Фонд Навальнага: Прапагандыст Прыдыбайла атрымлівае больш за $4000 на Russia Today
Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага апублікаваў звесткі, колькі зарабляюць супрацоўнікі прапагандысцкага канала Russia Today. У рукі фонда трапілі дакументы з раскладам супрацоўнікаў медыяхолдынга, іх заробкамі. У спісах знайшоўся і Канстанцін Прыдыбайла — выпускнік гуманітарнага факультэта БДУ.
Ён нарадзіўся ў Расіі, у 2000-х з сям'ёй пераехаў на радзіму бацькоў у Гомельскую вобласць. Пасля ўніверсітэта вёў праграму «Добрай раніцы, Беларусь» на БТ, пасля працаваў у Расіі на рэгіянальным канале Life78 і радыё «Камсамольская праўда». У дадзены момант ён з'яўляецца карэспандэнтам расійскага тэлеканала RT, вядоўцам шоу на Ютубе «Прекрасная Россія бу-бу-бу».
Канстанцін Прыдыбайла асвятляў для RT паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі, 10 жніўня яго нават затрымалі, але ў той жа дзень адпусцілі. БТ выкарыстоўвала карцінку расійскага канала для сваіх сюжэтаў. Чуткі пра з'яўленне расійскіх прапагандыстаў на БТ пасля масавага звальнення супрацоўнікаў пацвярджаў сам Прыдыбайла.
Пазней у адным з эфіраў перадачы Уладзіміра Салаўёва Прыдыбайла дагаварыўся да таго, што назваў беларусаў «тупымі»: «Беларусы — канкрэтна тупыя людзі. Палітычна непісьменныя», — сказаў ён. Салаўёў яго ажно прысароміў: «Косця, перастань. Вялікі народ, народ-пераможца, найразумнейшы…» Пасля журналіст як быццам бы выбачыўся і патлумачыў, што ён не тое меў на ўвазе.
Дык вось, паводле звестак ФБК, Канстанцін Прыдыбайла атрымлівае на RT штомесяц 314 тысяч расійскіх рублёў (крыху больш за 4000 даляраў).
Каментары