Усяго патроху

Як маладыя людзі шукаюць сяброў у сучасным свеце

Для старэйшага пакалення праца была адзіным месцам сувязі з іншымі людзьмі. Пасля пандэміі ўсё больш людзей перайшло на аддаленую працу. Без офісаў маладым людзям даводзіцца вынаходзіць новыя спосабы, каб заводзіць сяброў, піша BBC.

Фота: John Schnobrich / Unsplash

Заводзіць сяброў у пачатку кар'еры вельмі важна, асабліва для людзей у новым горадзе, у якіх няма ніякіх сувязяў. Сябры дапамагаюць нам падчас крызісаў на працы і ў асабістым жыцці, часам яны застаюцца падтрымкай на ўсё жыццё. У дарослыя гады знаходзіць сяброў складаней, чым у маладосці, аднак даследчыкі сцвярджаюць, што цяперашняй моладзі прыходзіцца не менш складана — асабліва так званаму «пакаленню Z», народжанаму з 1997-га па 2012-ты.

У многіх з гэтых маладых людзей не было ці няма магчымасці завесці трывалыя сяброўскія сувязі. Па-першае, на іх моцна паўплывалі абмежаванні падчас пандэміі ў 2020-2021 гады: знаходзіць новых сяброў тады было вельмі складана, таму ўсе сяброўскія суполкі развальваліся ці скарачаліся. Па-другое, пасляпандэмійны трэнд на выдаленую ці гібрыдную працу — таксама не паспрыяў усталяванню надзейных сувязяў.

Крэатыўныя падыходы да пошуку сяброў

Маладыя людзі вынаходзяць новыя спосабы завядзення знаёмстваў.

Лос-анджэлескае агенцтва па даследаванні рынку Talk Shoppe ўзяло інтэрв'ю ў міленіялаў і зумераў пра іх стасункі з сябрамі падчас пандэміі.

Старшы менеджар даследавання Джойс Чуінкам выявіў, што пакаленне Z больш адкрытае да пошуку новых сяброў у інтэрнэце з дапамогай такіх сродкаў, як мабільны дадатак Bumble BFF і групы па інтарэсах у фэйсбуку. Аднак мабільныя дадаткі многіх адштурхоўваюць, бо яны часта прыспешваюць сустрэчу сам-насам — гэта выклікае трывогу, як перад першым спатканнем, адзначылі ўдзельнікі даследавання. Пакаленне Z адчувала, што іх шанцы заводзіць сяброў былі вышэйшыя, калі яны знаёміліся праз групы ў фэйсбуку, якія часта ствараюцца вакол агульных захапленняў, а таксама ўяўляюць «больш зручны спосаб пазнаёміцца з людзьмі», чым адносіны тэт-а-тэт у мабільных дадатках.

Наяўныя інтэрнэт-сродкі наладжвання кантактаў дапамагаюць не ўсім зумерам. Таму некаторыя з іх стварылі ўласныя праграмы.

Напрыклад, у 2020 годзе Джэймі Лі, на той час студэнтка Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку, вучылася дыстанцыйна і шукала па-сапраўднаму шчырых зносін са сваімі аднагодкамі. Тым летам яна запусціла бэта-версію таго, што пасля стала яе дадаткам Flox, дзе групы сяброў маглі зарэгістравацца разам, каб сустрэцца з іншымі групамі сяброў. Для Лі здавалася больш натуральным спосабам падыходзіць да знаёмстваў такім чынам. Як яна сказала вэб-сайту тэхналагічных навін TechCrunch, людзі, як правіла, больш натуральна паводзяць сябе з сябрамі, якія ў іх ужо ёсць. Знаёмства з новымі людзьмі ў групе дазволіць ім быць самімі сабой і пазбавіць нервавання ў працэсе завязвання новых стасункаў.

Марыса Мэйз з Нью-Ёрка стварыла ўласны анлайн-хаб для пошуку сяброў. Гэтая, цяпер нацыянальная, група сустрэч No More Lonely Friends узнікла летам 2021-га. Тады 23-гадовая дзяўчына натрапіла на відэа ў TikTok, у якім незнаёмец папярэдзіў Марысу пра тое, што яе сябры плануюць наўмысна зладзіць вечарынку без яе. Каб знайсці новых — і лепшых — сяброў, Мэйз стварыла свой сэрвіс — анлайн-форму, праз якую людзі могуць зарэгістравацца для ўдзелу ў сустрэчах, якія яна ладзіць. Зараз дзяўчына хоча пашырыць платформу да таго, каб яна працавала і за мяжой.

Якім бы зручным месцам для знаёмстваў ні быў інтэрнэт, прывабнасць сустрэчы ўжывую для многіх не слабее. Пасля таго, як 23-гадовы Пранаў Аер скончыў каледж у Філадэльфіі (ЗША) у 2020 годзе, ён пераехаў у горад у Заходнім Мэрылендзе, каб працаваць у лабараторыі, але праца была цалкам аддаленай. «Я не думаю, што адчуваў сябе па-сапраўднаму блізкім з кім-небудзь … Можа быць, раз на тыдзень я сустракаўся з парай іншых людзей з лабараторыі, але на гэтым усё», — кажа ён. «Такім чынам, большую частку тыдня я проста сядзеў за сваім камп’ютарам».

Замест таго каб заводзіць новых сяброў там, дзе ён жыў, Аер абраў іншы падыход: ён рэгулярна вяртаўся ў Філадэльфію, каб умацаваць кола зносін, якое ўтварылася ў яго ў каледжы. Хоць аддаленая праца не дазваляла яму заводзіць новых сяброў у сваёй лабараторыі, яна дазваляла яму працаваць дзе заўгодна, таму ён мог заставацца ў Філадэльфіі падоўгу.

 

Сяброўства ў свеце постпандэміі

Пошук значных сяброўскіх адносін, якія стымулююць развіццё і пашыраюць гарызонты, — важны досвед для кожнага маладога чалавека, ён уплывае на ўсё астатняе жыццё. У юнацтве людзі намагаюцца зразумець, хто яны ёсць, і камусьці сябры могуць дапамагчы стаць значна лепшым.

«Мы бачым сябе праз нашых сяброў, і можам зразумець, якія мы, калі думаем і гаворым пра нашых сяброў», — кажа Джэніс МакКейб, асацыяваны прафесар сацыялогіі Дартмуцкага ўніверсітэта.

У рэшце рэшт, з-за таго, што зумеры «не мелі досведу заводзіць новых сяброў на працы, на што яны сапраўды маглі б абапірацца, каб адчуваць сябе сацыяльна звязанымі», маладыя людзі карэнным чынам мяняюць свае падыходы да таго, як яны стасуюцца паміж сабой, кажа Мірыям Кірмаер, клінічны псіхолаг і эксперт па сяброўстве з Манрэаля (Канада). Гэтыя змяненні таксама паўплывалі на традыцыйную ідэю пра тое, што праца функцыянуе як «цэнтр сяброўства і сацыяльных сувязяў».

Цяпер маладыя людзі вучацца зручным анлайн-метадам знаёмства з новымі людзьмі, а магчымасць працаваць аддалена дазваляе ім наведваць сваіх сяброў у розных кутках свету — замест таго, каб быць прывязанымі да пэўнага сацыяльнага асяродка. «Так, ім можа быць цяжка з-за сённяшніх нестабільных рэалій, але калі хтосьці і здольны выхаваць іх у свеце, які змяніўся, дык гэта яны самі», — кажа Джойс Чуінкам.

Каментары

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні6

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

Беларуская прапаганда пабаялася паказаць, што Верамейчыка вывозілі самалётамі «Белавія» і «Аэрафлота»2

На плоце магілёўскага прадпрыемства з'явіўся гістарычны мурал ФОТАФАКТ1

У Варшаве хлопец пагражаў нажом беларусу і ўкраінцы. Яму не спадабалася мова, на якой яны размаўлялі10

«Мне не далі жыцця — увесь час правяралі, трэціравалі». Былы палітвязень расказаў, чаму праз тры гады пасля вызвалення ўсё ж выехаў з Беларусі1

Расійскі блогер сыграў у S.T.A.L.K.E.R.2 і выразаў літару Z на забітым персанажы. Ён жыве ў ЗША7

Лукашэнка даў прытулак суддзі Шміту, які ўцёк з Польшчы2

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні6

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Галоўнае
Усе навіны →