Літаратура33

«Займацца рэдкімі мовамі — быць у авангардзе, а не дыназаўрам». Нямецкая перакладчыца расказала аб працы з беларускай мовай

Ціна Вюншман нядаўна пераклала з беларускай мовы на нямецкую аповесць «Па што ідзеш, воўча?» Святланы Курс (псеўданім Ева Вежнавец). Кніга патрапіла ў шорт-ліст Міжнароднай літаратурнай прэміі, якую прысуджаюць за выдатны твор сучаснай замежнай літаратуры ў яго першым нямецкім перакладзе. Deutshche Welle паразмаўляла з Цінай Вюншман пра цяжкасці перакладу, гістарычныя сувязі ў кнізе і сям'ю, беларускую вёску, а таксама пра тое, як быць перакладчыцай з беларускай мовы ў Германіі.

— Як вы даведаліся пра кнігу «Па што ідзеш, воўча?», чаму вырашылі перакласці яе на нямецкую?

Дзесяць гадоў таму я пераклала на нямецкую два апавяданні Святланы Курс з яе першай кнігі «Шлях дробнай сволачы». З таго часу я сачыла за тым, што яна робіць, і чакала чагосьці новага.

І вось у 2020 годзе выйшла новая кніга. Я звярнулася да выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм», і мне далі яе пачытаць. Пасля таго мне вельмі захацелася яе перакласці.

Выдавецтва «Жолнай» (Zsolnay) з Вены зацікавілася кнігай у пачатку 2022 года. Паколькі ўжо ішла вайна, я прапанавала зрабіць пераклад як мага хутчэй. Бо гэтая кніга так сцісла і выразна паказвае, што такое вайна. У лютым 2023 года яна выйшла па-нямецку.

— На думку журы Міжнароднай літаратурнай прэміі, у шорт-ліст якой патрапіла кніга, гэта — «жорсткая гісторыя XX стагоддзя, ад сталінскіх чыстак да злачынстваў немцаў». Ці цяжка вам было займацца гэтай тэмай?

— Я даўно займаюся гісторыяй Усходняй Еўропы і шмат чытала пра яе. Я радая, што нехта змог напісаць пра гэта так дакладна, ясна і коратка, таму што лічу, што менавіта так гэта і трэба фармуляваць. Вядома, можна было б напісаць пра гэта тысячу старонак. Але вялікая моц і адна з прычын, чаму кнігу намінавалі на гэтую прэмію, — гэта прагматычная лаканічнасць, якая, аднак, не чэрства, а вельмі інтэнсіўна апісвае ўсё гэтае стагоддзе.

Я шмат разважала пра гісторыю сваёй сям'і. Мы на іншым баку гісторыі, і, магчыма, менавіта таму першы пераклад кнігі быў на нямецкую. Бо немцы гралі важную ролю ў гісторыі Беларусі. У жорсткім, а не ў станоўчым сэнсе.

Вось чаму важна, каб кнігу чыталі тут. З яе, апроч усяго гвалту, можна шмат даведацца пра жыццё ў Савецкім Саюзе, часы перабудовы, пра людзей, жывёл, прыроду, жыццё ў вёсцы, на балоце.

— Якія цяжкасці ўзнікалі пры перакладзе? Як вы знаходзілі значэнне рэдкіх слоў, якія ўжываюць жыхары беларускай вёскі?

— Мне пашанцавала, я магла спытаць Святлану аб чым заўгодна. Я часта адпраўляла ёй словы і пыталася, што гэта значыць. Напрыклад, «мачары» і «цьхумара». Калі іх пагугліць, то выходзяць назвы грузінскіх сёлаў. Насамрэч, першае — гэта ямы на балоце, калі на іх стаць, можна патануць. Другое слова складзена з двух — «цьху» і «мара». Вы як быццам плюяце на багіню Мару, маецца на ўвазе «мяне не хвалюе».

— Вы калі-небудзь былі ў беларускай вёсцы?

— Шмат разоў, і гэта было вельмі важна. Праўда, не ў тым рэгіёне, пра які расказваецца ў кнізе, а на поўдні, каля Пінска. У размовах з людзьмі там, думаю, у мяне і развіліся гэтыя захапленне і цікавасць да Беларусі. Бо нашы гісторыі так цесна звязаныя. Мы сустракалі там шмат пажылых людзей, якія расказалі нам пра сваё мінулае ў якасці прымусовых рабочых у Германіі з адкрытасцю і ветлівасцю, якая вельмі, вельмі здзіўляла і ўражвала нас, маладых немцаў.

У маіх бабулі і дзядулі таксама была свая гаспадарка і фруктовы сад. Таму пра такія рэчы, як хлеў, хатняя жывёла ці прышчэпкі яблынь я ведаю з дзяцінства. Гэта дапамагала мне знайсці адпаведныя словы ў нямецкай. Хоць неяк дзіўна было звяртацца да досведу сваіх нямецкіх бабуль і дзядуляў для пошуку мовы беларусаў, міма якіх у 1941 годзе праязджаў мой нямецкі дзядуля, калі быў на вайне.

— Перакладчыкаў з беларускай мовы ў Германіі няшмат. Ці адчуваеце вы сябе ў некаторым родзе дыназаўрам?

— Я вывучала польскую і рускую, а затым знайшла для сябе беларускую. Магчыма, таму што папярэднія дзве мне надакучылі. Я крыху вучыла беларускую ў Мінску 20 гадоў таму. Але ў асноўным гэта было саманавучанне.

Я неймаверна ўдзячная ўсім, хто на працягу многіх гадоў паслядоўна размаўляў са мной па-беларуску, таму што заўсёды ёсць альтэрнатыва, што, вядома, ускладняе задачу. Але я заўсёды як быццам чакала чагосьці, з-за чаго яно таго было вартае. У выніку гэтым і стала кніга Святланы. У ёй усё сышлося, і я змагла выкарыстаць усё, чаму вучылася.

Раней многія творы спачатку перакладалі з беларускай на рускую, каб потым перакласці іх на нямецкую.

Пераклад з беларускай на нямецкую — рэдкасць. Але я лічу, што займацца рэдкімі мовамі — гэта значыць быць у авангардзе, а не дыназаўрам. Гэта цудоўная прафесія, хоць аднымі перакладамі з беларускай сям'ю не пракарміць.

Хаця з 2020 года цікавасць да беларускай літаратуры вырасла, і, спадзяюся, гэта будзе працягвацца. У гэтым плане намінацыя на прэмію вельмі важная. А яшчэ цікава і прыемна ўбачыць кнігу ў глабальным кантэксце, побач з літаратурай Лацінскай Амерыкі, Азіі і ўсяго свету.

Каментары3

  • Deutsch.land
    25.09.2023
    Лепей такую немку ў Міністэрства адукацыі чым тутэйшага са знакам якасьці на дупе ды з расійскім пашпартам упрыдачу
  • Алек. Ру
    26.09.2023
    Зараз на Беларус міністэрства не адукацыі, а непісьменнасці, І кадлубай яго чорны сымбаль
  • Вероятный
    26.09.2023
    "Рэдкая" мова з 9 млн. патэнцыйных носьбітаў… 

    Замест народу - чмыры. Нават свяціўся год пяць таму беларусафоб з такім прозвішчам. 

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС6

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас мемарыяльных мерапрыемстваў у Аўшвіцы Ціханоўская сустрэлася з Чарльзам Кушнерам8

У Сумах шахед ударыў па шматпавярховіку: чатыры чалавекі загінулі, дзевяць параненых

Злодзей залез у кватэру праз дах, спусціўшыся ў кватэру праз паверх на вяроўцы

Трамп вышле студэнтаў, што падтрымалі напад ХАМАС на Ізраіль10

«Транзіт можа адбыцца толькі пад Колю». Латушка прапануе ўважліва сачыць за кар'ерай малодшага сына Лукашэнкі13

Жыхар Магілёва прадае 20-капеечную манету за 480 рублёў. У чым яе асаблівасць?2

Лідар групоўкі ХТШ Ахмед аль-Шараа абвешчаны часовым прэзідэнтам Сірыі1

У Вашынгтоне ўпаў пасажырскі самалёт, сутыкнуўшыся з верталётам. На борце былі 64 чалавекі1

У Лідзе вызначыліся, як будзе выглядаць помнік паэту Валянціну Таўлаю ФОТА3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС6

Карпенка не выключыў, што прэзідэнта будуць абіраць праз УНС

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць