Палата прадстаўнікоў прыняла змены, якія тычацца дзейнасці партый і грамадскіх аб’яднанняў
Змены будуць унесены ў Законы «Аб палітычных партыях» і «Аб грамадскіх абʼяднаннях».
Змены, якія тычацца дзейнасці партый:
— мінімальны парог для стварэння палітычнай партыі павялічаць да 5 000 чалавек;
— неабходна мець арганізацыйныя структуры палітычных партый у кожнай вобласці і Мінску, а таксама не менш чым у 1/3 раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання ва ўсіх абласцях краіны і не менш чым у 1/3 раёнаў Мінска;
— дазволяць фінансавацца за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовага бюджэту;
— заснавальнікамі палітычнай партыі могуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у краіне і дасягнулі 18-гадовага ўзросту;
— абіраць кіруючы орган палітычнай партыі трэба не радзей за адзін раз на пяць гадоў;
— абмяжоўваецца памер атрыманых грашовых сродкаў і іншай маёмасці ад адной арганізацыі або грамадзяніна да 1000 базавых велічынь на год;
— ліквідаваць палітычныя партыі могуць «у выпадку прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, іншай забароненай заканадаўствам дзейнасці, дзейнасці, якая наносіць шкоду дзяржаўным і (або) грамадскім інтарэсам», а таксама з-за атрымання грашовых сродкаў і іншай маёмасці з замежных крыніц;
— для ўсіх партый вызначаюцца ўніверсальныя асноўныя мэты і задачы, якія павінны быць замацаваны ў Статутах, нароўні з іншымі мэтамі і задачамі, спецыфічнымі для кожнай палітычнай партыі (гэта «забеспячэнне непахіснасці канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды, удзел у кіраванні дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў, садзейнічанне рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян і інш.»);
— перарэгістравацца палітычныя партый павінны на працягу 6 месяцаў.
Што датычыць зменаў у Закон «Аб грамадскіх абʼяднаннях», то з важнага пакуль вядома, што рэспубліканскія грамадскія абʼяднанні павінны мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях краіны і Мінску.
Каментары