Вайна

Гэты паляк прадказаў паразу рускіх пад Кіевам. Вось што ён думае пра цяперашнюю вырашальную бітву на Данбасе

Расіяне не перамогуць, а ўкраінская ўлада ў Кіеве выстаіць — менавіта такое прадказанне 27 лютага даў доктар Роберт Рачкоўскі з універсітэта Мікалая Каперніка ў польскай Торуні. Цяпер ён тлумачыць, якім будзе наступны этап вайны. Эксперт лічыць, што шансы бакоў у бітве — 50 на 50, і вось ад чаго будзе залежаць вынік.

Баевікі ДНР у Марыупалі, 16 красавіка. Фота: Аляксей Аляксандраў /АР

На думку Рачкоўскага, Масква ўсё яшчэ здольная выканаць сваю задачу-мінімум — захапіць Данецкую і Луганскую вобласці і прабіць сухапутны калідор да Крыма. І пасля таго, як Расія вывела свае войскі з поўначы Украіны, цэнтр баявых дзеянняў перамясціўся на яе паўднёвы ўсход.

Але ж тут усё не так проста. З ваеннага пункту гледжання выглядае, што ўзяцце Марыупаля расіянамі — пытанне часу, але гэта не азначае, што Расія выйграе ў барацьбе на гэтым фронце, тлумачыць Роберт Рачкоўскі для onet.pl.

Прыродныя ўмовы ў той частцы краіны вельмі спрыяюць самаабароне. У ваколіцах Херсона і Мікалаева шмат чарназёмаў, у іншых рэгіёнах краіны іх таксама хапае. Гэтая глеба цудоўна падыходзіць для сельскай гаспадаркі, але не надта добра — для ваенных дзеянняў. У студзені і лютым яна замярзае, але пасля падтае, ды яшчэ ў гэты час ва Украіне бывае дажджлівае надвор'е. Так украінскія чарназёмы ператвараюцца ў брудную калатушу, у якой і захрасла расійская цяжкая тэхніка. Калі б расіяне вырашылі наступаць не ў канцы лютага, а больш чым на месяц раней, у іх было б больш шансаў на перамогу. Але, мяркуе Рачкоўскі, Кітай спрыяў таму, каб баявыя дзеянні пачаліся не раней за канец Алімпіяды ў Пекіне.

Вопыт і баявы дух супраць найлепшых рэсурсаў

Рачкоўскі таксама ацаніў магчымасці абодвух бакоў у вялікай бітве на Данбасе, якая распачынаецца ў гэтыя дні. Эксперт лічыць, што шансы бакоў у бітве — 50 на 50.

Украінцам, напэўна, дапамогуць асаблівасці рэльефу краіны, высокі баявы дух салдат і іх ваенны вопыт. Згодна з данымі ўкраінскага бока, 90% украінскага вайсковага рэзерву — ветэраны баявых дзеянняў на Данбасе.

Больш за тое, з улікам таго, што вайна на Данбасе ідзе ўжо 8 гадоў, Украіна мае ў тым рэгіёне вельмі шмат умацаванняў. Ва ўкраінцаў ёсць эфектыўная заходняя супрацьтанкавая зброя і супрацьпаветраная зброя блізкага дзеяння, у іх добрая аператыўная інфармаванасць і правільная тактыка дзеянняў у адпаведных аператыўных умовах.

Але ж украінская армія мае свае праблемы, якія могуць павысіць шансы Расіі на поспех. Украінцам не хапае сістэм супрацьракетнай і супрацьпаветранай абароны сярэдняга дыяпазону, і ў выніку ім цяжка абараняцца ад расійскіх абстрэлаў з больш далёкай дыстанцыі — то-бок ад зброі накшталт «Точкі-У» і «Іскандэраў». Ва УСУ не ўсё добра з пастаўкамі паліва, боепрыпасаў і прадметаў медыцынскага прызначэння.

Украінская армія, па словах Рачкоўскага, таксама мае цяжкасці з бягучым рамонтам тэхнікі і з адаптацыяй да тых узбраенняў, якія ўкраінцы захопліваюць у расійскага бока. Цяпер вельмі важна, каб заходнія краіны працягнулі пастаўляць Украіне зброю ці нават павялічылі колькасць гэтых паставак, бо яны могуць мець вырашальнае значэнне ў вайне. Не менш важна захоўваць санкцыі супраць Расіі ці нават узмацніць іх.

Але ж і ў расійскай арміі не ўсё добра. Сярод яе праблем — нізкі баявы дух салдат і адсутнасць у іх баявога вопыту, праблемы з камунікацыяй і шыфраваннем інфармацыі, правал у сферы прапаганды. Сімпатыі свету не на баку расійскіх салдат, і гэта таксама ўплывае на іх настрой.

Чым усё скончыцца

Паводле Рачкоўскага, асноўныя эпізоды бітвы пройдуць каля горада Ізюм, і Генштаб УСУ ўжо фіксуе там спробы наступу супраціўніка. Рачкоўскі лічыць, што калі расіяне здолеюць прарваць украінскі супраціў каля Ізюма, яны пойдуць на Краматорск і далей на поўдзень краіны. Таксама Рачкоўскі прадказвае жорсткія баі ў раёне Севераданецка. Калі дадаць да ўсяго гэтага наступ рускіх з поўдня, з боку Папаснай, такая тактыка, меркавана, павінна мець на мэце план акружыць украінцаў і такім чынам выйграць бітву за Данецкую і Луганскую вобласці. Але пры гэтым магчыма, што і іншыя рэгіёны Украіны трапяць пад абстрэлы — хутчэй за ўсё, ракетныя.

Рачкоўскі бачыць два магчымыя вынікі вайны. Калі ў Расіі ўсё атрымаецца, яна возьме пад поўны кантроль Данецкую і Луганскую вобласці, ды, напэўна, пажадае таксама кантраляваць Херсонскую і Запарожскую вобласці. У цэлым, Масква жадае захапіць важныя для ўкраінскай эканомікі аб’екты, у тым ліку багаты на прыродныя рэсурсы Данбаскі рэгіён, і атрымаць доступ да Азоўскага мора, а таксама парты Бердзянска і Марыупаля — да вайны менавіта праз іх Украіна экспартавала сваю сельскагаспадарчую прадукцыю і сталь. У будучыні мэтай Расіі таксама могуць стаць Мікалаеўская і Адэская вобласці, што дазволіць Маскве аб’яднаць акупаваныя тэрыторыі з Прыднястроўем.

Але ж Украіна мае магчымасць перамагчы ў данбаскай бітве і пайсці ў контрнаступ. Нават існуе верагоднасць таго, што ўкраінцы здолеюць цалкам аднавіць кантроль над Данецкай і Луганскай абласцямі, але ж Рачкоўскі не бачыць у хуткім часе магчымасці вяртання Крыма ў склад Украіны. Расія не аддасць яго па прычынах стратэгічнай важнасці паўвострава, а Украіне пакуль што не хапае сіл і рэсурсаў, каб працягваць баі ў тым кірунку.

Але ж, калі Расію атрымаецца выціснуць з украінскага усходу, гэта ўжо будзе азначаць поўную паразу Пуціна і аслабленне Расіі. Такі ход падзей дасць магчымасць для далейшага палітычнага і эканамічнага ціску на Расію і для зніжэння яе ўплыву ў свеце.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Зяленскі: Украіна не аддасць тэрыторыі на ўсходзе, каб скончыць вайну

«Краматорск — гэта горад, дзе яны хочуць замкнуць кола». Ваенны эксперт — пра тактыку наступлення расійскіх войскаў у найбліжэйшыя дні

Каментары

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў23

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў

Усе навіны →
Усе навіны

Блогер, на якога пісала даносы Вольга Бондарава, апублікаваў сумесны здымак з Колем Лукашэнкам15

Пад Мінскам прадалі ўчастак за рэкордныя грошы

КНДР адказала Лукашэнку: ніякіх запрашэнняў яму не дасылалі, гэта ён дамагаецца сустрэчы30

Time змясціў на вокладку Трампа, які змятае дакументы ў Авальным кабінеце 3

За ўдзел у пратэстах судзяць 29-гадовую настаўніцу сталічнай гімназіі4

Кіраўнік МАРГ распавёў, што гандлю варта ўспомніць з савецкага мінулага11

Паглядзіце, колькі мінчукоў стаяла ў чарзе па ваду на Вадохрышча ФОТЫ11

Беспілотнікі атакавалі Казань. У горадзе чулі выбухі2

Былога прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса спрабуюць арыштаваць за згвалтаванне 15-гадовай актывісткі. Яна нарадзіла ад яго8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў23

Трамп абяцае «рэвалюцыю здаровага сэнсу». Адразу пасля інаўгурацыі ён падпіша шэраг указаў

Галоўнае
Усе навіны →