастойна распрацаваў беларуска‑расійска‑беларускі перакладчык «Белазар».

Беларусізацыя Інтэрнэта дае будучыню беларускай мове і культуры.

Спявак года — Аляксандр Рыбак

Ураджэнец Беларусі Аляксандр Рыбак стаў пераможцам песеннага конкурсу «Еўрабачанне». Але выступаў хлопец не за Беларусь, а за далёкую Нарвегію. Поспех Рыбака прымусіў беларусаў задумацца над праблемай нацыянальнай ідэнтычнасці. А песня «Казка» стала сапраўдным хітом, які грае на мабілах. Рыбак пражыў амаль усё свядомае жыццё ў Нарвегіі, але захаваў выдатнае беларускае вымаўленне. Ягонай «Купалінцы» падпяваў нават Лукашэнка.

Вязень года — Мікалай Аўтуховіч

Ад лютага ў следчым ізалятары на Валадарцы знаходзіцца ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Ягоны арышт нагадваў сцэну з баевіка. Аўтуховічу ўвесь час мянялі абвінавачванні, ніхто не разумеў, за што ж яго арыштавалі. Толькі праз паўгода ваўкавысца абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракта супраць старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі і намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянка. Сам Аўтуховіч і ягоны таварыш Уладзімір Асіпенка лічаць, што іх пераследуюць за антыкарупцыйную дзейнасць. У зняволенні Аўтуховіч правёў трохмесячную галадоўку.

Заляцанне года — Павел Латушка

Прызначэнне на пасаду міністра культуры Паўла Лаўтушкі стала лагічным працягам абвешчанай уладамі палітыкі лібералізацыі. Малады, еўрапейскі, беларускамоўны міністр. Але костку нацыянал‑дэмакратам кінулі зноў у сферы культуры. З’яўленне беларускамоўнага міністра транспарту ці абароны мела б куды большы рэзананс.

Спартсмен года — Вікторыя Азаранка

Светлавалосая дваццацігадовая дзяўчына з выглядам мадэлькі сёлета стала самай пазнавальнай нашай суайчынніцай у свеце. Вікторыя Азаранка выйграла тры турніры з серыі ВТА і цвёрда ўвайшла ў дзесятку найлепшых тэнісістак свету. Свой характар Азаранка прадэманстравала на выніковым турніры ў Катары, калі гуляла з траўмай, праз боль і слёзы, але ўпарта адмаўлялася здавацца.

Сябар года — Сільвіё Берлусконі

Сёлета Лукашэнка сустракаўся не толькі з азіяцкімі, паўднёваамерыканскімі і афрыканскімі і расійскімі лідэрамі, але і з еўрапейскімі. Аж двойчы ён спаткаўся з харызматычным італьянскім прэм’ерам Сільвіё Берлусконі — у Рыме і ў Мінску. Падчас прыезду ў Беларусь Берлусконі заляпіў у размове з Лукашэнкам: «Ваш народ вас любіць, пра што сведчаць вынікі выбараў». Цягам года Берлусконі трапляў і ў іншыя скандалы: то з дзяўчатамі на віле зловяць, то з жонкай развядзецца, то твар яму разаб’юць.

Параноя года — Віктар Марціновіч

Раман журналіста Віктара Марціновіча «Параноя» нечакана быў забаронены для продажу ў Беларусі. Наўрад ці гэта адмоўна адбілася на камерцыйным поспеху: прачытаць «Параною», што трапіла ў «чорны спіс», захацелі многія. А сам раман Марціновіча пра Мінск, каханне і жыццё ва ўмовах дыктатуры.

Шафёр года — Андрэй Арамнаў

Часта нечуваныя поспехі кружаць галаву маладым людзям. Так сталася з алімпійскім чэмпіёнам па цяжкай атлетыцы Андрэем Арамнавым. Міліцыя двойчы затрымлівала Арамнава п’яным за рулём аўто. Справу перадалі ў суд. Атлета аштрафавалі, пазбавілі правоў і прэзідэнцкай стыпендыі. На судзе Арамнаў паабяцаў: «Я болей так не буду». Можа, паверым?

Ахвярнасць года — Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч

Палкоўнікі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч ахвяравалі сабой, каб выратаваць жыцці гледачоў авіяшоу ў польскім Радаме. Беларускія лётчыкі, адчуўшы, што самалёт падае, вырашылі не катапультавацца, а адляцець далей ад людзей. Уратавацца мужчыны не змаглі. Вечная слава героям!

Кароль года — Сяргей Міхалок

«Рок‑карону» сёлета заслужана атрымаў «Ляпіс Трубяцкой». На фоне Сяргея Міхалка і кампаніі іншыя беларускія музыкі ў 2009 годзе выглядалі блякла. Чаго варты адзін канцэрт у Палацы спорту, дзе ўпершыню ў Беларусі быў выкананы забаронены хіт Belarus Freedom.

Сюрпрызмэйкер года — Пётр Пракаповіч

У 2009 год беларусы ўвайшлі з дэвальвацыяй у 20%. А бажыўся ж старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч і яшчэ вышэйшыя службовыя асобы, што падзення рубля не будзе! У першыя дні года людзі кінуліся скупляць у крамах побытавую тэхніку і мэблю. Чакалі другой, трэцяй дэвальвацыі. Але астатак года прайшоў спакойна. У тым ліку, дзякуючы стабілізацыйным крэдытам, якія браліся як на Усходзе, так і на Захадзе. Такая цана чаркі і скваркі.

Антыдоктар года — Валянціна Качан

Галоўны санітарны доктар краіны Валянціна Качан упарта адмаўляла наяўнасць у Беларусі эпідэміі грыпу. Адсутнасць афіцыйнай інфармацыі спарадзіла эпідэмію панікі. У лістападзе людзі хадзілі па вуліцах у павязках. Сёлетні грып найцяжэй пераносілі маладыя людзі. Рэальная колькасць яго ахвяраў так і невядомая. А незалежныя СМІ за аб’ектыўнае асвятленне сітуацыі з грыпам і пнеўманіяй атрымалі папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі.

Памілаваны года — Алег Праляскоўскі

Памілаваны Лукашэнкам Алег Праляскоўскі ўзначаліў Мінінфармацыі. Некалі гэты чалавек засудзіў «Народную волю» на 27 мільёнаў рублёў, а з ягонай лёгкай рукі з падручнікаў па літаратуры былі скарочаныя творы «пісьменнікаў‑нацыяналістаў» — Купалы, Быкава, Барадуліна. Праляскоўскага кінулі на адказны ўчастак пад прэзідэнцкія выбары‑2010.

Рэкруты года — Іван Шыла, Франак Вячорка, Зміцер Хведарук

Сёлета ў войска былі прызваныя Франак Вячорка, Іван Шыла (на фота), Зміцер Хведарук і іншыя маладыя палітыкі. Лукашэнкаўцы спадзяваліся іх лакалізаваць, зменшыць іхнюю актыўнасць, а не выйшла. У войску кожны з хлопцаў не проста спрабаваў выжыць, але і змагаўся за правы саслужбоўцаў. І Мінабароны раз за разам ішло на саступкі. Ніхто з палітпрызыўнікоў не зламаўся, кожны адстаяў права карыстацца ў войску беларускай мовай.

Камбінатар года — Анатоль Ляўковіч

Старшыня сацыял‑дэмакатычнай партыі Анатоль Ляўковіч сёлета трапляў у гісторыі. У першы раз — калі рассыпаўся ў кампліментах афіцыйнай уладзе ў інтэрв’ю газеце «Советская Белоруссия». Гэта ледзь не каштавала Ляўковічу месца старшыні партыі. У другі раз Ляўковіч трапіўся на лісце да лідэра партыі «Справедливая Россия» Сяргея Міронава, дзе выступаў большым інтэгратарам за Лукашэнку і прапаноўваў стварыць грамадскую палату саюзнай дзяржавы. Афера, вартая Астапа Бэндэра.

Цудатворца года — Усэйн Болт

Ямайскі бягун Усэйн Болт на чэмпіянаце свету ў Берліне выйграў стометроўку з фантастычным вынікам — 9,58 секунды! Трыумф чалавечага цела.

Каментары15

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў21

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў

Усе навіны →
Усе навіны

Блогер, на якога пісала даносы Вольга Бондарава, апублікаваў сумесны здымак з Колем Лукашэнкам15

Пад Мінскам прадалі ўчастак за рэкордныя грошы

КНДР адказала Лукашэнку: ніякіх запрашэнняў яму не дасылалі, гэта ён дамагаецца сустрэчы30

Time змясціў на вокладку Трампа, які змятае дакументы ў Авальным кабінеце 3

За ўдзел у пратэстах судзяць 29-гадовую настаўніцу сталічнай гімназіі4

Кіраўнік МАРГ распавёў, што гандлю варта ўспомніць з савецкага мінулага11

Паглядзіце, колькі мінчукоў стаяла ў чарзе па ваду на Вадохрышча ФОТЫ11

Беспілотнікі атакавалі Казань. У горадзе чулі выбухі2

Былога прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса спрабуюць арыштаваць за згвалтаванне 15-гадовай актывісткі. Яна нарадзіла ад яго8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў21

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў

Галоўнае
Усе навіны →