Зяленскі: Украіна не аддасць тэрыторыі на ўсходзе, каб скончыць вайну
Прэзідэнт Украіны ў інтэрв'ю CNN заявіў, што Украіна гатова змагацца за Данбас. Гэта бітва можа паўплываць на ход усёй вайны.
Калі Расіі ўдасца захапіць Данбас, няма гарантый, што яна не паспрабуе зноў замахнуцца на Кіеў, лічыць Зяленскі.
«Таму што я не давяраю расійскім вайскоўцам і расійскаму кіраўніцтву. Таму мы разумеем, што тое, што мы іх адбілі, і яны сышлі, і яны ўцякалі ад Кіева — з поўначы, з Чарнігава і з гэтага кірунку — гэта не значыць, што калі ім удасца захапіць Данбас, яны не прыйдуць далей да Кіева», — заявіў ён.
Афіцыйны Кіеў гатовы да дыялогу з Масквой.
«Калі ёсць магчымасць размаўляць, то мы будзем размаўляць, але не на падставе расійскага ўльтыматуму», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Чым хутчэй такая размова пачнецца, тым менш людзей загіне, аднак не выключаны і іншы варыянт.
«Мы можам змагацца з Расійскай Федэрацыяй і 10 гадоў», — заявіў Зяленскі.
Але пакуль украінскае грамадства не хоча працягу дыялогу.
«Шанцы меншаюць кожны дзень, — выказаўся Зяленскі пра перспектывы перамоваў з Расіяй. — Падумайце пра Бучу, Валнаваху, Барадзянку, Марыупаль. Надыходзіць час, калі ніхто не хоча гаварыць. Наша грамадства не хоча, каб мы працягвалі перамовы».
Каментары