Вызначылі, як будуць здаваць моўны тэст ахвотныя атрымаць беларускае грамадзянства
У Беларусі зацвердзілі інструкцыю па ацэнцы ўзроўню ведання адной з дзяржаўных моў у межах, неабходных для зносін, для асобы, якая падае заяву аб набыцці беларускага грамадзянства. Зроблена гэта пастановай МУС і МЗС ад 22 чэрвеня 2023 года № 138/9, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.
Паводле зацверджаных правіл, заяўнік мае выконваць тэст у пісьмовай форме. Ягоныя пытанні зацвярджаюцца першым намеснікам міністра ўнутраных спраў і перыядычна абнаўляюцца не радзей за адзін раз на 5 гадоў.
Рыхтуе пытанні Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС з удзелам супрацоўнікаў устаноў адукацыі. Праводзіць тэст службовая асоба органа ўнутраных спраў або органа дыпламатычнай службы, які прымае дакументы наконт набыцця грамадзянства.
Выбірае, якую дзяржаўную мову будзе здаваць, заяўнік, абедзве ведаць не патрабуецца.
На выкананне тэсту адводзіцца 45 хвілін. Адказы запаўняюцца ў прысутнасці службовай асобы разборлівым почыркам.
Выкарыстанне прылад для прыёму, захоўвання, перадачы звестак, а таксама даведачнай інфармацыі на любым носьбіце не дазваляецца. Калі заяўнік праз фізічныя недахопы або хваробы не можа ўласнаручна выканаць і падпісаць тэст, дапускаецца запаўненне тэста са слоў заяўніка службовай асобай.
Вынікі тэставання лічацца адмоўнымі пры колькасці правільных адказаў меншай за 60 працэнтаў, пры парушэнні парадку тэставання, пры адмове ад тэставання.
Каментары
"Ne duric' mne bashka svoi belaruskiy mova!"