Беларускія дзеці паедуць у «Артэк» у Крыме. Пра гэта стала вядома падчас прэзентацыі «Клуба сяброў Расіі», якая прайшла ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, як перадае Sputnik.
— Многія гады на постсавецкай прасторы народы расколвалі, — заявіў кіраўнік партыі «Белая Русь» Алег Раманаў на прэзентацыі мерапрыемства і дадаў: — Мы сёння як ніколі маем патрэбу ў адзінстве.
На яго думку, на постсавецкай прасторы ёсць вялікі патэнцыял аднаўлення пасля ўзрушэнняў, патрэбныя новыя фарматы адзінства.
Алег Раманаў прыняў з рук сябра Вышэйшага савета «Адзінай Расіі» Андрэя Клімава сімвал міжнароднага культурнага марафону, які пачынаючы з 2014 года праходзіць у розных краінах Еўразіі. У жазло ўманціравалі капсулу з часціцай старажытнага дрэва з Урала.
На мерапрыемстве некалькім дзецям з Беларусі ўручылі пуцёўкі ў Міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк», які знаходзіцца ў анексаваным Крыме.
Стварэнне «Клуба сяброў Расіі» — ініцыятыва партыі «Адзіная Расія», якую падтрымалі іншыя партыі расійскага парламента. Увасабленнем ідэі займаюцца МЗС Расіі, Рассупрацоўніцтва і многія грамадскія арганізацыі.
Каментары