Пуцін учора назваў абстрэлы жылых раёнаў бессэнсоўнымі. Праз некалькі гадзін Расія нанесла ўдар па пяціпавярховіку ў Крывым Рогу
У выніку ўдару загінулі 10 чалавек, пацярпелі 28, з іх 12 знаходзяцца ў бальніцах.
Удар па горадзе быў нанесены крылатымі ракетамі. Тры з іх былі знішчаны сіламі СПА. Іншыя, акрамя пяціпавярховага дома, паразілі склад, прадпрыемства (там загінуў яшчэ адзін чалавек), падраздзяленне ратавальнікаў і яшчэ адзін аб'ект.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 12 чэрвеня называў удары па жылых раёнах «бессэнсоўнымі»:
«Навошта праціўнік б'е па жылых кварталах, я ніяк не магу зразумець. Дзеля чаго, навошта, у чым сэнс? І па відавочна гуманітарных аб'ектах — гэта дзіўна проста, бо сэнсу няма ніякага. Які сэнс у гэтым? Ваеннага сэнсу няма ніякага, [ён] нулявы».
Мінабароны Расіі з самага пачатку вайны пасля пападанняў ракет у дамы заяўляе, што высокадакладнай зброяй былі атакаваныя «ваенныя» цэлі, і адмаўляецца браць адказнасць за гібель мірных жыхароў.
Каментары