Спецдакладчык ААН: Беларускія арганізацыі дасылаюць еўрапейскім палітыкам спісы палітвязняў на абмен
Нілс Муйжніекс, спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі, расказаў, што думае пра магчымасць абмену палітвязняў і калі бачыць для Беларусі акно магчымасцяў.

Муйжніекс падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні адзначыў, што на думку Анаіс Марэн, яго папярэдніцы на гэтай пасадзе, выбары ў Беларусі — каталізатар парушэння правоў чалавека ў краіне. Так адбывалася заўжды, і перад цяперашнімі выбарамі ўсё паўтараецца.
Спецдакладчык кажа, што беларускія НДА актыўна дасылаюць еўрапейскім палітыкам спісы палітвязняў, якія могуць быць выкарыстаныя пры падрыхтоўкі абмену зняволенымі — такога, які адбыўся паміж Расіяй і Захадам 1 жніўня 2024 года. Паводле слоў Муйжніекса, ёсць надзея, што можа мець месца новы абмен такога кшталту.
З іншага боку, Муйжніекс мае змешаныя пачуцці наконт ідэі абмену зняволенымі:
«Кожнае жыццё вартае таго, каб паспрабаваць яго выратаваць. Калі адзіны спосаб для гэтага — абмен, то такую магчымасць мусяць разгледзець тыя, хто мае для гэтага магчымасць. Я не маю такой магчымасці, я не трымаю ў падвале затрыманых агентаў КДБ. З іншага боку, гэта можа спрыяць таму, што расійскі і беларускі рэжымы пачнуць браць закладнікаў.
Пытанне абмену не датычыць майго мандату. І тут мая найвялікшая занепакоенасць — тое, што пасля такога абмену затрыманні людзей працягнуцца. Калі абмены і адбудуцца, я б хацеў, каб пасля іх скончыліся затрыманні».
Спецдакладчык ААН глядзіць на Беларусь з аптымізмам — на яго думку, у бліжэйшыя некалькі гадоў краіну чакаюць перамены:
«Вайна ва Украіне скончыцца тым ці іншым чынам у бліжэйшыя некалькі гадоў. Мы не ведаем, як гэта адбудзецца, але калі яна скончыцца, гэта адаб’ецца на Беларусі, таму што Беларусь настолькі ўцягнутая ў яе. І я ўпэўнены, што некалі ў наступныя гады краіну чакае змена ўлады».
Муйжніекс разважае, што ў такіх рэпрэсіўных дзяржавах, як цяперашняя Беларусь, перыяд змены ўлады можа быць складаным, і для краіны гэта адкрывае акно магчымасцяў. Яшчэ адзін шанс для пераменаў — тое, што і ў Беларусі, і ў Расіі цяпер вялікія складанасці ў эканоміцы. Таму, падсумоўвае спецдакладчык, можна спадзявацца на перамены ў краіне ў бліжэйшыя 3-6 гадоў.
Таксама Муйжніекс выказаўся наконт практыкі справаздач па Беларусі, якія ўжо шмат гадоў з’яўляюцца аднымі з вынікаў працы спецдакладчыкаў ААН па нашай краіне. На яго думку, гэтая праца ўздымае палітычны кошт працягу рэпрэсій. Акрамя гэтага, ёсць неабходнасць інфармаваць Захад пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, і ў гэтым плане праца спецдакладчыка можа быць карыснай.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары