Кіраўнік БРСМ: У палітыцы спрабуюць выкарыстаць моладзь у сваіх мэтах
Пра гэта кіраўнік БРСМ Дзмітрый Варанюк напісаў на сваёй старонцы «УКантакце», спрабуючы аналізаваць апошнія падзеі.
«Мы з вамі перажываем важны і адказны перыяд. У гэты час ад кожнага з нас залежыць, якой будзе будучыня яго краіны, яго сям'і, усёй Беларусі. Упэўнены, кожны хоча бачыць гэтую будучыню надзейнай і бяспечнай. І яна сапраўды залежыць ад кожнага з нас. Ад нашага спрыту, ведаў, уменняў, розуму», — піша Варанюк.
Кіраўнік БРСМ мяркуе, што ў палітыцы спрабуюць выкарыстоўваць моладзь у сваіх мэтах. «І паверце, гэтыя мэты — не на стварэнне! Азірніцеся вакол».
«У многіх краінах моладзі была прызначана роля «гарматнага мяса», іх літаральна выштурхоўвалі на вуліцы і сутыкалі лбамі з адной толькі мэтай — перадзяліць уладу, а самі — ладзілі бойню, разбуралі дзяржаву, выракалі людзей на галечу, а часам, на братазабойчую вайну. Затым пра моладзь шчасна забывалі да наступнага перадзелу ўлады. Метадычка ўсюды адна і тая ж», — падкрэслівае лідар праўладнай моладзі.
«Але гэта — не беларускі шлях! Наша пакаленне, як і папярэдняе пакаленне, адрозніваецца разважлівасцю. Аналізуйце. «Незалежныя» СМІ — не роўна праўдзе.
Апрацаваныя фота, своечасова абрэзанае відэа і навіны ў стылі «нам сказалі» — часта ўсяго толькі маніпуляцыя. «Прыгожы» пост ці сюжэт у сацсетках можа прыцягнуць колькі заўгодна лайкаў, але не адказаць ні на адно пытанне. Хайп і трэнды сыдуць. А наступствы неабдуманых рашэнняў застануцца», — мяркуе Варанюк.
Каментары