Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры

Белы дом масонскай ложы

Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра камяніцы абапал Гараднічанкі.

Першы дзень ліпеня, прачнуцца пад дождж, нетаропкі, не занадта густы, але ўпэўнены, стаерскі — якая прыемнасьць!

Пасьля чатырох дзён сьпёкі нават каву можна, назіраючы за дажджом, з асаблівым задавальненьнем выпіць пры камп’ютары.

Гараднічанка ўзьнялася рэзка, як кот бывае, калі табе заманулася палашчыць супраць яго жаданьня. Яна робіцца ў такі час амаль горнай, хуткай, набрынялай і каламутнай, заўтра вада ачысьціцца, зробіцца амаль празрыстай, а цяпер яна бруіць белым шумавіньнем на выкладзеных з каменьня нядаўна грэблях. Файна пайсьці пад парасонам, пастаяць, паназіраць ваду. Дзеля чаго мы яшчэ жывем, хто мы без такіх уражаньняў? Кава, дождж над Горадняй, перапоўненая дажджом імклівая Гараднічанка. Гарадзенцы будуць нямала зьдзіўленыя, калі зазірнуць у даведнік: Гараднічанка названа толькі ручаём, хаця ўсе сьвята лічаць яе менавіта рачулкай. Мо таму ручай, што даўжыню мае толькі чатыры кілямэтры і шэсьцьсот мэтраў і цалкам у гарадзкіх межах. Яшчэ пазначана, што Горадня ўзьнікла ў месцы злучэньня Гараднічанкі з Нёманам, гэта звычайная справа, але што на беразе ручая ўсяго — нейк несалідна атрымліваецца, прысмак расчараваньня выклівае нават.

Раней называлася яна Гарадніцай аднак, прадмесьце каралеўскіх часоў нездарма мела такую ж назву, будавалася ўздоўж рэчышча. Сёньня абапал Гараднічанкі ў адмежку паміж дзьвюма вуліцамі (адна зь якіх мае імя Элізы Ажэшкі), называным Швэйцарскай далінай, тры палацыкі і тры камяніцы. Месца можа самае лепшае ў горадзе, або — з найлепшых дакладна. На пагорку над берагам Гараднічанкі камяніца двухпавярховая мае нештодзённы выгляд, але, на жаль, не аўтэнтычны. Вось жа даведнікі падавалі яе сьціпла: «гарадзкім асабняком ХІХ ст.», днямі прыпетавалі шчыток мэмарыяльны з файнымі зьвесткамі. Гэта насамрэч «Белы дом масонскай ложы» (сёньня колер зусім іншы), пабудаваны італьянскім архітэктарам Дж.Сака ў 1783‑85 гадах. Адчуйце розьніцу! Але нам вядома: пры царскай уладзе перарабілі яго ў немаведома што, на італьянскіх архітэктараў не зважалі. Вось чакае рэстаўрацыі, хутчэй напэўна — касмэтычнага рамонту.

Савецкая ўлада саромелася старых пабудоваў беларускіх, у краіне былі іншыя гарады, якія павінны былі быць самымі старымі — Пскоў, Ноўгарад, так што з палёгкай штосьці разбуралі альбо хаця б ператваралі звонку ў хрушчоўку, каб напісаць у даведніку, што дом малацікавы, ня надта стары, малакаштоўны, словам. У царскай ўлады свае былі меркаваньні, напрыклад — перарабіць масонскі дом, каб зацерці сьляды ложы… Праз завулак ад масонскай камяніцы — палацык, які мае абрыс выразна не зыначаны, выглядае на ХVІІІ век, але зьвесткі пра яго зусім страчаны. Вось ён, навідавоку, нібы на далоні: а калі, што і да чаго — ніхто ня памятае.

Начальства аднойчы зразумела, што двухпавярховая гэтая камяніца адыгрывае сваю відавочную ролю ў Швэйцарскай даліне — і турыстычную, і проста стварае прыемны антураж для саміх гарадзенцаў. Аблезлы дом пачалі нарэшце тынкаваць, фарбаваць, рыштаваньні саштукаваўшы, але надта не сьпяшаліся. І вось пленэр міжнародны, і камяніца гэтая напалову ружовая трапляе на палатно аднаго мастака, і апынаецца затым у выставачнай зале на адкрыцьці. І ты бярэш інтэрв’ю, і ён табе апавядае, чым прывабіла яна яго —выглядам сваім занядбаным, але архітэктурна адметным, старасьвецкім.

Ты любіш фатаграфаваць гэты палацык (прыбіральня, што праўда, на вуліцы), сёньня ён белы, канчатковы рамонт закончылі нядаўна. Зьдзіўляе адная акалічнасьць. На суседняй вуліцы з дома па‑зьверску зрывалі сапраўдную дахоўку, скідаючы ўдол, каб замяніць бляхай як на кансэрву, дахоўка перашкаджала начальству жыць. Насупраць пазбаўленага дахоўкі старая камяніца, прыблізна двухсотгадовая, фасады якой доўга і цярпліва рамантавалі, аднак пакінулі лядашчы шыфер, увесь залаплены. Вось і на палацыку нашым непадалёк па‑ранейшаму пачарнелы савецкі шыфер пад дажджом сёньняшнім, хаця апоўдні ён скончыўся, а я паставіў кропку.

Каментары

Хто тая прафсаюзная актывістка з МАЗа, якая папрасіла Лукашэнку разабрацца ў ютубе з «беглымі»?5

Хто тая прафсаюзная актывістка з МАЗа, якая папрасіла Лукашэнку разабрацца ў ютубе з «беглымі»?

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп аб'явіў аб выхадзе ЗША са складу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя6

Ноччу беспілотнікі атакавалі Смаленск і іншыя расійскія гарады2

Ціханоўская — Трампу: Беларускі народ з'яўляецца саюзнікам ЗША17

Бізнэсмена з Эстоніі арыштавалі ў Беларусі за палітыку. Вось хто ён такі

Трамп: Пуцін «разбурае Расію», не заключаючы з Кіевам пагадненне аб спыненні вайны13

Беларусбанк увёў сістэму праверкі рэквізітаў праз махляроў1

Чарга з легкавікоў на польскай мяжы амаль знікла

Дабратвор перадумаў праводзіць у Варшаве пікет за Канапацкую. І вось чаму22

Толькі сем беларусаў атрымалі прытулак ва Украіне ў мінулым годзе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто тая прафсаюзная актывістка з МАЗа, якая папрасіла Лукашэнку разабрацца ў ютубе з «беглымі»?5

Хто тая прафсаюзная актывістка з МАЗа, якая папрасіла Лукашэнку разабрацца ў ютубе з «беглымі»?

Галоўнае
Усе навіны →