Грамадства22

Любіць дранікі з мясам, ужо прывык да беларускай бульбы і ведае некалькі беларускіх слоў. Камерунскі футбаліст расказаў, як яму жывецца ў Смаргоні

Поўнае імя гэтага чалавека — Крысціян Ролін Мпамезок Інтсоен, але ўсе завуць яго Крысам. Цэнтральны абаронца футбольнага клуба «Смаргонь» нарадзіўся і вырас у Камеруне, але наша краіна, па яго прызнанні, стала для яго другой радзімай. Пра тое, як ён тут жыве, Крыс расказаў раённай смаргонскай газеце «Светлы шлях».

— Раскажыце пра месца свайго нараджэння.

— Нарадзіўся я 21 ліпеня 1999 года ў невялікім мястэчку Абонг-Мбанг. Пазней мы пераехалі ў Бертуа, дзе цяпер і жывуць мае бацькі. У нас прыватны дом.

— У вас вялікая сям'я?

— Сямёра дзяцей. Я перадапошняе, шостае, дзіця ў сям'і. Для вас гэта вельмі вялікая сям'я.

— А для вас?

— Па нашых мерках — сярэдняя. У Камеруне ёсць сем'і, у якіх трое дзяцей. У мусульман, якія маюць дзве ці тры жонкі, можа быць 15 — 20 дзяцей.

— А вы якога веравызнання?

— Я каталік. Часта наведваю касцёл у Смаргоні. Першапачаткова на мяне ўсе дзіўна глядзелі. Не ведаю, што ў іх было ў думках… Але я ўжо прывык. Часам перад трэніроўкай заходжу ў касцёл памаліцца.

Мая жонка — праваслаўная. З ёй хаджу ў царкву, а яна са мной — у касцёл. Бог адзін. Сына плануем хрысціць у касцёле.

Вядома, службу на беларускай мове я не разумею, але ведаю парадак яе правядзення. Малюся на французскай мове.

— Гэта ваша родная мова?

— У Камеруне размаўляюць на дзвюх мовах — англійскай і французскай. Але я больш французскую ведаю. Мы на ёй размаўлялі дома. Англійскую ведаю на 70%.

— Раскажыце, як футбол стаў захапленнем.

— Мой тата — выкладчык фізкультуры. Калі ён быў маленькім, таксама гуляў у футбол. Калі б ён убачыў, што ў мяне дрэнна атрымліваецца, сказаў бы пра гэта.

Так было з маім малодшым братам. Тата прыходзіў глядзець, як ён гуляе. Але аднойчы пасля гульні сказаў: «Кідай футбол. Ты разумны, але лянівы. Ты не любіш працаваць. Лепш вучыся». Брат паслухаў тату. Цяпер ён вучыцца на фармацэўта.

Мне тата ніколі не сказаў, што я добра гуляю, але і не казаў, што трэба сыходзіць з спорту. Ён лічыў, што я магу больш.

Мама заўсёды была супраць майго захаплення. Яна нават не хацела чуць пра футбол. Лічыла, што трэба вучыцца. Нават аднойчы перад трэніроўкай мама выкінула ў смецце мае буцы. Яна працуе эканамістам. Усе мае браты і сёстры атрымалі адукацыю, таму яна кожны раз, калі тэлефануе, пытаецца, калі я пачну вучыцца.

Мама мае рацыю. Я разумею, што кар'ера футбаліста хутка заканчваецца. І што я буду потым рабіць? Цяпер мне складана вучыцца — трэніроўкі, сям'я. Магчыма, пазней паступлю на футбольнага агента.

Але калі мая мама даведалася, што мяне выбралі ў спартыўную акадэмію Каджы, дзе гуляў сам Самюэль Эта'О — легенда футбола нашай краіны, яна пагадзілася.

— Як атрымалася, што вы апынуліся ў Беларусі?

— Мой сябар гуляў у футбольнай камандзе Брэста. Ён сказаў, што тут добрыя людзі, таму мне захацелася сюды прыехаць. 10 снежня будзе 5 гадоў, як я жыву ў Беларусі.

Выдатна памятаю той дзень (усміхаецца). Тут я ўпершыню ўбачыў снег. Калі выйшаў з самалёта, падзьмуў моцны вецер. Не думаў, што будзе так холадна. Тыдзень нікуды не выходзіў з дому. Да гэтага часу не магу прывыкнуць да зімы.

— Не ўзнікала жадання вярнуцца назад?

— Ніколі. Мой тата вучыў мяне быць мужыком і пераадольваць любыя складаныя сітуацыі.

— Як складвалася ваша футбольная кар'ера?

— Некаторы час я трэніраваўся ў «СМІ-Аўтатранс» і «Тарпеда» (Мінск). Але ў каманду мяне не бралі, бо не было дазволу на жыхарства і я не быў студэнтам. Пазней падпісаў кантракт з футбольным клубам «Крумкачы», які гуляў у першай лізе. Ужо трэці год гуляю ў ФК «Смаргонь». Клуб зрабіў мне дазвол на жыхарства. Мая каманда — гэта другая сям'я.

— Вы добра размаўляеце на рускай мове…

— Рускую мову я вучыў на курсах у экалагічным інстытуце імя Сахарава. Было адчуванне, што я трапіў у дзіцячы сад. Нас вучылі вымаўляць літары і склады. Калі я засмяяўся, выкладчык сказала, што калі хачу добра размаўляць па-руску, то трэба вучыць яе як французскую ў дзяцінстве. Цяпер, вядома, я ведаю рускую значна лепш. Вучуся кожны дзень.

У Мінску я паступіў у Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва на спецыяльнасць «фінансы і крэдыт», як мая мама. Пасля першага семестра прыехаў у Смаргонь, таму не змог працягнуць навучанне.

— Беларускую мову яшчэ не засвоілі?

— Бабуля жонкі, калі прыходзіць да нас у госці, размаўляе са мной па-беларуску. Яна забывае, што я яе не разумею. Ведаю толькі некалькі слоў: «дзякуй», «кахаю».

— Як вам беларусы?

— Гэта спакойныя, добрыя людзі. Смаргонцы ўжо мяне любяць. Да мяне падыходзяць і дзякуюць за добрую гульню. Наогул, без заўзятараў футбол не той. Ад іх падтрымкі падчас гульні адкрываецца другое дыханне.

Беларусы, вядома, адрозніваюцца ад камерунцаў. Вы не вітаецеся з незнаёмымі людзьмі. У нас у Камеруне ўсе адно аднаму кажуць «прывітанне». Мы больш адкрытыя.

— Наша кухня падабаецца?

— Люблю дранікі з мясам. Ужо прывык да беларускай бульбы. Калі ў мяне выхадны, я гатую для жонкі стравы камерунскай кухні — таматную пасту і арахісавую пасту з рысам.

— Як адбылося ваша знаёмства з жонкай?

— Гэта была апошняя гульня сезона. Было дрэннае надвор'е, ішоў дождж. Пасля гульні я заўважыў на трыбуне дзяўчыну ў яркай салатавай куртцы. Адзін з гульцоў нашай каманды ведаў яе, пазней ён запрасіў яе пагуляць. Так мы пазнаёміліся.

Вераніка прыходзіць на кожную гульню на хатнім стадыёне. Цяпер у нас ужо падрастае сын Давыд, яму амаль 9 месяцаў.

— Як на гэта адрэагавалі вашы бацькі?

— Без праблем. Мама толькі спыталася, ці не супраць бацькі жонкі. Для маёй мамы гэта самае галоўнае. Яна радая, што ў мяне ўсё добра. Мы жывём у прыватным доме. Я раблю ўсё тое, што павінен рабіць мужчына ў Беларусі: кашу траву, чышчу снег, пілую.

Вераніка мае зносіны з маімі бацькамі, некалькі слоў на французскай мове яна ўжо ведае. Часта стэлефаноўваемся з малодшым братам, які вучыцца ў Марока. Старэйшыя сястра і брат жывуць у Францыі. Астатнія — у Камеруне.

Я вельмі сумую па сваёй сям'і. У наступным годзе планую паехаць да маіх бацькоў разам з жонкай і сынам.

Каментары2

  • дочка Максима Дизайнера
    10.04.2023
    "Яна працуе эканамістам. Усе мае браты і сёстры атрымалі адукацыю, таму яна кожны раз, калі тэлефануе, пытаецца, калі я пачну вучыцца.
    Мама мае рацыю. Я разумею, што кар'ера футбаліста хутка заканчваецца. І што я буду потым рабіць?"

    во гэта мама. рэспект 
  • Абу
    10.04.2023
    Для поўнай акультурацыі не хапае толькі ўцёкаў у Польшчу.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»29

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»29

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →