Свет

Суд над Ндрангетай: 207 мафіёзі і іх памагатых у Італіі атрымалі на ўсіх 2200 гадоў

Гэта быў найбуйнейшы за апошнія 30 гадоў працэс па справе мафіі ў краіне. Для суда, які доўжыўся тры гады, узвялі нават спецыяльны будынак.

Фота: Valeria Ferraro / AP

20 лістапада італьянскі суд прызнаў вінаватымі 207 чалавек, звязаных са злачыннай мафіёзнай групоўкай Ндрангета з правінцыі Калабрыя на поўдні Італіі. Гэта быў найбуйнейшы за апошнія 30 гадоў працэс па справе мафіі ў краіне, піша Бі-бі-сі.

Вынесеныя прысуды завяршылі трохгадовы судовы працэс, які праходзіў у спецыяльна пабудаваным будынку ў горадзе Ламецыя-Тэрме на поўдні Калабрыі. Асаблівае памяшканне спатрэбілася, па-першае, для таго, каб мець павышаныя меры бяспекі, а па-другое, каб размясціць 350 абвінавачаных, 400 адвакатаў і 900 сведак.

У выніку 131 абвінавачанага суд апраўдаў, а астатніх — прысудзіў агулам больш чым да 2200 гадоў турэмнага зняволення. Адно толькі абвяшчэнне прысуду доўжылася больш за паўтары гадзіны.

Ндрангета (ад грэцкага слова ννδραγαθία (мужнасць) менш вядомая, чым сіцылійская Коза Ностра або неапалітанская Камора, але пры гэтым з'яўляецца адной з самых магутных, багатых і ўплывовых злачынных груповак свету.

Яна паступова забірала ўладу ў свае рукі па меры таго, як сіцылійская мафія губляла свой уплыў, і цяпер валодае амаль поўнай манаполіяй на імпарт какаіну ў Еўропу. У групоўкі ёсць базы ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, а таксама і ў Афрыцы. Некаторыя абвінавачаныя былі арыштаваныя ў розных краінах Еўропы, а таксама ў Бразіліі, Эквадоры і Ліване.

Пры гэтым бясспрэчны «гаспадар тэрыторыі» Луіджы Манкуза ў лік абвінавачаных на гэтым працэсе не трапіў: ён з'яўляецца занадта важнай фігурай, каб фігураваць у агульнай масе, і для яго падрыхтаваны асобны судовы працэс.

«Зоркай» трыбунала стаў яго пляменнік, Эмануэле Манкуза, які стаў галоўным сведкам, які раскрыў сакрэты клана, пасля таго, як паліцыя паабяцала, што абароніць яго ад усіх магчымых далейшых непрыемнасцяў, уключаючы помсту былых «калегаў».

Нягледзячы на тое, што каля траціны абвінавачаных былі апраўданыя, вынесеныя прысуды павінны істотна падарваць дзейнасць Ндрангеты. Расследаванне пачалося яшчэ ў 2016 годзе і распаўсюдзілася як мінімум на 11 рэгіёнаў Італіі. Усяго ў ім былі задзейнічаны больш за 2500 афіцэраў паліцыі.

«Аператыўным цэнтрам» мафіёзнай групоўкі быў невялікі горад Віба-Валенцыя, які кантраляваў клан Манкуза. Да таго, як аперацыя супраць Ндрангеты атрымала шырокую вядомасць, ён быў знакаміты галоўным чынам тым, што ў ім штогод ладзіўся конкурс піяністаў.

Паляваннем за верхаводамі, якія хаваліся ў хітра ўладкаваных схованках, займалася элітнае падраздзяленне італьянскай паліцыі Squadrone Carabinieri Eliportato «Cacciatori di Sicilia» (верталётная эскадрылля карабінераў «паляўнічыя Сіцыліі»).

Напрыклад, бункер Паскуале Маранда, якога называлі Пабла Эскабарам калабрыйскай мафіі, размяшчаўся на схілах гары Аспрамонтэ, уваходам у які служыла адтуліна спецыяльнай печы для піцы.

Зрэшты, сярод арыштаваных, абвінавачаных і асуджаных былі не толькі непасрэдныя сябры мафіёзнай групоўкі, але і палітыкі, якія супрацоўнічалі з імі. Некаторых з іх арыштавалі ў Нямеччыне, Швейцарыі і нават Балгарыі.

У прыватнасці, былы дэпутат італьянскага парламента ад партыі цяпер нябожчыка Берлусконі «Наперад, Італія» (Forza Italia) Джанкарла Пітэлі быў прысуджаны да 11 гадоў турэмнага зняволення за дапамаганне мафіёзнаму клану.

Пракурор Нікола Гратэры, які кіраваў расследаваннем па барацьбе з мафіяй, распавёў, што яго каманда ў якасці доказаў паказала суду адных толькі расшыфровак тэлефонных размоў у колькасці 24 тысяч.

Акрамя таго, суду былі паказаны шматлікія сведчанні вымаганняў, карупцыі пры заключэнні дзяржаўных кантрактаў, незаконнага захоўвання зброі, маніпуляцыі вынікамі мясцовых выбараў і хабарніцтва.

Групоўка здолела амаль цалкам падмяць пад сябе эканамічнае і палітычнае жыццё ў Віба-Валенцыі. Ндрангета душыла любую эканамічную ініцыятыву на месцах, якая магла б хоць неяк вызваліць мясцовае насельніцтва ад фінансавай залежнасці, укараняла сваіх прыхільнікаў і сяброў на дзяржаўныя пасады і ўсяляк тэрарызавала мясцовае насельніцтва, каб адбіць у яго якое б там ні было жаданне супраціўляцца.

З тымі ж, хто супраціўляцца ўсё ж такі адважваўся, мафіёзі не цырымоніліся: падкідвалі да іх дзвярэй мёртвых шчанюкоў, дэльфінаў, або адрэзаныя галовы казлоў, разбівалі кувалдамі вітрыны іх кантор, або крам, падпальвалі іх машыны. Асабліва зацятых збівалі, выкрадалі або забівалі.

Сведкі раскрылі суду і такія падрабязнасці, як зброя, схаваная ў могілкавых склепах, наркотыкі, якія перавозілі на машынах хуткай дапамогі і марыхуана, якую вырошчвалі паблізу муніцыпальных рэзервуараў пітной вады.

Ахвярамі выкраданняў сталі дзясяткі вядомых людзей, у тым ліку ўнук амерыканскага нафтавага магната і прамыслоўца Пола Геці — Джон Пол Геці III, якога выкралі ў 1973 годзе ў Рыме.

Спачатку мафія патрабавала за ўнука 17 млн даляраў выкупу, аднак дзед плаціць адмовіўся. Тады яму даслалі адрэзанае вуха ўнука з пасмай валасоў. Справа скончылася тым, што выкрадальнікі знізілі фінансавыя патрабаванні да трох мільёнаў даляраў, а дзед даў сродкі на выкуп.

Джон Пол Геці быў вызвалены, правёўшы пяць месяцаў у гарах Калабрыі. Гэтая гісторыя лягла ў аснову фільма Рыдлі Скота «Усе грошы свету» (2017 года) і тэлесерыяла Дэні Бойла «Траст»(2018).

Каментары

Сілавікі просяць у беларусаў за мяжой паведаміць свой адрас ці выслаць дамову арэнды. Што вядома?

Сілавікі просяць у беларусаў за мяжой паведаміць свой адрас ці выслаць дамову арэнды. Што вядома?

Усе навіны →
Усе навіны

Яшчэ адна ахвяра непагадзі: у Магілёўскім раёне загінула 5-гадовая дзяўчынка

На беларуска-літоўскай мяжы упершыню за доўгі час з'явілася чарга з аўтобусаў1

Рыжанкоў: Беларусь гатова да дыялогу з Польшчай па сітуацыі на мяжы18

У залатой буцы на Еўра-2024 адразу некалькі ўладальнікаў

Як адрозніваюцца ўмовы працы для ІП у Беларусі і Літве? 1

Анёл Смерці. Гісторыя беларускі, якая паведамляе родным загінулых каліноўцаў пра іх гібель1

Аргенціна выйграла Кубак Амерыкі па футболе — і гэта таксама рэкорд

Як адразу пасля замаху на Трампа сацсеткі запоўнілі тэорыі змовы і пры чым тут Ілан Маск25

У Брэсце закансервуюць руіны 400-гадовага кляштара. Гэта адзінае збудаванне, што засталося ад гістарычнага Берасця4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі просяць у беларусаў за мяжой паведаміць свой адрас ці выслаць дамову арэнды. Што вядома?

Сілавікі просяць у беларусаў за мяжой паведаміць свой адрас ці выслаць дамову арэнды. Што вядома?

Галоўнае
Усе навіны →