Улады Пецярбурга выдзелілі «Алею доблесці» для пахавання байца ПВК «Вагнер» пасля скаргі Прыгожына
У адміністрацыі кіраўніка Пецярбурга Аляксандра Бяглова вырашылі выдзеліць участак на Белаастроўскіх могілках і назваць яго «Алея доблесці» для пахавання загінулага ў лістападзе байца ПВК «Вагнер» Дзмітрыя Меньшыкава.
У прэс-службе губернатара ўдакладнілі, што адміністрацыя могілак ужо абмеркавала пахаванне з законнымі прадстаўнікамі Меньшыкава. Рашэнне аб даце пахавання пакуль не прынятае.
Раней заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын паскардзіўся спікеру Дзярждумы Вячаславу Валодзіну на тое, што адміністрацыя Пецярбурга адмовіла ў пахаванні Меньшыкава на «Алеі славы» Белаастроўскіх могілак.
Са слоў Прыгожына, у Пецярбургу «стварылася антырасійская і антыпатрыятычная кааліцыя» на чале з Бягловым, якая рэгулярна парушае правы расійскіх удзельнікаў вайны.
Валодзін у адказ на ліст Прыгожына заклікаў не падзяляць «загінулых за Радзіму».
«На фронце ўсе роўныя: добраахвотнікі, байцы ПВК, вайскоўцы», — падкрэсліў дэпутат.
У пачатку кастрычніка Прыгожын абвінавачваў Бяглова ў каласальнай падтрымцы УСУ і ўшчамленні правоў байцоў ПВК «Вагнер».
Каментары