У Гомелі будуць судзіць журналістку за супрацоўніцтва з «Вясной» і «Белсатам»
Пракуратура перадала ў Гомельскі абласны суд крымінальную справу супраць 50-гадовай жыхаркі Гомеля, якую абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмізму» і «дыскрэдытацыі Беларусі». Яна нібыта перасылала інфармацыю праваабарончаму цэнтру «Вясна» і незалежнаму тэлеканалу «Белсат», як паведамляе ведамства.
Паводле версіі пракуратуры, гамяльчанка са жніўня 2020 года да снежня 2022 года выкладвала ў сеціве, «у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя лжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь».
Таксама яна нібыта «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя-, відэа-, фота— і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат».
Жанчыне выставілі абвінавачванні паводле арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Ёй пагражае пазбаўленне волі да сямі гадоў.
Імя і прозвішча абвінавачанай у паведамленні не называюцца. Імаверна, гаворка ідзе пра экс-журналістку Ларысу Шчыракову, якую затрымалі ў Гомелі ў снежні 2022 года, як выказвае меркаванне «Люстэрка».
Тады ж стала вядома, што ў дачыненні да яе распачалі крымінальную справу па артыкуле аб дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК).
Шчыракова — вядомая ў Гомелі журналістка. Да 2021 года яна супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў. Здымала дакументальныя фільмы, вяла свой праект ушанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя».
З адукацыі Шчыракова — выкладчыца англійскай мовы. Раней яна кіравала краязнаўчай арганізацыяй «Талака» (ліквідаваная ўладамі). У апошнія месяцы экс-журналістка займалася этнафотасесіямі — фатаграфавала людзей у беларускіх нацыянальных касцюмах. У гэтым годзе яна таксама паступіла на факультэт псіхалогіі.
Нягледзячы на пагрозы, Ларыса Шчыракова прынцыпова заставалася ў Беларусі. Пасля арышту яе сына-падлетка забралі ў прытулак, адкуль вярнуць Святаслава здолеў муж, што прыехаў з Сібіры.
Каментары