Знаходзіць бомбы ў зямлі — адна з малавядомых здольнасцяў пчол.
Пчолы з дапамогай сваіх антэн могуць адчуваць пах выбуховых рэчываў. Даследчыкі аддалі гады на распрацоўку тэхналогіі, дзе пчолы маглі б выкарыстоўвацца ў якасці лакатараў наземных мін, піша BBC.
Даследчыкі мусілі вырашыць галоўную праблему — як сачыць, куды рухаюцца пчолы. Вядома, што ісці за імі па мінным полі небяспечна. Таму вырашэнне праблемы знайшлі ў дронах.
Каманда з Босніі і Герцагавіны і Харватыі прыдумала спосаб назірання за пчоламі з дапамогай беспілотнікаў. Дроны лётаюць вакол поля, здымаюць пчол, а затым гэтыя кадры аналізуюць камп’ютары, каб выявіць, дзе менавіта ў зямлі знаходзяцца міны.
Наземныя міны, якія засталіся з часоў войнаў, уяўляюць сабой смяротную пагрозу ў многіх частках свету.
Па ацэнках экспертаў, у Харватыі налічваецца каля 30 тысяч наземных мін, а ў Босніі і Герцагавіне гэта лічба дасягае 80 тысяч. Таму выяўленне бомбаў з’яўляецца доўгатэрміновым праектам у гэтых краінах, а тэхналагічныя інавацыі ў гэтай сферы маюць вялікае значэнне.
Раней іншая група даследчыкаў распрацавала метад навучання пчол пошуку наземных мін. Навукоўцы дамагліся, каб пчолы пачалі асацыяваць пах тратылу з ежай — цукровым растворам.
Навучаных пчол затым выпускаюць на поле, дзе могуць быць міны, і насякомыя пачынаюць збірацца каля закапаных бомбаў у надзеі знайсці ежу.
Аднак знайсці пчол на відэазапісе з дрона складана нават чалавеку, таму спатрэбіўся час, каб навучыць камп’ютар аналізаваць такія кадры.
Спачатку даследчыкі наклалі на відэа адкрытай пляцоўкі з дрона шэрыя плямы, якія замянялі рэальных пчол. Затым каманда з дапамогай алгарытму машыннага навучання дамаглася, каб камп’ютар мог выяўляць і сачыць за плямамі на экране.
Тэсты паказалі, што камп’ютар выяўляе штучных пчол з дакладнасцю 80%.
Цяпер даследчыкі збіраюцца пачаць выпрабаванне тэхналогіі ў рэальных умовах.
Каментары