Памятаеце маладзёнаў на самакаце перад шэрагам АМАПа 9 жніўня? Як склаўся лёс парачкі з культавага ФОТА
Пасля акцый пратэсту 9 жніўня ўсе СМІ абляцелі здымкі, на якіх маладзёны на самакаце катаюцца прама перад шэрагамі АМАПа. «Наша Ніва» пацікавілася, як склалася іх жыццё пасля жнівеньскіх падзей і дзе яны сёння. Дзяўчыну ў вясельнай сукенцы завуць Юлія. Ёй 26 гадоў. Яна родам з Бабруйска, разам з хлопцам жыла ў Мінску.
«Я адвучылася ў Бабруйску на цырульніцу, затым пераехала ў сталіцу. У Мінску працавала па спецыяльнасці шмат гадоў, пасля пачала пісаць карціны.
Я сказала тады сяброўкам: блін, страшна, але я выйду ў горад. І я выйшла — і так, гэта было вельмі страшна.
Аказалася, што не. Раней я ніколі не ўдзельнічала ў такіх гісторыях, таму думала, што, можа, раней сапраўды была большасць за Лукашэнку… А пасля пачала цікавіцца і даведалася, што не, што і раней людзі чагосьці хацелі. Ну я маленькая была, што тут зробіш».
«Сяброўкі недзе знайшлі вінтажныя сукенкі, і калі я ўбачыла тую вясельную сукенку, то думаю: вау, клас! Тады я дакладна выйду, бо ў такой прыгожай сукенцы буду трансляваць прыгажосць, жаночую сілу. Жанчыны — дабро, любоў і святло. І было вельмі здорава, што сукенка фактычна сама мяне знайшла, — кажа дзяўчына. —
9 жніўня мы ўвесь дзень гулялі па горадзе. Каталіся на тым самакаце, які проста ўзялі ў арэнду, смяяліся, здымалі шмат відэа, аб’ехалі ўвесь цэнтр. Калі сцямнела, паехалі на Нямігу, затым па мосце ў бок Стэлы, але вярнуцца не змаглі — бо ўсё было ўжо заблакавана сілавікамі, — узгадвае Юлія. —
Мы вярнуліся дадому і засталіся там, а на наступны дзень суседзі расказалі, што мы ўдала вярнуліся, бо пасля ў нашых дварах сілавікі зладзілі сапраўдную зачыстку.
Тое фота я спачатку запосціла ў сваім інстаграме, пасля выдаліла — мне не было страшна, што мяне знойдуць ці штосьці такое. Проста тады ўжо стала вядома, што кагосьці збіла аўтазакам, пасля загінуў Тарайкоўскі. А мне тэлефануе знаёмая і кажа пра маё фота: вау, гэта так крута, гэта твая хвіліна славы! Мне стала сорамна, што я нібыта хайпую на ўсёй гэтай гісторыі. Я падумала: якая яшчэ хвіліна славы? І выдаліла фота».
«Калі шчыра, то мой хлопец перажываў не столькі за сябе, сколькі за мяне. Банальна — што сказаць маім бацькам, калі мяне недзе затрымаюць?
На шчасце, нас не затрымлівалі, крымінальных ці адміністратыўных спраў не заводзілі.
І хлопец прыняў рашэнне, што мы з’язджаем, хаця б часова. Я не супраціўлялася. Толькі месяцы праз паўтара я перастала баяцца міліцыі і плакаць, чытаючы навіны», — кажа дзяўчына.
«У Беларусі я не развівалася як мастак. А Кіеў мяне вельмі цёпла прыняў.
Але шмат талентаў зараз з’язджае. І я іх разумею: людзям не хочацца баяцца. Я і сама думаю, што не ваяваць нарадзілася на свет, а рабіць прыгажосць.
Спадзяюся, што вярнуся ў Беларусь. Калі — не ведаю. Не магу загадваць».
Каментары