Культура

Ружаны — палац-фенікс з беларускім характарам. Упарта ўздымаўся пасля жахлівых разбурэнняў ФОТЫ

Як толькі не называюць гэты палац. «Беларускі Версаль» — маючы на ўвазе размах і амбіцыі яго стваральнікаў. Або «Беларускі Калізей» — маючы на ўвазе велічныя руіны, у якія ператварылі яго час і людзі. Можна яшчэ назваць яго палацам-феніксам, бо пасля амаль поўнага знішчэння ён раз за разам уздымаўся — яшчэ прыгажэйшым. Пра гісторыю Ружанаў і пра тое, як яны сёння набываюць новае жыццё мы раскажам у гэтым матэрыяле, які стаў магчымым дзякуючы Kärcher — нямецкаму брэнду з доўгай гісторыяй, высокаэфектыўная хатняя і садовая тэхніка якога сёння цэніцца ва ўсім свеце.

Kärcher — гэта нямецкі вытворца сучаснай якаснай бытавой і прафесійнай тэхнікі для дома і сада, запатрабаванай ва ўсім свеце. Мінімыйкі, пыласосы, садовая тэхніка, шклоачышчальнікі, аконныя пыласосы, прасавальныя сістэмы і шмат іншых карысных прылад Kärcher вельмі спросцяць вам жыццё. І ў вас вызваліцца час для захапляльных падарожжаў па Беларусі. Вандруйма разам!

Сёння Ружаны — гэта нават не раённы цэнтр, проста мястэчка між Слонімам і Пружанамі, Ваўкавыскам ды Івацэвічамі ў Брэсцкай вобласці. А былі часы (і гэта былі часы ВКЛ), калі па некаторых параметрах Ружаны саступалі толькі сталічнай Вільні. 

Узвысіліся яны дзякуючы магнацкаму роду Сапегаў, а калі казаць канкрэтна —дзякуючы князю Льву Іванавічу, якога ведае сёння кожны школьнік.

У 1598-м, калі Леў Сапега купіў Ружаны, ён ужо быў канцлерам (пасада накшталт прэм’ер-міністра сёння) Вялікага Княства Літоўскага, быў знаным дыпламатам і заканадаўцам — стваральнікам Статута ВКЛ, зводу законаў, якім нашы продкі карысталіся пасля больш за 250 гадоў. 

У канцы XVI стагоддзя вялікі канцлер вывеў свой род на найвышэйшыя пазіцыі ў дзяржаве — нават Радзівілаў удалося пацясніць, іх зорка зноў узыдзе пазней. Сапегам не ставала толькі радавога гнязда, адпаведнага іх велічы. І такім па задуме князя Льва мусілі стаць Ружаны.

Тут заставаўся ад колішніх гаспадароў Тышкевічаў стары драўляны палац. Але гэта быў не маштаб Сапегі. У Ружанах распачынаецца будаўніцтва, якога свет не бачыў. Падсыпаецца пляцоўка (пагорак, на якім сёння стаіць палац, часткова рукатворны), капаюцца равы і ставы. Патрэбу ў матэрыяле для сцен забяспечваюць аж тры цагельні (а наваколле славіцца покладамі выдатнай гліны)…

Львом Сапегам у Ружанах і сёння ганарацца — яму нават прысвяцілі душэўную драўляную скульптуру на цэнтральнай плошчы. Увогуле, ружанскія разьбяры досыць запатрабаваныя. Нідзе не пабачыш столькі драўляных паноў і шляхты «залатога веку», як у Ружанах

Ад Гучы ці не ад Гучы?

Ужо ў 1604 годзе, як сведчаць інвентарныя запісы, у палацы можна было жыць — у «вялікім доме» зашклілі вокны і паставілі печкі. З гаспадарчых запісаў Ружанскага замка вынікае, што ў маёнтку была аптэка, паперня, цагельня, млыны, звярынец, дзе трымалі лебедзяў, тартак, псярня з сабакамі англійскай пароды («брытанамі») і наглядчыкам-масквіцінам. А ў самім палацы — вялікая бібліятэка.

Палац князя Льва — не той, што дастаяў да нашага часу. Ён істотна адрозніваўся. Адкрытыя аркады, калоны і вялікія вокны ў пачатку XVIІ стагоддзя выклікалі б дружны рогат у маскоўскіх ды шведскіх находнікаў, дый мясцовая навалач парадавалася б. Першая сапегаўская рэзідэнцыя мела моцныя сцены, тры абарончыя вежы, цагляныя скляпенні і двух’ярусныя падземныя сховы. 

Уваход у замкавыя падзямеллі абгароджаны. Лазіць туды небяспечна

Архітэктар Валянцін Калнін лічыў, што першы сапегаўскі палац быў падобны да рэзідэнцыі біскупа Мышкоўскага ў Ксёнжы Велькім у цэнтральнай Польшчы. Прычым не толькі сваім крыжападобным, калі глядзець зверху, праектам, але і арганізацыяй навакольнай гарадской прасторы: абодва замкі збудаваныя на ўзвышэнні, перад імі вялікі двор, процілеглы фасад звернуты на гарадскую забудову.

Палац у Ксёнжы Велькім. Літаграфія Напалеона Орды

Палац у Ксёнжы Велькім будаваў у 1590-я славуты італьянскі архітэктар Санці Гучы. Блізкія гады і падабенства праектаў дазваляюць выказаць версію, што Гучы прыклаў руку і да Ружанскага палаца.

Фларэнційцу Санці Гучы, прыдворнаму архітэктару вялікіх князёў літоўскіх і польскіх каралёў, часам прыпісваюць таксама будаўніцтва Старога замка і Фарнага касцёла (Фары Вітаўта) у Гродне. Аднак, як справядліва заўважаюць скептыкі, прыхільнікі гэтай тэорыі абапіраюцца не на крыніцы і сведчанні, а на законы логікі. З Ружанамі — тая ж гісторыя.

Хай сабе палац Сапегаў і не быў «ад Гучы», каралі ды вялікія князі не грэбавалі прыязджаць сюды. Захаваліся сведчанні пра візіт каралевіча Уладзіслава, сына польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы. Уладзіслаў кіраваўся ў Маскву быць царом па запрашэнні часткі тамтэйшага баярства. З таго праекту нічога не выйшла, а найбольшай перашкодай стаў родны тата, які хацеў сам сесці на маскоўскі трон…

Пазней Уладзіслаў, ужо ў якасці караля Рэчы Паспалітай, надасць Ружанам магдэбургскае права. Магчыма, у знак падзякі яго з надзвычайнай пышнасцю будзе пасля прымаць у Ружанах Казімір Леў Сапега, сын Льва. Баляванне доўжылася дзевяць дзён, а на развітанне князь падараваў каралю залатую талерку і галандскія шпалеры, а каралеве — пярсцёнак за 16 тысяч дукатаў і футра з маскоўскіх сабалёў. Ды што каралева — кожная фрэйліна атрымала пярсцёнак з рубінам.

Банкетны стол Сапегі быў аформлены канцэптуальна: «Чатыры масіўныя дзікі, якія сімвалізуюць чатыры сезоны; дванаццаць смажаных аленяў, адпаведных дванаццаці месяцам. Вакол — доўгія пірожныя, роўныя гадавой колькасці тыдняў. Затым 365 хлябоў, якія сімвалізуюць гадавую колькасць дзён, 52 срэбныя бочачкі як адпаведнасць 52 тыдням, 365 бутляў вугорскага віна. А для прыдворных слуг — цэлых 8700 літраў мёду, што адпавядае колькасці гадзін у годзе».

Ёсць таксама звесткі, што на час прыезду Уладзіслава з Ружанаў выселілі жыхароў, каб у іх дамах размясціць каралеўскіх слуг.

Ружанская валюта

Адкуль браліся ў Сапегаў такія багацці, каб раскідацца пярсцёнкамі, фундаваць храмы, будаваць палацы? Іх скарбам былі ўрадлівыя землі.

У Заходняй Еўропе хутка раслі гарады, а разам з імі — патрэба ў хлебе. У партовым Гданьску цягам XVI стагоддзя цэны на збожжа выраслі ў пяць разоў. Шляхта і магнаты ВКЛ кінуліся перарабляць свае сярэднявечныя двары ў фальваркі. Галоўнае адрозненне — фальварак не толькі забяспечвае гаспадароў, але і дазваляе мець лішкі прадукцыі на продаж.

Усе замкі, храмы і палацы эпохі Вялікага Княства, якія сёння цешаць наша вока, збудаваныя на тыя хлебныя грошы, узятыя з палеткаў, шчодра палітых мужыцкім потам.

Ружанская латыфундыя Сапегаў у сярэдзіне XVIІ стагоддзя складалася з шасці фальваркаў: Ражана, Ласосная, Вітараж, Бусяж, Бліжняя і Палонск.

Нібы міні-дзяржава, яна сама забяспечвала сябе ўсім неабходным. Прычым не толькі збожжам, мясам, рыбай з замкавых ставоў, агароднінай, півам, мядамі. Але яшчэ і паперай, канатамі, нават шкельцамі для акон у карэтах, у якіх Сапегі вандравалі. Усё гэта выраблялася ў Ружанах.

Праўда, купляць даводзілася віно і соль.

Хлеб не толькі даваў грошы, але і замяняў іх пры ўнутраных разліках. Збожжам плацілі майстрам і работнікам, якія працавалі пры палацы — мулярам, цеслям, землякопам, «клепачам, якія рабілі канаты для падымання касцельнай вежы». 

Самому ягамосці князю Сапегу, калі той выпраўляўся ў Варшаву, у дарогу давалі пшаніцу — на хлеб і крупнік. Але таксама спажыўнымі пшанічнымі крупамі частавалі жабракоў, што бывалі ў вялікім доме.

Англійскіх догаў кармілі аўсянкай з аўса, што сеялі на лясных дзялянках. Мужыкам было выгадна распрацоўваць такія дзялянкі — з іх быў меншы падатак, чым з «гатовай» ворнай зямлі.

Сапегі трымалі пры замку і больш вузкіх спецыялістаў, такіх як гадзіннікавы майстар, мастак, злотнік (ювелір). У часы князя Казіміра Льва, які любіў музыку, у Ружанах з’явілася першая капэла, у якую запрашалі цыганоў-цымбалістаў.

Святы Казімір

Разам з Магдэбургскім правам Ружаны атрымалі герб з выявай святога Казіміра. Гэты святы з роду Ягелонаў лічыўся апекуном Вялікага Княства Літоўскага.

За такім выбарам таксама бачыцца імкненне Сапегаў падвысіць статуснасць радавога гнязда. Відаць, пэўны ўплыў на выбар мела і імя гаспадара — Казімір Леў.

Ёсць на ружанскай плошчы і разьблёны святы Казімір

Цікава, што менавіта ў Ружанах падчас вайны з Масковіяй, калі цар Аляксей Міхайлавіч захапіў Вільню, перахоўвалі мошчы гэтага святога, замураваўшы іх у сцяну. 

У той самы, відаць, час у шмат’ярусных падвалах Ружанскага палаца захоўвалі дзяржаўны скарб ВКЛ.

Ружаны разбурылі суседзі

Але нават святы Казімір не змог уратаваць Ружанскі палац ад бедства Рэчы Паспалітай — магнацкіх войнаў. У самым канцы XVII стагоддзя рэзідэнцыю Сапегаў, якая перастаяла і маскавітаў, і шведаў, і казакоў, сплюндравалі суседзі, у тым ліку Агінскія — продкі аўтара славутага «Паланэза».

Фармальнай прычынай захопу было тое, што на выбарах чарговага караля Рэчы Паспалітай Сапегі стаялі за французскага прынца Канці, а Агінскія — за саксонскага курфюрста Аўгуста Моцнага. Прыхільнікаў саксонца было менш, але яго кандыдатуру падтрымліваў расійскі цар Пётр І — і быў гатовы ўвесці ў Рэч Паспалітую войскі. Пятру было важна, каб каралём не стаў француз — Расія тады ваявала з Турцыяй, а Францыя была саюзніцай апошняй, і цар баяўся ўдару ў спіну ад Рэчы Паспалітай.

Але, як гэта бывае падчас грамадзянскіх войнаў, на інтарэсы вялікай палітыкі накладалася звядзенне старых мясцовых рахункаў. А Сапегі і Агінскія амаль 70 гадоў канфліктавалі за правы на Дубровенскае графства.

Калі Аўгуст стаў усё ж каралём, тагачасны галава роду, віленскі ваявода Казімір Ян Сапега, вырашыў аддзяліць ад Рэчы Паспалітай Вялікае Княства Літоўскае і сам ім кіраваць. Але яго войска было разбітае кааліцыяй з Радзівілаў, Агінскіх і Вішнявецкіх.

Ружаны разрабавалі так, што нават шведскі кароль Карл ХІІ, які праз некалькі гадоў праходзіў тут, быў уражаны маштабамі разбурэнняў. А ён у гэтым разбіраўся, паверце.

Сапега, які запрасіў Бекера

Ружаны могуць таксама быць сімвалам нацыянальнага характара, упартасці продкаў, якія раз за разам, пасля ўсіх катастроф і разбурэнняў, аднаўлялі свой дом. Праз паўстагоддзя пасля знішчэння новы гаспадар вырашыў адбудаваць Ружаны з яшчэ большай пышнасцю. 

Польны гетман, а пасля і вялікі канцлер ВКЛ Аляксандр Сапега запрасіў аднаўляць палац саксонскага архітэктара Яна Самуэля Бекера. Дакладней, гэта было не аднаўленне, а перараджэнне старых барочных руін у шэдэўр класіцызму.

План галоўнага фасада

Бекер прыбраў старыя асіметрычныя вежы (дзве разабралі, а трэцюю ўбудавалі ў новы палац), прыбудаваў да галоўнага будынка антычны порцік з калонамі, прыдумаў аркады справа і злева, якія злучалі палац з іншымі будынкамі ў адзін комплекс.

Каланады, падобныя да рымскіх віядукаў, — пазнавальная адметнасць Ружанаў

Урэшце, спраектаваў будынак тэатра і браму ў выглядзе трыумфальнай аркі.

Дзве абарончыя вежы старога палаца разабралі, а трэцюю, заходнюю, умантавалі ў новы будынак
Два палацы ў адным: мяжа старой і навейшай цэглы. 

Як дзяржаўны дзеяч Аляксандр Сапега быў неадназначны. Казалі, што высокіх пасад ён дасягнуў дзякуючы раманам сваёй жонкі з набліжанымі да караля. Сапега далучыўся і да Таргавіцкай канфедэрацыі, арганізаванай царыцай Кацярынай ІІ для знішчэння Рэчы Паспалітай.

Магчыма, Сапега быў з той пашыранай катэгорыі магнатаў, якія былі большымі патрыётамі сваіх маёнткаў, чым Айчыны. Казалі, што і да канфедэрацыі ён далучыўся з умовай, што расійскае войска абароніць яго ўладанні ад рабавання. І ўсё ж князь Аляксандр застанецца ў гісторыі найперш тым, хто пакінуў нашчадкам архітэктурны цуд.

Тэатр, у якім ставілі Русо

У апошнія дзесяцігоддзі Рэчы Паспалітай палац ззяў «усім бляскам Усходу і Захаду». Яго наведваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Гасцей Сапегі захапляў ружанскі тэатр. Глыбокая сцэна мела сем планаў куліс, што дазваляла некалькі разоў змяняць дэкарацыі цягам спектакля. Гледачы сядзелі ва ўтульных ложах, размешчаных паўколам. Зала была двухпавярховая: на першым — 14 ложаў, на другім — 15 з каралеўскай ложай у цэнтры.

План глядзельнай залы з ложамі

Архітэктар падгледзеў яго праект у тэатры Франезе ў італьянскай Парме.

У тэатры можна было ладзіць і балетныя выставы, і оперы.

Тэатр меў сталую трупу — хор, балет і капэлу, усяго каля 60 чалавек. Былі ў ёй і італьянцы, і палякі, былі і прыгонныя. Згодна з тэстаментам князя, пасля яго смерці прыгонных артыстаў адпусцілі на волю. 

Ставілі п’есы моднага ў эпоху Асветніцтва Жан-Жака Русо — напрыклад, яго оперу «Вясковы чараўнік» пра глыбокія пачуцці пастухоў і пастушак на ўлонні прыроды.

Падмуркі 14 калон глядзельнай залы тэатра ўжо ў ХХІ стагоддзі раскапалі археолагі, рыхтуючы будынак да аднаўлення. Але як сталася, што такі архітэктурны дыямент ператварыўся ў руіны?

За тысячу рублёў

Унук Аляксандра Яўстах-Каэтан Сапега не падзяляў прарасійскіх настрояў дзеда. Як і многія патрыёты, ён далучыўся да паўстання 1830-га і пасля яго паразы эміграваў у Францыю. Хоць цар Мікалай І і прапаноўваў яму прысягнуць на вернасць і захаваць усю маёмасць. Яўстах адмовіўся, і каштоўнасці з яго маёнткаў, а таксама вялізныя кніжныя, архіўныя і музейныя зборы былі вывезеныя і размеркаваныя між рознымі ўстановамі Санкт-Пецярбурга і Масквы.

Ружаны Сапега паспеў перад выездам прадаць мясцоваму яўрэйскаму прадпрымальніку Ары Лейбу Пінесу — за мізэрную тысячу рублёў. У дамове была ўмова, што Сапега ці яго нашчадак пры жаданні зможа выкупіць палац за тую самую суму. І ў 1930-я праўнук, малады Каятан Севярын Сапега, пабываўшы ў Ружанах, такую прапанову атрымаў. Праўда, на той момант ад палаца, як прызнаваўся сам тагачасны ўласнік, стары яўрэй Пінес з доўгай барадой, засталіся «руіны, якія нічога не каштавалі».

Новыя гаспадары бачылі ў палацы не архітэктурны дыямент, а бізнэс-актыў. Пінес зрабіў у палацы суконную фабрыку.

Такім пабачыў Ружаны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя славуты мастак Напалеон Орда.

«…Палацавы дзядзінец увесь быў зарослы травою, па якой пасвіліся козы. У парку прысады высечаны, фруктовыя дрэвы здзічэлі. Замест кветак — пустазелле. Ставы раскапаныя, каналы без вады, а пасярод гэтага ўсеагульнага знішчэння гмах, які знешне яшчэ нагадвае тое, што тут было многа гадоў назад, а ўнутры… перароблены пад фабрыку! Дзе багаты збор рэдкіх кніжак, шыкоўная збраёўня?! Дзе пакоі, у якія зачашчалі прымасы, біскупы, канцлеры, гетманы, ваяводы, найпершыя магнаты ў краі?! Сёння, у абдзёртых ад каштоўных абівак, аголеных ад залочаных панэлей, у іх стаяць варштаты!» — пісаў у 1834 Лявон Патоцкі.

Ружаны ў канцы ХІХ ст., задні фасад. Злева — ці не тая будыніна, ад якой заняўся пажар

Пад патрэбы вытворчасці выломвалі перагародкі і змянялі планіроўку, дабудоўвалі. Так, да галоўнага палаца быў прыстаўлены драўляны прамывачны цэх. І ў жніўні 1914-га, праз недагляд работніц, у ім заняўся пажар.

Ахоплены полымем дах галоўнага будынка абрынуўся і прабіў мураваныя скляпенні першага паверха. Палац набыў той выгляд, у якім мы бачым яго сёння.

На мурах дагэтуль трапляюцца сляды пажару.

Прыбудоўкі, дзе засталася такая-сякая страха, выкарыстоўвалі і пазней. У 1930-я, пры Польшчы, у тэатральным корпусе працавала невялікая ткацкая фабрыка, у адным з флігеляў каля варот да 1960-х — цэх па вытворчасці кафлі. Але да канца ХХ стагоддзя велічны Беларускі Версаль зрабіўся царствам козаў і бур’яну.

Аднаўленне пачалося ўжо ў ХХІ стагоддзі, у межах дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі». На працы ў Ружанах выдаткоўвалася па мільярду рублёў цягам некалькіх гадоў. 

Першай зрабілі трыумфальную арку-браму. Пазасветна глядзелася яна, патынкаваная, з гербам Сапегаў — сярод іржавых разваленых муроў.

У адноўленых флігелях, якія прымыкаюць да брамы, цяпер невялікі музей. У часы Сапегаў ва ўсходнім (дзе пачынаецца агляд экспазіцыі) была канцылярыя, у заходнім жылі слугі.

Багаццем экспанатаў музей пахваліцца не можа. Але яго варта наведаць хаця б для таго, каб пабачыць унікальны картуш — разьблёны драўляны шчыт, на якім месціўся герб Сапегаў.

Гэта двухметровая канструкцыя мацавалася над брамай. У музеі на сцяне картуш нагадвае нейкага прышэльца з космасу. І сапраўды — іншай планетай падалася б нам Беларусь, калі б удалося трапіць у тыя часы.

На самай справе, расказалі ў музеі, картушы былі два — ад вуліцы і з сярэдзіны. Датуюцца яны 1778 годам і аж да 2008-га правіселі на браме Ружанаў. Але калі іх пачалі здымаць рэстаўратары, картушы разваліліся і рухнулі на зямлю. Музейшчыкам удалося скласці з двух адзін больш-менш цэльны.

Некаторыя крыніцы пішуць, што картушы былі выразаныя з моранага дуба, але на іх добра бачная смала і структура, характэрная больш для хваёвага дрэва — лістоўніцы.

З лістоўніц у старажытнасці рабілі гародні драўляных замкаў і арматуру валоў — гэтае дрэва стагоддзямі не гніе ў зямлі.

Файна і тое, што да картуша можна падысці зусім блізка. І разгледзець як след гэты цуд драўлянага барока.

Яшчэ адна фішка музея — фігуры ў касцюмах XVII-XVIII стагоддзяў. Гэтая пара, магчыма, увасабляе караля Уладзіслава IV і яго жонку Цэцылію Рэнату, якія бывалі ў Ружанах.

У заходнім флігелі пад шклом на падлозе можна пабачыць падмуркі будынка, які стаяў на гэтым месцы ў часы Льва Сапегі. Ён згарэў, відаць, у часе вайны з Агінскімі.

Тут жа выдатна захаваны камін, які рэстаўратары перавезлі з аднаго з маёнткаў Пружанскага раёна. Арыгінальныя, на жаль, не захаваліся.

Кавалак кафлі з гербам Сапегаў
Парэшткі колішняга раскошнага аздаблення

На тэатральны корпус зараз ставяць дах.

З рэканструкцыяй палац страціў ладную частку сваёй рамантычнасці, затое захаваецца для нашчадкаў.

Каб падступіцца да галоўнага будынка, патрэбныя сумы ў дзясяткі разоў большыя за тыя, што пайшлі на ўвесь астатні комплекс, кажуць спецыялісты.

Але яно таго варта. Будзем спадзявацца, з часам можна будзе пабачыць Беларускі Версаль цалкам адноўленым. А пакуль застаецца бываць там і кожны раз заўважаць, як памалу, па драбніцы ён абуджаецца да жыцця. 

Што паглядзець у Ружанах

Часам у цені замка застаюцца самі Ружаны. Тым часам і там ёсць што паглядзець. Рэдкае беларускае мястэчка можа сёння пахваліцца захаванай сярэднявечнай планіроўкай і цэнтрам, забудаваным помнікамі архітэктуры XVII-XVIII стагоддзяў.

Дамініканскі касцёл быў збудаваны яшчэ пры жыцці Льва Сапегі. Цікавая тэхналогія продкаў: як сведчаць дакументы, вежу для касцёла выраблялі на зямлі, а пасля падымалі ўверх канатамі.

Тытульны ліст 3-й кнігі
Як выглядала будаўніцтва ў тыя часы, паказаў на сваёй гравюры Францыск Скарына

Праваслаўная Петрапаўлаўская царква ўсяго на гадоў пяцьдзясят маладзейшая за касцёл. Будавалі яе спачатку як уніяцкі храм. У XVIII стагоддзі яе рэканструяваў Ян Самуэль Бекер, надаўшы рысы барока. 

Ёсць у Ружанах, як у Вільні, і свае базыльянскія муры — будынак былога ўніяцкага кляштара.

Яшчэ адно падабенства са сталічнай Вільняй: ружанская яўрэйская грамада лічылася настолькі заможнай, што ў часы Рэчы Паспалітай плаціла падатак такога самага памеру, што і віленскі кагал.

Ружаны былі цэнтрам яўрэйскай вучонасці, у мястэчку была славутая ешыва і сем сінагог. Пасля трагедыі Халакосту сінагогі маюць хіба мемарыяльнае значэнне, маліцца тут няма каму. Руіны найбольшай з іх — Вялікай — можна пабачыць непадалёк ад рынкавай плошчы.

Загінулі ад рук нацыстаў і бацькі прэм’ер-міністра Ізраіля Іцхака Шаміра, што родам з Ружанаў. Сам прэм'ер-міністр пры нараджэнні меў прозвішча Езярніцкі. 

Нават гэтаму будыначку перад касцёлам, любоўна абшытаму ўцяпляльнікам, ніяк не менш за сотню гадоў.

А можна, адышоўшы ад помнікаў архітэктуры, проста прайсціся вуліцамі Ружанаў. Мясцовыя камяніцы даюць магчымасць адчуць дух мястэчка пачатку ХХ стагоддзя.

Ружаны — наша першае падарожжа з Kärcher з цыкла «Топ-5 архітэктурных шэдэўраў, адноўленых за час незалежнасці». Наперадзе — новыя захапляльныя вандроўкі!

Рэдактура — Настасся Роўда

Каментары

17-гадовы блогер з Гомеля выйграў BMW M4 і вырашыў на грошы ад яго купіць кватэру бяздомнай жанчыне6

17-гадовы блогер з Гомеля выйграў BMW M4 і вырашыў на грошы ад яго купіць кватэру бяздомнай жанчыне

Галоўнае
Усе навіны →