Грамадства3131

«Я не згодны з тэрмінам «раскол». Мацвей Купрэйчык — пра міліцэйскае мінулае, прастытутку Ламбаду ў аддзеле, сітуацыю ў «Байполе» і назву «Белпол»

Мацвей Купрэйчык стаў заўважнай медыйнай асобай пасля канфлікту ў аб’яднанні былых сілавікоў «Байпол». Але сам ён не згодны з тым, што яго імя атаесамляюць са скандалам. У вялікім інтэрв'ю «Нашай Ніве» ён расказвае пра сваё міліцэйскае мінулае, прастытутку Ламбаду на «службе» ў яго аддзела, называе прычыны канфлікту і тлумачыць, чаму назвай узялі «Белпол».

Мацвей Купрэйчык. Скрыншот відэа YouTube-канала «Белпол»

«Маёй працай было выкрыццё педафілаў, сутэнёраў»

«Наша Ніва»: Спадар Купрэйчык, які ў вас статус у «Белполе»? Вы там кіраўнік?

Мацвей Купрэйчык: Я прадстаўнік арганізацыі, яе медыйная асоба. Большая частка арганізацыі з меркаванняў бяспекі пазбягае публічнасці. Таму я прадстаўнік «Белпол».

Публічнай асобай я быў з самага першага дня стварэння «Байпола». Рэгулярна з’яўляўся ў медыйнай прасторы. Таму нельга ўспрымаць мяне асобай, якую спарадзіў канфлікт у «Байполе».

«НН»: Вы былы супрацоўнік міліцыі. Дзе і кім вы служылі?

МК: Я адвучыўся ў Акадэміі МУС 5 гадоў. Па сканчэнні трапіў ва ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі мінскай гарадской міліцыі. Рабіў у аддзеле нораваў.

Рапарт аб звальненні Мацвея Купрэйчыка. Фота: сацыяльныя сеткі

Маёй працай было выкрыццё педафілаў, сутэнёраў, прастытутак. Таксама выяўляў каналы распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце.

Сваю працу лічу вельмі важнай. У мяне ў той час былі дзве пляменніцы, і мне было важна разумець, што я іх бараню ад такіх негатыўных з'яў. Працаваў сумленна і закон не парушаў.

Звольніўся ў званні старшага лейтэнанта. Разам з навучаннем у Акадэміі адслужыў у органах 8 гадоў.

Добра разбіраюся ў кампʼютарах. Вучыўся ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці інжынер-праграміст, але не скончыў яго. Заставалася толькі здаць дыпломную працу.

«НН»: Чаму пайшлі ў міліцыю і як, на ваш погляд, складвалася ваша кар’ера?

МК: Мой бацька служыў у Дэпартаменце аховы. Ён ужо на пенсіі. З маці вымушаны быў з’ехаць з краіны праз рэпрэсіі.

Пайсці ў міліцыю быў мой свядомы выбар.

У дзяцінстве я глядзеў шмат фільмаў пра паліцэйскіх. Мяне захапляла рамантыка вышуковай працы, затрыманні крымінальных аўтарытэтаў.

Кар’ера ў мяне складалася добра. Адразу па заканчэнні акадэміі мне прапанавалі пайсці не на «зямлю», а ў Галоўнае ўпраўленне Міністэрства ўнутраных спраў па Мінску.

Першыя паўгода было цяжка, бо не меў ніякага досведу, але ўцягнуўся. Былі і гучныя затрыманні, добра ладзіў з людзьмі.

Напрыклад, удзельнічаў і дапамог у выкрыцці педафіла, які вырабляў дзіцячую парнаграфію. Займаўся ён гэтым ва Украіне і Беларусі. У справе я быў задзейнічаны як аналітык. Была інфармацыя, што ён выязджаў з Мінска на чырвоным легкавіку. Трэба было вызначыць, куды ён ездзіць. Мне ўдалося вылічыць гэта.

У мяне былі распрацоўкі аб выяўленні каналаў распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі ў сацыяльных сетках. Па адной з іх была распачатая справа па 20 крымінальных артыкулах.

«Нехта з калегаў данёс на мяне»

«НН»: Вы звольніліся падчас пратэстаў у 2020 годзе. Чаму ў гэты час вырашылі пакінуць службу?

МК: 3 верасня 2020 года я напісаў заяву аб звальненні.

З нашым аддзелам шчыльна супрацоўнічала прастытутка з мянушкай Ламбада. Яе імя Алена Кузьміна. Яна прыносіла шмат інфармацыі. У студзені 2020 года яе спісалі, бо яна перастала быць карыснай.

У маі 2020-га, калі затрымлівалі Сяргея Ціханоўскага, то ў правакацыі супраць яго ўдзельнічала Ламбада. Яна была галоўнай яе гераіняй.

Увесь аддзел абмяркоўваў тое, што адбылося ў Гродне. Казалі: як так, яна ж супрацоўнічала з органамі, і тут раптам з’яўляецца ў горадзе, дзе не пражывае. Тады ў мяне нешта перашчоўкнула. Да гэтага я не цікавіўся палітыкай.

Для мяне галоўнай была праца. Калі ж пабачыў сцэну з правакацыяй супраць Ціханоўскага, прыйшло разуменне, што ў краіне адбываецца нешта не тое.

«НН»: А як звальняліся?

МК: У сярэдзіне ліпеня ў спартовай зале я атрымаў траўму і быў на бальнічным амаль 45 дзён. На працу выйшаў 18 жніўня.

Аляксандр Сазонаў. Фота: bseu.by

Тады кіраўнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Аляксандр Сазонаў (цяпер ён працуе ў Міністэрстве ўнутраных справаў) выклікаў мяне і яшчэ двух супрацоўнікаў, якія таксама былі на бальнічных, на ідэалагічную гутарку. Ён выпытваў у нас, ці можа ён стаяць з намі ў адным шыхце, ці можна на нас пакласціся.

Мы яму даводзілі, што ненармальна, калі б’юць людзей, і пыталі, чаму так адбываецца.

Я запісаў тую гутарку, і пазней мы яе выклалі ў канал «Байпол».

Сазонаў заўважыў, што я для яго ненадзейны супрацоўнік. Паколькі мяне доўга не было на службе, я распытваў калегаў, што адбываецца. Яны мне расказвалі жудасныя рэчы: як на Акрэсціне катавалі, збівалі людзей.

Мацвей Купрэйчык. Скрын відэа YouTube-канала «Страна для жизни»

Я выступаў супраць беззаконня, бо лічыў, што ўжыванне гвалту было неправамерным і беспадстаўным. 

Нехта з калегаў данёс на мяне Сазонаву. Ён выклікаў мяне і заявіў: калі я такі бэчэбэшнік, то са мною будзе разбірацца па-асабліваму, маўляў, не доўга табе засталося.

Пасля той гутаркі я звязаўся са сваім сябрам, які жыў у Еўропе. У 20-х днях жніўня сабраў дакументы на польскую працоўную візу і ў ноч з 3 на 4 верасня 2020-га пакінуў краіну.

«Не ведаю адкуль, такая жорсткасць у сілавікоў»

«НН»: Чаму супрацоўнікі сілавых структураў не сталі на бок пратэсту, хоць бачылі беззаконне, як лічыце?

МК: Усе супрацоўнікі міліцыі ведалі, што вусаты прайграў выбары. Тыя, хто знаходзіўся на ўчастках, бачылі фальсіфікацыі. Бачылі, колькі людзей прыходзіла галасаваць з белымі стужкамі ды складалі бюлетэні гармонікам.

Вельмі шмат супрацоўнікаў далучыліся да платформы «Голас». Нават з майго аддзела.

Але была такая пазіцыя ў былых калегаў: у мяне ж крэдыты, сям’я, дзеці, за навучанне мушу нешта плаціць.

Ужо потым, калі я працаваў у «Байполе» і мы гаварылі з супрацоўнікамі сістэмы, якія хацелі гаварыць, дык яны заяўлялі, што не бачылі арганізаванага пратэсту, у ім не было сілы і структуры. Калі б гэта ўсё было, дык перайшлі б на бок народу.

Супрацоўнікі міліцыі цудоўна ведалі, што пратэст не праплачаны. Разумелі, што людзі выходзілі пратэставаць, бо бачылі, што адбываецца ў краіне.

Калі 100 тысяч людзей стаялі супраць сцяны амапаўцаў і калі б пайшлі на іх, то сілавікі разбегліся б — у гэтым перакананы. Вусаты жа таксама на верталёце ўцякаць збіраўся, а калі пабачыў, што людзі развярнуліся і пайшлі ў другі бок, то стаў бегаць з аўтаматам без ражка.

«НН»: Ну добра, крэдыты, кватэры, сем’і, але адкуль у міліцыянтаў такая жорсткасць, нават схільнасць да садызму?

МК: Галоўнымі катамі былі супрацоўнікі АМАПа і ГУБАЗіКа. Кіраўнік ГУУС Мінгарвыканкама Кубракоў паказваў падначаленым, як трэба біць людзей.

Аднак вялікая колькасць супрацоўнікаў нікога не біла і нават дапамагала людзям.

Я не ведаю, адкуль такая жорсткасць. У нас была інфармацыя, што ў Савецкім РУУС на тумбе стаяла гарэлка. Пасля выпітага ў супрацоўнікаў мутнеў розум, і тады яны маглі б рабіць, што заўгодна.

«НН»: Але ўсе аддзелы міліцыі ператварылі ў катавальні. 

МК: Я лічу, што быў нейкі загад. 

Вядома, што кіраўнікі Савецкага, Фрунзенскага РУУС самі бралі ўдзел у гэтым. І калі яны паказвалі прыклад, то супрацоўнікі, якія вагаліся, пачыналі тое ж рабіць з затрыманымі.

Гэта не нармальна. Кожны супрацоўнік міліцыі працуе для таго, каб у краіне панаваў закон. І выходзіць, што яны забыліся пра тое.

«Напружвала непразрыстасць»

«НН»: Вы былі ў групе афіцэраў, якія заснавалі «Байпол». Гэта было ў 2020 годзе. Чым арганізацыя мелася займацца ў вашым тагачасным бачанні і ці апраўдаліся вашы чаканні?

МК: Калі мы сабраліся, гэта былі чатыры чалавекі:

Андрэй Астаповіч, які ініцыяваў стварэнне «Байпол», Уладзімір Жыгар, Ігар Лобан і я, Мацвей Купрэйчык.

У нас быў адзін кампʼютар і па адным мабільным тэлефоне. Мы ледзьве не на каленках пачыналі гэту справу. Шукалі крыніцы інфармацыі, людзей, гатовых з намі працаваць. Нам бачылася, што дадому мы вернемся хутка.

Першай нашай мэтаю было складанне праекта рэформы МУС і стварэнне прафсаюза міліцыянтаў для новай Беларусі.

Гэтыя мэты ператварыліся ў тое, што мы праводзілі расследаванні, выкрывалі злачынныя схемы рэжыму, выяўлялі «сэксотаў». Дапамагалі, каб уводзілі санкцыі супраць карнікаў.

Працы было зроблена шмат. На той момант я быў задаволены, як у нас усё выходзіла.

Каманда «Байпол» і Святлана Ціханоўская. Архіўнае фота

«НН»: Калі вы адчулі незадаволенасць тым, што адбываецца ў «Байполе»?

МК: Гэта пачалося, калі з арганізацыю пачалі пакідаць значныя для яе асобы. Адышоў Андрэй Астаповіч, Ігар Лобан, затым Алег Талерчык.

«НН»: Што было не так?

МК: Напружвала непразрыстасць у дзеянні кіраўніцтва. Але кіраўніка ў «Байполе» ніколі не было.

Калі мы стваралі аб’яднанне сілавікоў, была дамоўленасць, што ў арганізацыі кіраўнікоў не будзе. Былі адказныя за кірункі дзейнасці і ўсе рашэнні прымаліся галасаваннем.

Кіраўніцтва было самаабвешчаным. У арганізацыі заўжды паўставалі пытанні, хто сябе кіраўніком называе, а хто не.

Арганізацыю заснавалі чатыры чалавекі. Гэта была грамадская арганізацыя аб’яднання сілавікоў Беларусі «Байпол». Той жа Азараў далучыўся да яе пазней.

Аляксандр Азараў. Фота: «Наша Ніва»

Фонд «Байпол» ствараўся ў маі 2021 года толькі як тэхнічная частка. Ён павінен быў легалізаваць нас у краіне нашага часовага знаходжання: арэнда офіса, заключэнне працоўных дамоваў, правядзенне фінансавых выплатаў, сплата падаткаў.

Азараў быў прызначаны прэзідэнтам гэтага фонду толькі для выканання фармальных функцый. Такая пасада вымагала шмат папяровай працы. Ніхто не хацеў займацца ёю. Усе хацелі змагацца з рэжымам: праводзіць расследаванні, выкрываць злачынцаў.

З часам чалавек, які быў пастаўлены для фармальных функцый, пачаў прадстаўляцца кіраўніком «Байпол». У калектыве ў яго пыталі, чаму так кажа. Адказ быў такі: гэта не я так сказаў, а медыя падпісалі.

З гэтага пачаліся працоўныя, іміджавыя праблемы. Праблемы сталі выплываць вонкі.

Калектыў «Байпола» правёў галасаванне, і Азарава з Лупаносавым выключылі.

Аднак застаўся адзін момант. Юрыдычных паўнамоцтваў, каб выключыць іх з фонду, у нас не было. Таму яны засталіся ў ім.

Аднак з аб’яднання сілавікоў Беларусі мы іх выключылі.

«НН»: Ці шмат людзей вымушана было пакінуць арганізацыю праз незадаволенасць абстаноўкаю ў ёй?

МК: Ніякіх лічбаў не будзе. У нашай камандзе больш за 10 асобаў.

Скажу, што гэтыя асобы з вельмі вялікім прафесійным досведам. Яны маюць званні маёраў і падпалкоўнікаў. Большасць з іх непублічныя асобы.

Некаторых з іх Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета ведаюць па сумеснай працы. 

Чаму «Белпол»?

«НН»: Чым вы займаліся ў «Байполе» да расколу?

МК: Я не згодны з тэрмінам «раскол» у «Байполе». Я ўжо тлумачыў, чаму не раскол.

Удакладню: каб далей мы маглі працаваць, нам трэба было змяніць назву, бо юрыдычна назву «Байпол» мы выкарыстоўваць не маглі.

Таму назваліся «Белпол».

У «Байполе» я займаўся падрыхтоўкай відэарасследаванняў, злачынстваў рэжыму, праводзіў верыфікацыю людзей. Займаўся медыякіраваннем. Была ў мяне праца з крыніцамі ўнутры краіны. І іншымі сакрэтнымі задачамі.

«НН»: Чаму прыдумалі такую назву і як будзеце юрыдычна афармляцца?

МК: Дамен «Бай» зʼявіўся ў савецкі час, калі назва нашай краіны пісалі як «Белоруссия». Адсюль была «BY».

Цяпер, калі афіцыйная назва нашай краіны «Беларусь», то такім скарачэннем мусіць быць «BEL». Таму ў назве арганізацыі «BEL», а «POL» — паліцыя.

Прэзентацыйная абвестка «Белпола». Фота: тэлеграм-канал «Белпола»

Мы будзем адкрываць свой фонд, але ў нас ужо вызначана, што ён будзе існаваць для выканання адміністрацыйнай працы. Фонд забяспечыць нашу легалізацыю. Ён не будзе мець ніякага дачынення да працы аб’яднання сілавікоў Беларусі.

Усе пытанні будуць вырашацца толькі сходам усіх сяброў і кожны будзе мець свой адзін голас.

«НН»: Ці можна было не даводзіць сітуацыю ў арганізацыі да публічнага канфлікту, а вырашыць у межах калектыву?

МК: 90 працэнтаў сяброў, якія выключылі са складу арганізацыі трох асобаў, разумелі, што нельга дапусціць апублічвання канфлікту.

Мы пісьмова праінфармавалі Аб’яднаны пераходны кабінет. І спрабавалі без публічнага скандалу ўрэгуляваць сітуацыю.

Аднак спадар Азараў выйшаў у паблікі. Азараў абраў тактыку душыць аднаго чалавека. Ён лічыў, што я адзін і нічога не магу зрабіць.

 «НН»: Хвілінку. Вы згадалі дзвюх асобаў, а цяпер кажаце пра трох. Ці можаце назваць трэцюю асобу, якую выключылі з арганізацыі?

МК: Гэтая асоба непублічная, таму — не.

«НН»: З вашых слоў вынікае, што ў вас з Азаравым былі непаразуменні?

МК: Ён абраў такую тактыку, каб казаць пра аднаго чалавека, не паказваючы, што яго пакінулі ўсе. Але 90 працэнтаў арганізацыі разам са мною і я разам з імі. Мы адна каманда. 

Мы здолелі захаваць касцяк каманды. Мы ўжо, як я сказаў, далучылі Андрэя Астаповіча. Вядуцца перамовы з былымі супрацоўнікамі аб іх вяртанні ў арганізацыю.

«Белпол» — гэта аб’яднанне сілавікоў Беларусі. Ключавое слова — «аб’яднанне».

«НН»: А як складаваліся ў вас з Аляксандрам Азаравым стасункі? Было міжасабовае непрыманне адзін аднаго, так выглядае?

МК: Без каментароў.

«Нам напісалі сотні людзей, якія выказваюць давер»

«НН»: Што адбывалася ў арганізацыі пасля ўмяшання Ціханоўскай у канфлікт?

МК: Ціханоўская не ўмешвалася.

Мы папрасілі дапамагчы нам, бо Азараў не прыходзіў у офіс. А паколькі ён лічыцца прадстаўніком Кабінета, то мы звярнуліся туды па дапамогу. 

Звярнуліся таксама і да Святланы Ціханоўскай.

12 чэрвеня ў Варшаве была праведзеная нарада з яе ўдзелам, нашых прадстаўнікоў і групы Азарава. Былі дасягнутыя дамоўленасці. Нам не ўсё спадабалася, але мы пайшлі на кампраміс па некалькіх пытаннях. Быў складзены пратакол.

Пратакол і дамоўленасці не выконваюцца іншым бокам. Дагэтуль ніводнае пытанне не вырашана з тых, якія былі вызначаныя ў дамове.

«НН»: А што не выконваецца?

МК: Фінансавая дакументацыя фонду, напрыклад, нам не паказаная. Каб яе перадаць, не патрэбныя вялікія высілкі.

«НН»: Ці разумееце, што давер да арганізацыі страчаны і вярнуць яго будзе надта складана?

МК: Не згодны, што давер да арганізацыі страчаны.

Нашай камандай ужо праведзены шэраг сустрэч з многімі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і розных структур. Нам напісалі сотні людзей, якія нас падтрымліваюць і выказваюць давер.

Найбліжэйшым часам сваёй працаю і канкрэтнымі справамі мы пакажам, што давер мае пад сабою падставы.

Мы будзем працаваць на карысць народу Беларусі дзеля адной мэты — знішчэння рэжыму Лукашэнкі і вяртання дэмакратыі ў Беларусь.

«НН»: Чым будзе займацца новая арганізацыя «Белпол»?

МК: «Белпол» не новая арганізацыя. Я ўжо казаў, што мы з юрыдычных прычын вымушаныя былі змяніць назву. Мы правапераемнікі «Байполу». Мы толькі змянілі назву.

90 працэнтаў складу засталося ў арганізацыі. Да нас далучыўся Андрэй Астаповіч, што сведчыць пра сур’ёзныя нашы намеры. Займацца мы будзем амаль тым жа, чым займаўся раней «Байпол».

Публічная частка — гэта відэарасследаванні, дапамога па ўвядзенні санкцый, выкрыццё злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. 

Таксама будзе непублічная частка, пра якую мы не будзем нічога казаць.

«З асобамі, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, трэба паступаць паводле закону» 

«НН»: Паведамленні «Белпола» рускамоўныя. Якое стаўленне ў арганізацыі да беларускай мовы?

МК: Стаўленне нашай арганізацыі да роднай мовы станоўчае.

Амаль усе нашы супрацоўнікі вельмі добра валодаюць беларускай моваю. І я з вамі гавару па-беларуску.

Але трэба сказаць, што ў нашай краіне ёсць праблема: допісы, расследаванні на беларускай мове глядзяць не вельмі шмат людзей. Гэту праблему трэба вырашаць.

Асноўная наша задача, каб максімальная колькасць нашых людзей атрымлівала інфармацыю і дакладна яе ўспрымала. Для гэтага варта карыстацца і рускай моваю.

Мы плануем і будзем выдаваць частку нашых расследаванняў на беларускай мове.

«НН»: Якой бачыце Беларусь і сілавыя структуры пасля таго, як скончыцца тэрор супраць грамадства? Што трэба рабіць з удзельнікамі рэпрэсіяў?

МК: Пасля абрынання рэжыму Беларусь павінна стаць суверэннай, дэмакратычнай, еўрапейскай дзяржаваю. У ёй будуць выконвацца грамадзянскія правы і будзе панаваць вяршэнства права ды закону.

Што трэба рабіць з удзельнікамі рэпрэсіяў? Гэта вельмі складанае і дыскусійнае пытанне.

Пабіты міліцыянтамі ўдзельнік пратэстаў

З асобамі, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях і катавалі людзей, трэба паступаць паводле закону. Вінаватыя павінны панесці заслужанае пакаранне. Гэта абавязкова.

Згодна з заканадаўствам, супраць іх могуць прымяняцца розныя меры: смяротнае пакаранне, якое цяпер ёсць у Крымінальным кодэксе краіны, працяглыя тэрміны зняволення, але можа быць і амністыя.

Тым, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях і разлічвае на амністыю, трэба спыніцца і перайсці на бок народу.

«НН»: Пра вяртанне ў Беларусь. Калі тое можа адбыцца?

МК: Гэта складанае пытанне.

Калі я толькі прыехаў у Польшчу, то валізку не распакоўваў амаль паўгода. Штодня прачынаўся і думаў: вось-вось — і паедзем дадому. А азіраючыся, мы ўжо тут амаль тры гады.

Усе мы хочам вярнуцца дадому як мага хутчэй. Для гэтага трэба працаваць і працаваць. І не толькі тым, хто за мяжою, але і тым, хто ў самой Беларусі. Павінна быць разуменне, што не толькі «Белпол» ці хтосьці яшчэ прыедзе і вызваліць краіну. Кожны мае ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Храналогія канфлікту ў «Байполе» — што за чым адбылося

«Дык няўжо ж нам ніколі не склеіць, не сшыць BYPOL і BELPOL — дзве паловы мянтоўскай душы». Найлепшыя твіты тыдня

У каго цяпер даныя беларусаў, што пісалі ў чат-бот плана «Перамога»?

Дурнота ці здрада? Каментар «Нашай Нівы» пра сітуацыю ў «Байполе»

Станіслаў Лупаносаў пра Карпянкова, Кубракова, Церцеля і пра тое, як ідэнтыфікуюць пратэстоўцаў. Новы «Ток»

Каментары31

  • даведка
    09.07.2023
    У Матвея Купрейчика сразу после академии первым местом службы оказывается столичный главк МВД... 
    Он сам минчанин или "понаехавший" в первом поколении? И при этом через пять лет увольняется оттуда лишь в звании старшего лейтенанта, хотя должен был бы быть к тому моменту капитаном милиции.
  • даведка
    09.07.2023
    А только откинувшийся новый сотрудник ByPOL / BelPOL блогер Кабанов по званию майор или подполковник?
  • даведка
    09.07.2023
    Экс-сотрудник КГБ, о котором рассказала бегунья Тимановская, выбрал сторону добра или зла / ByPol или BelPol?

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа

Здароўеяк дапамагчы тым, у каго сыходзіць блізкі?

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа

Усе навіны →
Усе навіны

Арына Сабаленка вылецела з турніру ў Пекіне4

У мінскіх кватэрах сталі ўключаць ацяпленне

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі трэба паставіць помнік карове12

Футбаліста, які праламаў нагой патрыятычны банэр, дыскваліфікавалі на адну гульню

Цэслер расказаў, чым адметны яго боршч10

Бажэна Ярэміч пахвалілася, што Нацыянальная школа прыгажосці вучыць будучых настаўнікаў стылю1

У Лоеве сілавікі затрымалі мужчыну, які нібыта фатаграфаваў вайскоўцаў

Узарвалі аўтамабіль з начальнікам аховы Запарожскай АЭС1

Настаўнікаў прымушаюць паведамляць, чым яны занятыя на «фортачках» 4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа

Здароўеяк дапамагчы тым, у каго сыходзіць блізкі?

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа

Галоўнае
Усе навіны →