«Ганаруся, што мой сын — Сцёпа». Аляксандр Пуціла — пра «найгоршага» міністра спорту, баязлівых спартоўцаў і дынастыю Азаронкаў
Аляксандр Пуціла, спартыўны журналіст і каментатар, у 90-я працаваў на БТ, а пасля перайшоў на «Белсат». Да таго ж ён бацька самага паспяховага палітычнага блогера — Сцяпана Пуцілы, вядомага як «Нехта». Пра ўплыў на сына, дынастыю Азаронкаў, пра тое, чаму ў Беларусі няма спорту і чаму Навіцкі не ўпускае шанцу «лізнуць» Лукашэнку, Пуціла расказаў каналу «ЧестнОК».
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/2-kf5qi.jpg.webp)
Пуціла распавядае, што пачынаў ён з радыё. Спачатку прыйшоў у рэдакцыю галоўных спартыўных праграм тэлебачання і радыёвяшчання на Камуністычнай. А пасля журфака ў 1991 трапіў на тэлебачанне на Макаёнка. Ён кажа, гэта была яго мара з дзяцінства — каментаваць спорт. Яшчэ калі ў вёсцы глядзеў хакейныя рэпартажы — «Возераў натхніў на каментатарства».
Але прызнаецца, што «не дацягнуў да зорнасці Навіцкага і Новікава».
Пра Навіцкага і Новікава
З Уладзімірам Навіцкім, распавядае Аляксандр, ён пазнаёміўся на журфаку, тады на вуліцы Свярдлова. Той завочна вучыўся пасля політэхнічнага інстытута.
Але найперш ён пазнаёміўся з другой зоркай айчыннага каментатарства — Сяргеем Новікавым. Падчас аднаго з матчаў Аляксандр наўпрост да яго падышоў і спытаў: што трэба, каб стаць каментатарам? Той адказаў, што найперш трэба скончыць журфак. «Ну і ўсё, я пайшоў на журфак пасля войска».
«Новікаў — вялікая асоба, — гаворыць Пуціла. — Ён у Маскве цяпер жыве ці дзе. Хацеў неяк узяць у яго каментар пра гандбол, а ён адказаў, што даўно на пенсіі, не займаецца гандбольнымі справамі».
Уладзімір Навіцкі, які быццам пайшоў на пенсію, але працягвае каментаваць розныя лукашэнкаўскія мерапрыемствы, выклікае ў Пуцілы больш пытанняў. «Тое, што ён кватэру атрымаў, ну няўжо за гэта трэба дзякаваць Лукашэнку ўсё жыццё?»
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/1-4q0jh.jpg.webp)
Пуціла ўспамінае, што некалі Лукашэнка абразіў Навіцкага, адпусціў абразлівую рэмарку «ну куды такі мажны чалавек спорт каментуе?» І тады Навіцкага «трохі прыбралі, але потым вярнуўся — усё нармальна».
Пуціла распавядае, што Навіцкі тады перажываў, «ён увогуле такі чалавек адчувальны, увесь час пытаецца, а што там казалі пра мяне, пра рэпартаж? Ён вельмі гэтым пераймаўся, такі чалавек чуллівы, сентыментальны. Ніколі не было ад яго ні грубасці, ні раздражнення. І мне дзіўна нават, што ён так ахвотна ідзе да Лукашэнкі. Можа, баіцца, можа, баіцца адмовіць — не ведаю».
Пуціла мяркуе, што ў Навіцкага, як і ў іншых людзей працы, галоўнай матывацыяй была не прага да зорнасці (я іду — і ўсе мяне пазнаюць), а хутчэй адданасць прафесіі, працы, адданасць каментатарству.
«Па вялікім рахунку ў Беларусі — толькі Новікаў і Навіцкі», — рэзюмуе Пуціла.
Аляксандр кажа, што, калі здарылася трагедыя з сынам Навіцкага, ён хацеў патэлефанаваць, але не знайшоў слоў і не ведае, «ці будзе ён увогуле размаўляць».
Пра спорт і яго міністра
Пуціла лічыць цяперашняга міністра спорту Сяргея Кавальчука — «адназначна» найгоршым у гісторыі Беларусі. «Як ён так затрымаўся на пасадзе, я здзіўляюся, столькі развалу, ва ўсіх галінах, спорту няма. Выключна чалавек сістэмы, і выключна не са спорту», — кажа ён.
Пуціла гаворыць, што Беларусь — не спартыўная краіна. У спорце, каб дасягаць вынікаў, трэба ўвесь час над сабою працаваць, а ў нас праца спартоўцаў і трэнераў «датычыць найперш таго, як ты выгінаешся перад Міністэрствам спорту». «Гэта галоўнае. Таму і вынікі такія», — кажа ён.
Пуціла прыводзіць у прыклад зорку гандбола Аляксандра Каршакевіча — вялікі спартовец, «але лукашыст». «Легенда, але баязлівыя паводзіны ў адносінах да ўлады ніяк не ўпрыгожваюць такога легендарнага чалавека», — кажа Пуціла.
Таксама ёсць шмат вядомых спартоўцаў, якія альбо ніяк не выказаліся наконт гвалту і фальсіфікацыі выбараў, альбо нават падтрымалі.
«У Мірнага, як і ў Домрачавай, у іх бізнэс у Беларусі і нерухомасць. Яны проста баяцца. Яны ведаюць, што Лукашэнка ўсё забярэ, як забраў у Герасімені школу. Непрыемна, што такія спартоўцы, як Герасіменя, павінны ісці кланяцца да Лукашэнкі, каб адкрыць басейн. Гэта такая кандовая савецкая сістэма. Няма ў свеце нідзе такога. Дзве краіны побач — Польшча і Беларусь, а якія розныя».
Пуціла мяркуе, што адсюль і нястрымнае жаданне Навіцкага ўставіць нейкія падлізлівыя фразы пра Лукашэнку.
«Ніхто не прымушае гэта рабіць, але абавязкова з піетэтам падысці да ўлады, нібыта калі ты не скажаш гэту фразу пра Лукашэнку, цябе звольняць. Шмат такой ініцыятывы знізу: трошкі можна лізнуць — не нашкодзіць», — кажа ён.
Пра выпадак з аховай Лукашэнкі
Пуціла распавядае, што аднойчы яго адправілі здымаць хакей, калі прыязджала зборная Канады. Лукашэнка туды збіраўся прыйсці. Ён так і не прыйшоў, але для журналістаў служба бяспекі правяла інструктаж: сядзіце на месцы, не рухайцеся, нікуды не ўзнімайцеся. «Я пажартаваў: а калі ў туалет прыцісне?» «Ну, калі ў вас нырка лішняя, то, калі ласка, уставайце і ідзіце», — адказаў ахоўнік.
«Стаяць шафы, толькі што матам не крылі, такія ахоўнікі брыдкія. Пажартаваў бы там пра Лукашэнку, там бы і грохнулі», — узгадвае Пуціла.
Пра сына Сцяпана
Аляксандр распавядае, што дзякуючы пераходу на «Белсат» яго дзеці і ён сам пабачылі свет. «Каб не гэта, не ведаю, дзе яны б зараз былі, у БРСМ якім. Каб надалей у Беларусі засталіся, я проста згубіў бы дзяцей, яны паддаліся б гэтай прапагандзе і ідэалогіі», — мяркуе ён.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/-3se0h.jpg.webp)
Сцяпан сам вучыўся манціраваць, «ён адразу да мантажу прыйшоў і на гэтую дарогу стаў з задавальненнем, ён не заканчваў журфак, але адчуў, што гэта яму падабаецца».
А вось палітычныя погляды ў яго, магчыма, ад бацькі. Пуціла кажа, што заўсёды абураўся ўсёй гэтай «брыдкай сістэмай» і яшчэ ў 1994 годзе казаў: сорамна, што ў нас такі прэзідэнт. Тое ён казаў і дома за сталом.
Аляксандр гаворыць, што сочыць за працай сына, падпісаны на яго каналы. «Паважаю Сцёпу за яго цвёрдую пазіцыю. Ён сфарміраваў свой погляд такім, які павінен быць у сапраўднага патрыёта», — кажа бацька.
«Камусьці падабаецца яго праца, камусьці не. Але ёсць цвёрдая пазіцыя па Расіі, па Беларусі. Ведаеце, як людзі любяць гаварыць: мы не разбіраемся ў палітыцы, таму не лезем туды. А што разбірацца ў палітыцы, калі ты бачыш, як збіваюць людзей?»
Ён кажа, што часам выказвае свае меркаванні сыну наконт яго працы. «Але я бачу, што ён не чуе. Ведаеце, гэта зусім іншае пакаленне. Я ж мог пайсці працаваць да яго, але бачу, што я не фармат для яго. І ўзрост, і маё савецкае выхаванне, усё іншае.
Гэта зусім іншае пакаленне, таму лепш не раіць і не казаць, бо ўсё роўна зробіць па-свойму і зробіць правільна, напэўна», — гаворыць Пуціла.
Пра Азаронкаў
Пуціла распавядае, што са старэйшым Азаронкам ён працаваў на радыё. Той быў намеснікам кіраўніка беларускага радыё. «Ён такі не кампанейскі, закрыты быў», — узгадвае ён. Цяпер пра былую зорку лукашэнкаўскай прапаганды нічога не чуваць. «Усе сыходзяць. І былі адданыя Лукашэнку, і рабілі фільмы — і дзе ён зараз? Выкарыстала сістэма і адсунула», — гаворыць Пуціла.
Наконт Азаронка-малодшага Аляксандр кажа, што без цікавасці ставіцца да яго «творчасці».
«Ён такі абраў шлях — ён фанатычна адданы Лукашэнку. Гэта ўжо хвароба, інваліднасць мазгавая: як можна фанатычна ставіцца да таго, хто забівае людзей, як можна абараняць гэта і казаць «наш найлепшы прэзідэнт у свеце»? Ідалапаклонства — вялікі грэх», — кажа Пуціла.
Ён не разумее, як так атрымалася, што Азаронак — чалавек новага пакалення і такі цемрашал. «Ну, канечне, як на Сцёпу меў уплыў мой светапогляд, так і на Азаронка меў светапогляд яго бацькі.
Шкада чалавека. Малады чалавек. Не сёння — заўтра абрынецца ўсё. Дзе жыць, дзе працаваць, ад каго хавацца [будзе]? Гэта зараз ён герой. Такія хамскія паводзіны — такога на тэлебачанні ніколі не было. Як можна ў эфіры такую ерась несці? Гэта ніколі не будзе мець працягу, ніколі не будзе мець эвалюцыі, гэта нават брыдка глядзець», — гаворыць ён.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_11/3-a4o0i.jpg.webp)
Пуціла кажа, што Азаронак піша Сцяпану ў бот пасланні накшталт «я цябе знайду». «Але Сцёпа сцябецца з яго, а ён адказвае менавіта ў тым жа тоне, як і эфір вядзе. Ён чалавек альбо некультурны, альбо неадукаваны», — дапускае Аляксандр.
«Я заўсёды кажу, што ганаруся, што мой сын — Сцёпа. Я не ўяўляю, каб маім сынам быў Азаронак, упасі божа», — гаворыць ён.
Пра планы
Раней Пуціла ездзіў у Польшчу на працу кожныя два тыдні, але ў 2020-м з’ехаў з сям’ёй стала.
Ён гаворыць, што часам наступае «такая апатыя». Няма сур’ёзнай працы зараз, якая б задавальняла і натхняла. «Канечне, хацелася б вярнуцца і да каментароў, і да навінаў спорту. Гэтага апошнія гады мне не хапала. Няма дзе прымяніць свае веды, свой досвед спартовай журналістыкі». Але «штосьці будзем рабіць, штосьці будзем прыдумляць», — кажа ён.
Каментары
на фото смотрю
ой
а Степан что - красится? реснички... ой. какая милашка