Гэты тэкст — мае думкі наконт нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай ідэі. Гэта тэма не выходзіць у мяне з галавы недзе ўжо з год дзякуючы «Ідэі Х» Змітра Лукашука і іншым праграмам і пастам. Таму вырашыў паспрабаваць «афіцыйна» аформіць свае думкі, каб гадоў праз дзесяць мне пра гэты пост нагадаў ФБ і каб параўнаць, наколькі я змяніўся, піша ў фэйсбуку айцішнік з Каліфорніі Мікіта Белаглазаў.
Разважанні ў мяне эмігранцкія: жыву ў ЗША ўжо амаль 10 год. Рэгулярна прыязджаў у Беларусь (хутчэй у Менск), але ў асноўным я эмігрант.
Апошнія 2 гады мяне турбуе пытанне, навошта мне, чалавеку, які жыве ў Каліфорніі, працуе ў мясцовай кампаніі, нармальна асіміляваўся ў лакальнае жыццё, навошта мне гэтая ўся беларушчына, беларуская мова, кнігі, музыка? Тым больш мне блізкія людзі казалі, што гэта крок назад.
Адказы накшталт «па-іншаму не магу» ці «гэта Радзіма, і тут нічога не зробіш» мне не падабаюцца нейкім фаталізмам.
Сёння мой адказ самому сабе — мне гэта патрэбна, каб я не забіў на Беларусь.
Я веру, што людзі, калі ёсць магчымасць, мусяць дапамагаць адно аднаму. Але дапамагаць складана. І не толькі таму, што не дазваляюць рэсурсы, а проста таму, што складана хацець дапамагаць незнаёмым людзям. Родным ці сябрам — дапамагаць проста, знаёмым — трошкі складаней, сям'і з іншага горада, у якім ніколі не быў — яшчэ складаней. Пра дапамогу сям'і, якая жыве ва ўмоўным Конга, я ўвогуле маўчу, да гэтага мы яшчэ не дараслі.
Тут мне і дапамагае нацыянальная свядомасць, дапамагае адчуваць сувязь з незнаёмымі, часта вельмі непадобнымі да мяне людзьмі, якіх я ніколі не бачыў і не ўбачу. Дапамагае пераадолець прыроднае «якой халеры я буду нешта для кагосьці рабіць».
Пры гэтым я разумею, што сама ідэя нацыі — гэта штучнае, даволі новае ўтварэнне апошніх некалькіх стагоддзяў, яе няма ні ў якіх генах. Хутчэй гэта спосаб абысці чалавечыя інстынкты. Мне такі спосаб дапамагае.
Нам усім, асабліва тым, хто з’ехаў, прыналежнасць да нацыі патрэбна, каб не забіць. У 20-м годзе галоўным імпульсам пратэстаў была не нацыянальная ідэя, а адстойванне правоў, дэмакратыі, роўнасці, асабістай годнасці.
Шмат хто лічыць, што якраз гэта і патрэбна ў наш час, а нацыянальная свядомасць — гэта перажытак мінулага: за акном ХХІ стагоддзе як-ніяк. Але калі працягваць гэтую думку, то дзеля дасягнення мэты (правы, дэмакратыя) Беларусь не патрэбна.
Вядома, зручней, каб правы і дэмакратыя былі ў краіне, у якой вырас, жывеш і працуеш. Але калі стала відавочна, што хутка не атрымаецца, і давялося з’ехаць, то прасцей і рацыянальней асімілявацца ў новай краіне, таму што там ужо ёсць тыя рэчы, за якія змагаліся дома. А на Беларусь забыцца, і хай там будзе, што будзе.
Менавіта таму я не бачу магчымасці актыўна дапамагаць Беларусі падчас нашага марафону без нацыянальнага кампанента як галоўнай крыніцы нашай энергіі.
Падсумоўваючы маю думку,
для спрынту хапала агульначалавечых гуманістычных імкненняў да праў, свабод, роўнасці і дэмакратыі. А падчас марафону неабходны нацыянальны кампанент, інакш не дойдзем да фінішу, а разыдземся па розных кафэ на сярэдзіне дыстанцыі.
А я пакуль буду працягваць рабіць, чакаць і спадзявацца, што праз дзесяць год ФБ нагадае мне пра гэты пост. І я буду чытаць яго, седзячы ў Менску ў цёплым кафэ і ганарыцца, што дайшоў да фінішу.
Каментары
І ня глядзіце рускамоўны ютуб, інстрагам, цік ток і г.д.
Толькі беларускі ці іншаземны (англ. Іспанскі, нямецкі, французкі, г.д. па смаку)