У Пецярбургу загінуў блогер з Оршы, у якога было 580 тысяч падпісчыкаў на Ютубе
У расійскім Санкт-Пецярбургу загінуў 40-гадовы блогер Павел Ш. з Оршы, аўтар відэаканала Road to film.
Як паведамляе тэлеграм-канал Mash, ён здымаў чарговы ролік на набярэжнай ракі Карпаўкі. Разам з дзвюма камерамі і дыгерам Аляксеем К. ён спускаўся ў каналізацыйны калектар глыбінёй каля 5 метраў.
У 4 раніцы яны перасталі выходзіць на сувязь, і іх сябры выклікалі ратавальнікаў.
І Паўла, і Аляксея знайшлі на дне калектара. Паводле папярэдняй версіі, блогер упаў з вышыні. Дыгеру, відаць, не хапіла кіслароду.
Ютуб-канал Road to film меў 580 тысяч падпісантаў. У свой час Павел стаў другім беларусам, які займеў статус «срэбная кнопка Ютуба».
Самае папулярнае відэа Паўла, пра падземную Маскву, сабрала 4,5 мільёна праглядаў.
Каментары