СМІ: Каб рабіць беспілотнікі, расіяне крадуць фотакамеры дарожнай паліцыі ў Швецыі
У Швецыі пачасціліся выпадкі крадзяжоў фотакамер дарожнай паліцыі з аўтамабільных трасаў, паведамляе газета Aftonbladet. У той жа час Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што выявіла камеры падобнай мадэлі ў збітых расійскіх беспілотніках. Шведскі бок пацвердзіў, што яму вядомая гэтая інфармацыя, піша Радыё Свабода.
Паводле заявы шведскай паліцыі, за апошнія месяцы з аўтадарог краіны знікла больш за 100 прыбораў аўтаматычнага кантролю хуткасці. Як удакладніла прадстаўніца Шведскай транспартнай адміністрацыі Эва Лундберг, некаторыя з іх потым знаходзяць ускрытымі: з іх выдаленыя менавіта фотакамеры, а астатнія часткі апаратуры — радары і працэсары — застаюцца некранутымі.
Ва Украіне было апублікавана відэа з разборкай расійскага беспілотніка «Арлан», які разбіўся. Лятаючы апарат зроблены шмат у чым саматужна. На кадрах відаць, што ў робата ўмантаваная фатакамера падобнага тыпу.
Прэс-сакратар шведскай паліцыі бяспекі Фрэдрык Хультгрэн-Фрыберг заявіў, што ў ведамстве ведаюць пра сувязь паміж крадзяжамі на шведскіх дарогах і расійскімі беспілотнікамі, але падкрэсліў, што не мае права выдаваць падрабязнасці разведніцкай працы.
Каментары