Расійскую бранятэхніку паспяхова знішчаюць і ўкраінска-беларускія комплексы «Скіф». Расказваем пра іх
За няпоўныя два месяцы вайны ўкраінцы знішчылі некалькі тысяч адзінак расійскай тэхнікі, у тым ліку сотні танкаў. У сеціве з’явіліся шматлікія відэа, як абаронцы Украіны з засады наносяць удары па ворагу супрацьтанкавымі ракетамі. І гаворка не толькі пра амерыканскія Javelin ды брытанска-шведска-фінскія NLAW. Эфектыўна выкарыстоўваюцца і комплексы ўкраінскай вытворчасці «Стугна», у тым ліку ў версіі «Скіф», якая была вынікам кааперацыі з беларускім «Пеленгам».
Супрацьтанкавыя ракетныя комплексы «Стугна-П» пачалі актыўна паступаць на ўзбраенне ўкраінскай арміі ў 2019-м. Тагачасны міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак адзначаў, што пастаўкі іх у раён Данбаса істотна змянілі расклад сілаў і вымусілі расійскія сілы практычна цалкам адмовіцца ад выкарыстання танкаў у зоне баявых дзеянняў.
У цяперашняй вайне, калі вораг мае колькасную перавагу, украінцы вынайшлі эфектыўную тактыку. Мабільныя групы вайскоўцаў з засады на шляхах перамяшчэння варожай тэхнікі знішчаюць бранемашыны, бензавозы і нават верталёты расійскай арміі з дапамогай супрацьтанкавых ракет «Стугна-П». Канструкцыя комплексу дазваляе аператару дыстанцыйна кіраваць ім, знаходзячыся за дзясяткі метраў ад пускавой устаноўкі, што мінімізуе рызыкі для разліку нават у выпадку, калі вораг выявіць супрацьракетны комплекс і адкрые па ім агонь.
На пачатку красавіка з’явілася відэа знішчэння расійскага ўдарнага верталёта Ка-52, які завіс над зямлёю на некалькі секундаў. Гэтага часу хапіла ўкраінскім дэсантнікам, каб зрабіць трапны стрэл. Пасля пуску ракеты бачна, што аператар не трымае верталёта ў прыцэле. Гэта зроблена для таго, каб сістэмы абароны верталёта не папярэдзілі пілота пра атаку, і толькі ў апошні момант накіроўвае ракету ў цэль.
Ракетны комплекс «Стугна-П» распрацаваны ўкраінскім канструктарскім бюро «Луч». Гэтае ж прадпрыемства распрацоўвала і супрацькарабельныя ракеты «Нептун», якімі быў патоплены флагман Чарнаморскага флота Расіі крэйсер «Масква». У часы СССР гэтае прадпрыемства распрацоўвала аўтаматыку для тарпед, ракет і кіраваных бомб.
Комплекс складаецца з трыногі з замацаванай сістэмай навядзення, ракеты ў пускавым кантэйнеры і пульта дыстанцыйнага кіравання, з дапамогай якога аператар, які можа знаходзіцца за 50 метраў ад устаноўкі, накіроўвае ракету да цэлі. Ракеты калібру 130 мм могуць мець розныя баявыя часткі — тандэмна кумулятыўныя, прызначаныя для знішчэння браніраванай тэхнікі і здольныя прабіваць да 800 мм брані за дынамічнай абаронай (дынамічная абарона — гэта кубікі, якімі абвешаныя сучасныя танкі, у іх утрымліваецца выбухоўка, якая дэтануе насустрач снараду), а таксама аскепкава-фугасныя і тэрмабарычныя для знішчэння жывой сілы.
Paкета можа ляцець з хуткасцю 200 м/с і знішчаць цэлі на адлегласці ад 100 метраў да 5000 метраў удзень і 3000 метраў уначы.
Cістэма навядзення напаўаўтаматычная, ракета кіруецца з дапамогай лазернага прамяня. Аператар бачыць цэль на маніторы — дадзеныя перадаюцца з сістэмы навядзення, націскае кнопку запуску і, калі цэль рухаецца, працягвае трымаць яе ў прыцэле.
Трэба адзначыць, што адзін стрэл «Стугны-П» нашмат таннейшы за Javelin: кошт адной украінскай ракеты складае каля 23 000 даляраў, амерыканскай — 78 000.
На відэа ў інтэрнэце часта бачныя надпісы па-арабску на дысплэі дыстанцыйнай сістэмы кіравання — гэта экспартны варыянт супрацьтанкавага комплексу, прызначаны для краін Блізкага Усходу, вядомы на рынку як «Скіф». Дадзеная мадыфікацыя паўстала ў выніку калабарацыі з беларускім прадпрыемствам «Пеленг».
Цікава, што да вайны Кіеў, дзе вырабляюцца ракеты, і Мінск, дзе вырабляюцца прыцэлы, дастаткова шчыльна супрацоўнічалі ў ваеннай сферы. У выніку гэтай супрацы з’явіўся не толькі «Скіф», але і супрацьтанкавы ракетны комплекс «Шэршань». Абодва гэтыя комплексы могуць страляць больш магутнымі ракетамі калібру 152 мм.
Ва ўмовах вайны экспартныя «Скіфы» таксама адправіліся на фронт, дзе знішчаюць тэхніку агрэсара.
Каментары