У Беларусі павялічылі тарыфы на перавозкі пасажыраў цягнікамі гарадскіх, рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній. Адпаведную пастанову прыняло Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, паведамляе прэс-служба ведамства.
Тарыфы на перавозкі пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання на гарадскіх лініях павялічаныя: на 24 капейкі ў межах аднаго тарыфнага пояса і на 31 капейку ў межах двух тарыфных паясоў.
Што тычыцца цягнікоў рэгіянальных ліній, то, напрыклад, квіток з Мінска ў Маладзечна падаражэе на 41 капейку.
Квіткі на цягнікі міжрэгіянальных ліній стануць даражэйшымі як эканом-класа, так і бізнэс-класа. Так, паездка ў цягніку першага класа з Мінска ў Гомель стане даражэйшай на 4,44 рубля.
Рашэнне прынята ў рамках запланаванага павышэння рэгуляваных цэнаў і тарыфаў у 2022 годзе ў мэтах падтрымання ўзроўню акупнасці перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам. Пастанова ўступае ў сілу праз 5 дзён пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Каментары