Меркаванні3

«Беларусы ставяцца да пратэсту як да працы» — вялікая гутарка са звольненым філосафам Паўлам Баркоўскім

Планы і словы Лукашэнкі, яго таемная інаўгурацыя альбо сустрэча з палітвязнямі ў СІЗА КДБ — любое дзеянне ўлады адыходзіць на другі план і становіцца малаістотным. Гэта самае прыемнае адчуванне пасля размовы з філосафам, які тлумачыць, дзе для нашай нацыі адбываецца самае галоўнае і хто тут насамрэч вызначае хаду падзей. Мы сустрэліся з беларускім інтэлектуалам Паўлам Баркоўскім — тым самым, што стаў адным з рухавікоў забастовак у БДУ і ўрэшце звольніўся з факультэта філасофіі і сацыяльных навук. Пра штампы аб беларускім пратэсце, стаўленне людзей да стабільнасці, цугцванг для ўлады, прэстыж беларусаў у Еўропе і тое, як глядзець на апошнія падзеі па-філасофску — у нашай размове.

— Адасоблена ад вашага звальнення, думаеце, сёння больш карысна змагацца за свабоду ўнутры «сістэмы» ці на знак нязгоды сыходзіць з яе?

— Тактыка працаваць на павольную змену рэжыму магла мець месца дзесяць ці дваццаць гадоў таму, але сёння патрабуюцца больш рашучыя дзеянні, чым жаданне перасядзець, прыхаваўшыся апраўданнем, што ты робіш нешта карыснае. Тым больш працаваць у дзяржаўнай інстытуцыі цяпер — выклік для чалавека. Тым, хто дзеля гэтага ломіць сябе псіхалагічна, нашмат цяжэй. Я зрабіў свой выбар і ён стаў для мяне палёгкай, урэшце, як выкладчык я павінен выхоўваць студэнтаў у тым ліку ўчынкамі, інакш мае словы пра закон, справядлівасць і мужнасць нічога для іх не будуць значыць.

— Вы казалі пра некаторае расчараванне ў студэнтах і калегах. Ці падзяляеце вы агульнае ўзрушэнне ад таго, як змянілася наша грамадства за апошнія месяцы?

— Мы бачым, што людзі, можа, не заўсёды гатовыя да адкрытай салідарнасці на працоўных месцах, дзе яны доўгі час раз’ядноўваліся і знаходзіліся пад ідэалагічным прэсінгам, але па-іншаму паводзяць сябе ў гарызантальных структурах — у тых жа дваровых супольнасцях. Грамадства сапраўды змянілася, і тое, што нават у дэмаралізаванай пасіўнай сістэме ёсць тыя, хто голасна выказвае сваю пазіцыю, сведчыць, што сістэма «трашчыць». Канешне, я расчараваны, што нашую дзейнасць падтрымала не большасць студэнтаў і калег, але разумею, што ў нас было мала часу на падрыхтоўку і не ўсе гатовы быць адлічанымі альбо расстацца з працай з-за маральных прынцыпаў. Але мяне натхняе, што пратэстная дзейнасць ва універсітэце працягваецца.

— Глядзець на апошнія падзеі ў Беларусі па-філасофску — што гэта значыць?

— Значыць аналізаваць іх не з пункту гледжання кан’юнктуры, а больш сутнасна — разглядаць змены ў прыродзе людзей альбо структурны характар пратэсту, і ў выніку разумець, напрыклад, што падзеі ў Беларусі і Кыргызстане — супрацьлеглыя з’явы. Многія калегі ўжо пачынаюць рэфлексаваць на ўсе гэтыя тэмы, скажам, сёння добра ўвасабляюцца ідэі Вольгі Шпарагі з кнігі «Супольнасць-пасля-Халакосту».

— Літаратары шукаюць паралелі ў літаратуры, гісторыкі — у гісторыі і так далей. У вас як філосафа якія першыя паралелі ўзніклі?

— Натуральна, згадваюцца Камю з яго «чалавекам, які бунтуе», працы Алена Бадзью і Кастарыядыса пра перафарматаванне сацыяльнага жыцця, той жа Сартр. Параўнанне з траўнем 1968 года ў Парыжы — увогуле найвялікшая спакуса, але ўсё гэта дае толькі частковыя адказы на пытанні, што стаяць перад намі, бо беларускія падзеі ўнікальныя, а ўсе падабенствы носяць вонкавы характар. Філосафы ўжо дастаткова сказалі пра чалавека і грамадства, каб мы не зводзілі ўсё да плоскіх штампаў і коміксаў пра лялькаводаў.

— Які штамп пра беларускі пратэст вам муляе вока больш за ўсё?

— Не так даўно вядомы славенска-амерыканскі мысляр Славой Жыжак даў каментар газеце The Independent, дзе сказаў пра даганяючы характар беларускіх мітынгаў, маўляў, гэта спроба далучыцца да заходняй дэмакратыі ў той час, калі і дэмакратыя, і лібералізм перажываюць крызіс. На мой погляд, самыя шкодныя стэрэатыпы пра тое, што ў Беларусі адпрацоўваецца нейкая геапалітычная шчэпка, заснаваная на ваганні паміж Захадам і Усходам. Усё ж беларусы прагнуць уласнага шляху развіцця і шукаюць яго не на Захадзе ці Усходзе, як запавёў нам Ігнат Абдзіраловіч, а тут і зараз.

— Іншымі словамі, будучыня Беларусі вырашаецца не ў Маскве ці Берліне, а ў самой Беларусі.

— Я не падзяляю рыторыку пра геапалітычныя схемы, маўляў, можа быць адзін цэнтр сілы ці два, галоўнае своечасова да нейкага далучыцца. Меркаванне, што Ціханоўская ва ўладзе стане новым Лукашэнкам, увогуле выглядае смешна. Нам трэба думаць пра іншае: ці не быў памылкай зварот да прэзідэнцкай формы кіравання, ці не варта вярнуцца да парламентарызму альбо пераняць швейцарскую мадэль, дзе кожны так ці інакш уцягнуты ў кіраванне краінай. Наша грамадства гатова часткова перахапіць функцыі дзяржавы. Заходнія мысляры ўвогуле кажуць пра крызіс сістэмы дзяржаўнага кіравання: што павінна скарачацца колькасць чыноўнікаў і бюракратычны апарат, а шмат якія функцыі можна дэлегаваць электронным сістэмам.

— Калі мы кажам пра эвалюцыю беларускага грамадства, ці з’яўляецца мірнасць пратэсту яе доказам? Ці тут мае месца страх?

— Стагоддзямі гвалт і рэпрэсіі для беларусаў былі амаль штодзённасцю — гэта зрабіла добрую прышчэпку ад таго, каб шлях гвалтоўнай барацьбы лічыць адзіным шляхам да перамен. Усе разумеюць, што нашмат больш трывалых вынікаў можна дасягнуць, калі кансалідавацца і мірна, але рашуча перахопліваць сваю краіну. Задача не ў тым, каб замяніць аднаго прэзідэнта іншым, — трэба змяніць якасць сувязяў паміж людзьмі і каштоўнасці, якімі кіруецца грамадства. Гэты працэс патрабуе часу, таму добра, што змены адбываюцца не імкліва. Імклівыя змены часта прыводзяць да таго, што ў эйфарыі лёгкай перамогі людзі губляюць тое, за што змагаліся, урэшце ўсё роўна працуюць па ўтульных старых схемах і праз некалькі гадоў атрымліваюць практычна тое самае. Калі беларусы адчуюць, якіх перамен сапраўды хочуць, іх будзе цяжэй збіць і вярнуць у наезджаныя каляіны. Ужо бачна, што тут сапраўды баліць: мы не гатовы забыць пра хлусню, маніпуляцыі і гвалт. Гэта насамрэч нельга дараваць — з такімі рэчамі трэба працаваць, як з 1946 года немцы працавалі з дэнацыфікацыяй, каб нічога падобнага ў бліжэйшай перспектыве не паўтарылася. У нас жа не асэнсаваны ані вопыт Курапатаў, ані досвед Акрэсціна, а калі мы гэта забудзем і прабачым, яно будзе вяртацца.

— Дзіўна, як грамадства прыйшло да мірнага шляху без лідараў, натуральным інтуітыўным чынам.

— Яшчэ ў савецкія часы ў марксістаў была спрэчка, усё ж масы ці лідары вызначаюць змены грамадскага жыцця: глыбінны марксізм схіляўся да першага варыянту, але правадырызм рэвалюцыянераў змушаў казаць, што павінен быць нехта накшталт Уладзіміра Ільіча. Мяне цалкам не здзіўляе, што ў нас з’яўляюцца сітуатыўныя лідары, прычым там, дзе яны неабходныя: грамадства саспела да таго, каб кожны чалавек, калі трэба, мог агучыць парадак дня. Таму ўладзе вельмі цяжка: яна зрывае адну галаву, а на яе месцы з’яўляецца дзясятак, яна зафарбоўвае адзін мурал, а замест яго з’яўляецца тузін новых. Яна не разумее, як з гэтым змагацца, бо гэта ўжо не пратэст лідараў апазіцыі, на якіх у КДБ ляжыць дасье, — тут кожны новы лідар проста агучвае агульную думку.

— Сёння шмат кажуць пра фармаванне народа ў нацыю. Што гэта ўласна такое і ці пачалося яно ў апошнія месяцы?

— Пачалося, вядома, не ў 2020-м, а яшчэ ў XIX стагоддзі, але доўгі час пад знешнім ціскам беларусы не маглі паверыць, што, як нацыя, могуць мець такі ж ідэйны падмурак, як, скажам, французы ці немцы або нават палякі. Гэта было такое блуканне купалаўскіх беларусаў, што хочуць людзьмі звацца і шукаюць свой кут. Сёння да ўсведамлення сябе як нацыі мы ўжо прыйшлі, ніхто апроч асобных маргіналаў гэтага не адмаўляе, пытанне толькі, якая мы нацыя і што ў нас ёсць агульнага. Працу над гэтымі пытаннямі мы заўважаем, напрыклад, калі знізу нацыянальная сімволіка робіцца бел-чырвона-белай, а чырвона-зялёная тым часам усё больш маргіналізуецца і асацыюецца з гвалтам. То-бок людзі робяць выбар: яны рабілі яго не столькі ў жніўні, а робяць менавіта цяпер.

 Дзеянні Лукашэнкі такім чынам адыходзяць на другі план, а найбольш важнае адбываецца на іншых узроўнях. Што ўсё ж самае важнае?

— Па-першае, кансалідацыя беларусаў і іх вера ў гарызантальныя сувязі, якія на практыцы ствараюць тыя самыя мясцовыя формы самакіравання, на якіх грунтуецца ўся еўрапейская дэмакратыя. Беларусы адмовіліся ад хутарской свядомасці і зразумелі, што разам могуць нашмат больш, чым паасобку. Другі важны момант — тое, што беларусы адчулі пасля падзей жніўня: нават прыхільнікі ўлады за выключэннем невялікага адсотку асоб нязгодныя з парушэннем базавых чалавечых правоў і не прымаюць гвалт і катаванні. Нарэшце мы псіхалагічна прыйшлі да таго, што больш не бачым вялікай каштоўнасці ў стабільнасці, якую нам увесь час прапагандуюць. Тыповы рэпартаж «БТ»: там землятрус, там рэвалюцыя, там вайна ці яшчэ нейкая халера, а ў Беларусі ўсё спакойна. Сёння любыя змены падаюцца больш карыснымі за захаванне сістэмы ў ранейшым стане.

— У галаву прыходзіць крамольная думка, што траўма, якую мы атрымалі ў першыя дні пасля выбараў, — ахвяра дзеля нацыянальнага згуртавання.

— Беларусы выбралі вельмі такі хрысціянскі шлях змагання. У іх ёсць сімвалічная ахвяра, агнцы, пакладзеныя на алтар перамен, — забітыя падчас пратэстаў і тыя, хто стаў пакутнікам за свае погляды ў турмах. Колер нашай рэвалюцыі — белы, колер хрысціянства. Форма пратэсту — мірная, то-бок беларусы адказваюць мірам на гвалт. Гэта прарыванне глыбокага хрысціянскага коду нашай культуры. Такі мірны пратэст як раз знаходзіць спагаду ў канфесіях — гэта ў першую чаргу выявілася ў каталікоў, але нават праваслаўнае святарства неадназначнае ў сваіх ацэнках.

— Улада можа неяк паўплываць на грамадскія працэсы?

— У шахматах ёсць такі панятак «цугцванг», калі шахматыст, якім бы моцным ён не быў, вымушаны рабіць ход проста таму, што гэтага вымагае сітуацыя. Улады цяпер часта рэагуюць як раз вымушана. Яны мусяць штосьці рабіць з нядзельнымі акцыямі, бо не кантралююць вуліцы, але робяць толькі тое, што ўмеюць, — рэпрэсіі. А паколькі рэпрэсіі ўжо не працуюць, пачынаюцца дзіўныя, часам абсурдныя ўчынкі. Яны бачаць патрабаванне рэформаў, але адказваюць на гэта прапановай рэфармаваць дрэваапрацоўку. Гэтыя крокі паказваюць на слабасць: улада не можа перахапіць хаду падзей і стварыць штосьці сваё. Мне гэта нагадвае перабудовачныя часы, калі кіраўніцтва імкнулася захаваць веліч савецкай імперыі, але нічога не магло зрабіць з нізавой актыўнасцю і грамадзянскім актывізмам. Яно здавала адну пазіцыю за іншай пад прыкрыццём таго, што гэта нібыта адбываецца ў духу дзяржаўнай ідэалогіі. Усё зрынулася вокамгненна, хаця здавалася, што Савецкі Саюз — імперыя на вякі. Беларуская сістэма нашмат менш устойлівая, а канцэпт беларускай ідэалогіі — адзін з эпікфэйлаў, што прызнае нават сама дзяржава.

— Ці стала праз апошнія падзеі больш відавочнай наша адрознасць ад суседніх менталітэтаў, напрыклад, ад расіян?

— Наша знаёмая з Расіі напачатку беларускіх пратэстаў казала, што беларусы, канешне, добры народ, але як у пратэстоўцаў у іх няма адчування свята і фестывальнай еднасці. Вось калі рускія збіраюцца на мітынгах — яны святкуюць. Мы сапраўды не так радуемся гэтаму «дзвіжу», але беларусы больш сканцэнтраваныя: калі яны ўспрымаюць нешта як працу, пачынаюць адпаведна да гэтага ставіцца. Тут трапная думка Акудовіча, што «праца — дом беларусаў». У іх няма пытання, ці варта ісці на нядзельны марш, — мусіш! Значыць трэба адкласці выкопванне бульбы і — час ісці на марш. Таму няма шансаў, што пратэст стухне і сальецца праз тое, што беларусам надакучыла хадзіць на вуліцы. Ім, можа, і надакучыла, але што рабіць — праца.

— Вы заўважылі, што прэстыж беларусаў у еўрапейскай сям’і вырас?

— Канешне, нават па рэпартажах замежных СМІ аб візітах Ціханоўскай бачна, што яны выклікаюць увагу не толькі журналістаў, але і абывацеляў. Беларусам сёння вельмі сімпатызуюць і ставяцца як да нацыі, што дае ўрокі дэмакратыі ўсёй Еўропе. Ёсць карыкатура, дзе беларусы ставяць слуп у будынак дэмакратыі, які ўжо пачаў разбурацца. Дэмакратыя сапраўды перажывае крызіс: яе ліберальная мадэль, якая доўга ўсталёўвалася на Захадзе, дала магчымасць развіцца гібрыдным рэжымам, якія толькі імітуюць дэмакратычныя працэсы, як, скажам, у Венгрыі. Мы надаем гэтаму руху новыя фарбы і, здавалася б, страчаныя сэнсы і каштоўнасці. Вядома, у еўрапейцаў гэта выклікае натхненне, бо іх каштоўнасці падтрымалі там, дзе яны не чакалі. Да таго ж наш супраціў кантрастуе са звыклай карцінкай пратэстаў — з барыкадамі, спаленымі машынамі і пабітымі вітрынамі. Беларусы іншыя — светлыя і прыгожыя, гэты вобраз настолькі прывабны, што яго хочацца, як коцікаў, паставіць на экран манітору і мілавацца.

Каментары3

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы17

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы

Галоўнае
Усе навіны →