Меркаванні1616

«Ойча Максіме, навошта вы пайшлі на гэтую вайну?» Ліст мінскаму протадыякану Логвінаву, які запісаўся на фронт за Расію, ад яго прыхаджанкі

Учора стала вядома, што протадыякан Максім Логвінаў з мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора пайшоў добраахвотнікам на фронт за расійскую ўладу. Яго былая прыхаджанка даслала ліст у Рэдакцыю, які хацела б адрасаваць протадыякану.

Протадыякан Максім Логвінаў

«Вітаю, айча Максіме.

Даўно не бачыліся, а шкада. Абняла б вас з радасцю, вось шчыра. Нават нягледзячы на тое, што цяпер мы з вамі па розныя бакі барыкад — ці нават, страшна сказаць, па розныя бакі фронту.

Думала пра тое, каб крышку больш распавесці пра сябе ў гэтым лісце, але наўрад ці гэта трэба. Упэўненая: шмат з таго, што жадаю вам сказаць, вам паведамілі б і іншыя прыхаджане, галоўнае — каб знаходзіліся сілы і жаданне іх пачуць.

Прачытала ўчора, што вы пайшлі на фронт за расійскую ўладу. Не адразу разабралася ў сваіх пачуццях на гэты конт. Не магу сказаць, што адчуваю нейкае расчараванне, бо за час са жніўня 2020-га мы ўсе сталі мацнейшыя і разбіць нам сэрца не так проста. Дакладна адчуваю да вас любоў, як і тады, як калі мы прычашчаліся з адной Чашы і маліліся з вамі разам. Памятаеце, як у пасланні апостала Паўла да Карынфян? «Любоў ніколі не знікне, калі нават прароцтвы знікнуць, калі мовы змоўкнуць, калі веданне знішчыцца». Вось і тут так.

Я веру, што вы — добры чалавек. Мне блізкая думка булгакаўскага Ешуа пра тое, што ўсе людзі добрыя, злых людзей няма на свеце. Ніколі не бачыла з вашага боку праяў нейкіх недастойных пачуццяў, за выключэннем мо стаўлення да паважанай Наталлі Васілевіч. Бачыла вас здольным на нейкую дабрыню, што хавалася за вашай брутальнай знешнасцю і паводзінамі.

Я спадзяюся, і цяпер яна дапаможа вам мяне пачуць.

Айцец Максім, навошта вы пайшлі на гэтую вайну? Ведаючы вас, напэўна, гэта быў голас сэрца. Але гэтая вайна, гэты канфлікт, які пачаўся яшчэ да лютага 2022 года, прыносіць боль не толькі расіянам, але і ўкраінцам, і чаму ваша сэрца іх не чуе?

Я не буду спасылацца на нейкія канкрэтныя гісторыі, на лічбы загінулых, бо вы, напэўна, назавяце іх фэйкамі (даруйце, калі не так). Але, як хрысціянін, вы не можаце быць за вайну, за смерць, за слёзы, за тое, каб маці хавалі дзяцей, за тое, каб людзі забівалі адзін аднаго, я не магу паверыць у тое, што вы за гэта.

Ва Украіне, айцец Максім, нашы браты і сёстры, і калі яны не ходзяць у храмы Маскоўскага патрыярхату, яны не перастаюць быць нашымі братамі і сёстрамі, хіба не?

Браце мой у Хрысце, мы разам маліліся і прычашчаліся, дык чаму ж мы адчуваем гэта настолькі па-рознаму? Што з намі здарылася? Веру, што боль разрывае і ваша сэрца, але чаму ж вы гэтым сваім крокам блаславілі вайну?

Айцец Максім, навошта гэтая вайна? Вы можаце сказаць самому сабе, за што вы змагаецеся? За жыхароў Данбаса? За гонар Расіі? За тое, каб НАТА не пасунулася бліжэй да Расіі?

Ці за нешта яшчэ? Не буду казаць пра сваё стаўленне да гэтых мэтаў, бо вы мяне не пачуеце, не жадаю па гэтай жа прычыне прыводзіць нейкія рацыянальныя аргументы, якіх у мяне багата. Хутчэй, звярнуся да хрысціянскага ў вашай душы, бо кожная душа — хрысціянка. І запытаю: якія такія мэты, нават самыя добрыя, апраўдваюць вайну? Як казаў Хрыстос, дрэва пазнаецца па пладах, а якія плады ў таго, што робіць ва Украіне Расія?

А яшчэ, айцец Максім, я гутарыла з некаторымі вашымі суайчыннікамі, расіянамі. Ведаеце, у Расіі хапае тых, каму не падабаецца гэтая вайна, яны яе не хацелі. Думаеце, кожны расіянін гатовы пайсці на фронт, каб адстойваць — як вам можа падацца — сваё права жыць у міры? Ані! Шмат для каго гэтая вайна — хутчэй перадзел маёмасці паміж алігархамі, а яшчэ — перашкода на адчайнай спробе будаваць сваё жыццё.

Не, айцец Максім, не пераводзьце стрэлкі на ЗША і Еўропу. Ведаю, што там ёсць свае праблемы, але цяпер мы кажам пра наш лёс і пра наша жыццё, пра тое, за што нам адказваць перад Богам. Як па мне, важней за гэта і за нашых бліжніх нічога быць не можа, нездарма ж Бог паставіў нас у гэтыя абставіны.

Маю чыста тэхнічнае пытанне. Невядома, якую канкрэтна ролю вы выконваеце на фронце — ці ваюеце, ці вы там толькі вайсковы клірык. Калі паехалі на фронт праз ваенкамат, то наўрад ці ў якасці клірыка, хаця буду спадзявацца на іншае.

Але згадваю, што каноны не так проста ставяцца да тых, хто ваюе. Калі дакладней, то 13-е правіла свяціцеля Васіля Вялікага кажа: «Забойства на вайне айцы нашы не лічылі за забойства, даруючы, як мне здаецца, заступнікам цноты і набожнасці. Але, можа быць, было б добра парэкамендаваць, каб яны, як тыя, хто маюць нячыстыя рукі, тры гады ўтрымліваліся ад прылучэння толькі Святых Тайнаў». Прасцей кажучы, гэта адлучэнне ад Прычасця на тры гады. А вы служыце ў Мінску на Вялікдзень і будзеце, як і ўсе клірыкі, прычашчацца на велікоднай літургіі, хіба не?

Так дзіўна, айцец Максім, я пішу вам гэты ліст у Страсную Пятніцу — дзень, калі распялі Хрыста, самы сумны і цяжкі дзень у царкоўным календары. Відаць, ёсць у гэтым нейкі сэнс — мы ж з вамі ведаем, што ў Бога нічога не бывае проста так. Па-мойму, мы ўсе ў апошнія некалькі гадоў распінаем Хрыста, вам так не здаецца? 

Кожная наша Страсная Пятніца праходзіць з прадчуваннем Вялікдня, калі Хрыстос перамагае смерць, любоў і жыццё перамагаюць смерць. Дзве тысячы гадоў таму, калі распялі Хрыста, гэтага прадчування яшчэ не было, але Вялікдзень усё роўна прыйшоў, хаця яго і не чакалі.

Веру, што так будзе і цяпер, і за самымі цёмнымі часамі прыйдзе перамога любові і жыцця — хочаце вы таго ці не, але прыйдзе яна як перамога Украіны. Я жадаю вам пабачыць яе на свае вочы (а да таго часу не забіваць сваіх братоў і сясцёр і не дапамагаць у гэтым забойстве іншым).

Жадаю вам пабачыць свет, дзе не думаюць пра ворагаў з Захаду ці Усходу, а будуюць сваё жыццё, дзе замест турмаў ствараюць ракеты на Марс і лекі ад смяротных хваробаў, дзе палітвязень, якога вы цяпер можаце лічыць апошнім тэрарыстам, разам з вамі будзе стаяць на Літургіі і маліцца «Узлюбім адзін аднаго, каб у адзінадумнасці вызнаваць Айца, і Сына, і Святога Духа». Дзе не будзе больш болю і стрэлаў, бо Хрыстос сярод нас.

І ёсць, і будзе».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Протадыякан мінскага Петра-Паўлаўскага сабора пайшоў ваяваць за Расію. Веніямін блаславіў

Айцец Аляксандр Шрамко: Сярод праваслаўных святароў працэнт прыхільнікаў улады яшчэ меншы, чым у грамадстве

«Не трэба ўсіх сабак вешаць на Сталіна» — святары аб праваслаўным фэсце на «Лініі Сталіна»

Каментары16

  • не такі як ёсць
    14.04.2023
    Прычына простая і зразумелая: пакуль ты размаўляеш па-руску і з’яўляешся носьбітам рускай культуры і гісторыі, ты застаешся рускім, хоць многія беларусы і баяцца сабе ў гэтым поызнацца. Гэта праблема нашай краіны. Справа ў тым што беларусаў у ёй няшмат, а рускіх са знаам якасці багата
  • Жвір
    14.04.2023
    Gorliwy Litwin, а ты да кожнага ў пашпарт зазірнуў ? Гарантуеш ? І што яны менавіта на вайну свае паднашэньні манашкам перадалі таксама гарантуеш ? Вынікае, што чалавек вінаваты ў тым, што ён праваслаўны ?
  • Рустам
    14.04.2023
    [Рэд. выдалена]

Хто той палітвязень з Іванава, які выплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты і ўсё адно атрымаў вялікі тэрмін?

Хто той палітвязень з Іванава, які выплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты і ўсё адно атрымаў вялікі тэрмін?

Усе навіны →
Усе навіны

«Небяспечна». Карпенка патлумачыў, чаму не будзе ўчасткаў галасавання за мяжой9

143 пасажыры «Белавіі» не могуць вылецець з Санкт-Пецярбурга ў Мінск праз непагадзь1

Майстрыца з Польшчы робіць татуіроўкі, ад выгляду якіх можа ўкалыхаць3

Навуковец знайшоў пад Мінскам карал, якому больш за 400 мільёнаў гадоў8

У Румыніі пратэстуюць супраць скасавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў3

Парфёнаў пра Шагала: «Гэта рускі мадэрн, не існавала ніякага беларускага жывапісу»38

Выйшаў на свабоду 76-гадовы Сямён Добкін, брат заснавальніка EPAM8

«На працягу 30 гадоў незалежнасці беларускамоўныя бюлетэні задавальнялі ўсіх». Камуністы абвінавацілі Бондараву ў распальванні варожасці на моўнай глебе16

Канцэпт сферычнага дрона стаў сенсацыяй6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той палітвязень з Іванава, які выплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты і ўсё адно атрымаў вялікі тэрмін?

Хто той палітвязень з Іванава, які выплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты і ўсё адно атрымаў вялікі тэрмін?

Галоўнае
Усе навіны →