Якуція: народ, якому ўдалося зноў стаць большасцю на ўласнай зямлі
Якуція — гіганцкая тэрыторыя. 3 мільёны квадратных кіламетраў — у 15 разоў большая за Беларусь. І ўявіце сабе: у 1989 годзе якутаў у Якуціі заставалася ўсяго 33%. На сёння ж іх доля вырасла да 53%! Яны зноў сталі большасцю на ўласнай зямлі, што дае ім новыя гістарычныя шанцы.
Расія не толькі з’яўляецца самай вялікай краінай у свеце, але і некаторыя яе суб’екты з’яўляюцца такімі велізарнымі, што нават апярэджваюць большасць краін па плошчы. Напрыклад, Рэспубліка Саха (Якуція) займае ажно 18% тэрыторыі Расіі. Калі б Якуція была незалежнай дзяржавай, яна б стала восьмай дзяржавай у свеце па плошчы, зусім трохі саступаючы па плошчы Індыі.
Праўда, у Індыі жыве каля 1,3 мільярда чалавек, у Якуціі на амаль ідэнтычнай плошчы няма і мільёна. Гэта ўнікальнае ўтварэнне ў складзе Расіі мае надзвычай маленькую шчыльнасць насельніцтва, перадусім праз люты клімат: зімой тэмпература апускаецца да -60, а летам уздымаецца да +40. І вось у такіх умовах якуты стварылі самабытную культуру.
Гэтая рэспубліка ўнікальная не толькі невыносным кліматам і багатымі запасамі карысных выкапняў, але і тым, што ў часы перабудовы і ў 1990-я Якуція перажыла сапраўднае нацыянальнае адраджэнне. І як адгалосак тых часоў, тут дагэтуль высокі адсотак якуцкіх школ, нацыянальнае тэлебачанне і радыё вяшчаюць пераважна на мове саха і робяць якуцкамоўныя тэлесерыялы, існуе даволі развітая эстрада і папулярны кінематограф на якуцкай мове. І гэта пры тым, што агульная колькасць якутаў не перавышае 500 тысяч чалавек.
Якуты маюць нацыянальны гонар: яны прыйшлі з берагоў Байкала на землі, што сталі Якуціяй, недзе ў XII—XIV ст., асімілявалі малалікія мясцовыя плямёны і стварылі моцную, устойлівую культуру. Яны нават вывелі прыстасаваныя да жыцця ва ўмовах поўначы пароды «якуцкай каровы» і «якуцкага каня».
Аднак у ХХ ст. якутам удалося нават больш, чым іншым народам Расіі.
У чым сакрэт поспеху невялікага, але раскінутага на велізарнай плошчы народа, а таксама з якімі праблемамі сутыкаецца якуцкі нацыянальны рух, «Наша Ніва» абмеркавала са стваральнікам якуцкай «Вікіпедыі» і папулярызатарам якуцкай мовы Мікалаем Паўлавым.
НН: У чым сакрэт адноснага поспеху Якуціі, асабліва калі параўноўваць вас з іншымі народамі Расіі, дзе з нацыянальнай самасвядомасцю горшая сітуацыя?
МП: Нейкага асобнага сакрэту няма. З пачаткам перабудовы ва ўсіх нацыянальных ускраінах Расіі адбываліся працэсы росту нацыянальнай самасвядомасці. Тая спружына, якая была пад палітычным ціскам у гады СССР, нечакана выпрасталася. Адбылося культурнае адраджэнне амаль усіх этнасаў, якія засяляюць Расію.
Розніцу я бачу ў захаванні нацыянальнай якуцкай школы ў савецкія часы. У адрозненне ад большасці іншых рэспублік Расіі, у Якуціі заўсёды была высокай доля нацыянальных школ. Усе прадметы з 1 да 10 класа вывучаліся на якуцкай мове. Таму рост нацыянальнай самасвядомасці ў часы перабудовы быў істотным. Шмат жыхароў рэспублікі, у тым ліку не саха, пачалі вывучаць мову самастойна. Бацькі імкнуліся забяспечыць дзяцей адукацыяй на якуцкай мове.
Праўда, цяпер цалкам нацыянальных школ у Расіі, у тым ліку ў Якуціі, практычна не засталося, бо Адзіны дзяржаўны экзамен [аналаг беларускага ЦТ] цяпер можна здаваць толькі на рускай мове. Але тым не менш, у большасці школ Якуціі існуе так званы «нацыянальны кампанент». Выкладанне цалкам на якуцкай мове існуе толькі ў пачатковай школе.
Таму зараз, на мой погляд, якуцкая мова ўсё ж здае свае пазіцыі. Але, як вы трапна адзначылі, у параўнанні з іншымі рэспублікамі сітуацыя не такая ўжо і дрэнная. Захаванне адукацыі ў пачатковай школе на якуцкай мове было ключавым фактарам.
Якуты — малалікі этнас, але амаль усе валодаюць размоўнай і пісьмовай мовай. Існуе вялікая колькасць часопісаў, газет і кніг па-якуцку. Мы падлічылі, што летась наша галоўнае выдавецтва выдала каля 400 кніг на якуцкай мове. Гэта не тыя тыражы, якія былі ў гады СССР, але попытам гэтыя кнігі карыстаюцца.
Існуе некалькі агульнарэспубліканскіх газет, і яны таксама адносна папулярныя, калі ўлічваць маленькае насельніцтва Якуціі. Напрыклад, якуцкая газета «Кыым» ужо доўгі час мае самы вялікі наклад сярод нацыянальных газет народаў Расіі і нават апярэджвае татарскія выданні. Хаця татараў разоў у 10 больш, чым нас.
Што тычыцца нацыянальнага тэлебачання «НВК Саха», яно вяшчае кругласутачна і робіць праграмы пераважна на якуцкай мове. Гэтая ж кампанія мае і радыёстанцыю. І там эфір таксама, за невялікім выключэннем, на якуцкай мове.
У 90-я гады адбыўся сапраўдны бум кінематографа. У нас здымалася, дый зараз здымаецца, вялікая колькасць самых розных фільмаў і серыялаў па-якуцку. Жанры самыя розныя: і фільмы жахаў, і камедыі, і меладрамы, і філасофскія прыпавесці. Праўда, пакуль не зусім зразумела, што будзе ў будучыні. У Расіі зараз вырашылі істотна падвысіць мыта з кінавытворцаў, што можа стаць непад’ёмным для дробных гульцоў. Нашыя кінематаграфісты знаходзяцца ў разгубленым стане, таму што такія ўмовы зробяць пракат якуцкіх фільмаў немагчымым.
Але я ўсё ж хацеў бы адзначыць, што выкарыстанне мовы ў побыце, асабліва ў спалучэнні з захаваннем традыцыйнай гаспадаркі (а якуты з’яўляюцца самымі паўночнымі жывёлагадоўцамі), развіццё медыя, розных жанраў літаратуры і развіццё іншых культурных інстытутаў важнае, але
самае галоўнае — наяўнасць нацыянальнага школьніцтва. Толькі сярэдняя школа можа забяспечыць людзей не толькі ведамі вуснага штодзённага маўлення, але і навучыць іх пісьмовай мове, прышчапіць навыкі чытання, разумення высокіх стыляў літаратурнай мовы, каб такія людзі ў будучыні маглі спажываць прадукцыю пісьменнікаў і журналістаў.
НН: Як якуцкая мова адчувае сябе ў інтэрнэце?
МП: Сапраўды, мы пачалі звяртаць увагу на інтэрнэт як на асяроддзе для новых пакаленняў саха. Зразумела, што калі мова не трапіць у інтэрнэт, моладзь ад сваёй мовы будзе адыходзіць. Дзейнічаем мы з пераменным поспехам. Дагэтуль існуе не так шмат рэсурсаў, якія цалкам падтрымліваюць мову саха.
Калі мы не забяспечым прадстаўніцтва мовы ў інтэрнэце — яна стане аўтсайдарам. Мовамі вялікіх народаў займаюцца карпарацыі. А мовамі малых народаў вымушаныя займацца самастойна самі малыя народы.
Прыярытэтным кірункам мы выбралі Вікіпедыю. Яна запатрабавана людзьмі і шмат кім выкарыстоўваецца. Артыкулы пішуцца добраахвотнікамі. На жаль, не ўсе ведаюць, што кожны чалавек можа напаўняць гэты рэсурс. Наша мэта — растлумачыць людзям, што гэта можна рабіць, а таксама паказаць, як гэта зрабіць правільна.
Сацыялінгвісты кажуць, што мовы, у якіх няма Вікіпедыі, не маюць і будучыні. Наяўнасць уласнай энцыклапедыі азначае наяўнасць людзей, якія гатовыя захоўваць і развіваць сваю мову. Таксама гэта кажа пра тое, што ў мовы ёсць развіты тэрміналагічны апарат, які дазваляе пісаць навуковыя артыкулы.
Немалаважным з’яўляецца і пытанне прэстыжу мовы. Калі мова становіцца непрэстыжнай, бацькі перастаюць вучыць ёй сваіх дзяцей. А наяўнасць Вікіпедыі спрыяе падвышэнню прэстыжу ў вачах простых людзей.
НН: Якуцкае нацыянальнае адраджэнне часоў перабудовы і 1990-х з’яўлялася выключна моўна-культурным ці яно ўздымала і палітычныя пытанні? Ці існавалі ідэі стварэння ўласнай незалежнай якуцкай дзяржавы?
МП: Вядома, любы народ не маналітны. Розныя меркаванні заўсёды былі і будуць. Такія палітычныя заявы тады таксама гучалі. Але гэта не знайшло падтрымкі сярод большасці якутаў.
З аднаго боку, сярод нас заўсёды былі імкненні да большай самастойнасці, каб самастойна вызначаць сваю будучыню. Гэта натуральна, гэта можна зразумець. Але заявы пра поўную незалежнасць ад Расіі ніколі не карысталіся вялікай папулярнасцю. Якуцкі народ не бачыць магчымасцяў, каб нейкі сур’ёзны рух за незалежнасць мог узнікнуць.
НН: На ваш погляд, русіфікацыя, якая адбывалася і адбываецца ў расійскіх рэспубліках, — аб’ектыўны працэс, выкліканы палітычнымі і сацыяльнымі прычынамі, альбо мэтанакіраваная палітыка Масквы?
МП: Трэба разумець, што федэральная ўлада неаднародная. Там існуе шмат розных рухаў, розных людзей, якія мысляць па-рознаму. Адно крыло хоча русіфікацыі, каб пазбавіць краіну магчымых праяваў сепаратызму. Іншае крыло, наадварот, разумее, што Расія можа быць канкурэнтаздольнай толькі тады, калі яна здолее захаваць сваю разнастайнасць. Калі чалавек адчувае, што яго мова і яго культура цэняцца, паважаюцца дзяржавай і падтрымліваюцца, то сепаратызм не можа развівацца. Спадзяюся, што гэта разуменне ўрэшце атрымае перавагу на федэральным узроўні.
НН: Якія адносіны ў якуцкага нацыянальнага руху, папулярызатараў якуцкай мовы з мясцовымі ўладамі?
МП: Захаванне культуры запатрабавана народам. Таму і чыноўнікі вымушаны культуру падтрымліваць, асабліва з улікам таго, што сярод чыноўнікаў шмат этнічных саха. Іншая справа, што не заўсёды ёсць разуменне таго, як правільна гэта рабіць. Часам не хапае сродкаў, каб нешта ажыццяўляць. Часам замінаюць некаторыя законы, якія прымаюцца на карысць палітычных фактараў.
НН: Якуцкая мова з’яўляецца цюркскай. Як ставяцца ў Якуціі да панцюркізму?
МП: Ставяцца абсалютна нармальна. Мы як цюркскі народ маем роднасныя пачуцці да іншых цюркаў. Але і нельга сказаць, каб Якуція вельмі актыўна ў гэтым удзельнічала. Па-першае, наша мова, як і чувашская, даволі даўно адгалінавалася ад агульнацюркскай, таму мы не разумеем іншых цюркаў. А яны, адпаведна, не разумеюць нас. Па-другое, мы жывём даволі далёка ад іншых цюркаў. Ну і трэцяе, большая частка цюркаў — мусульмане, а мы, якуты, спалучаем праваслаўе з нашай традыцыйнай рэлігіяй.
Даўно, калі я яшчэ быў школьнікам, я бываў у Беларусі. Я адчуў высокую цану, якую заплаціў ваш народ у Другой сусветнай вайне. Я радаваўся, што людзі пазнавалі нас, якутаў, і адразу пыталіся пра вольную барацьбу, таму што нашыя алімпійскія чэмпіёны з Якуціі трэніраваліся тады ў беларускіх трэнераў. У мяне ёсць беларускія сябры, з якімі я служыў у арміі, навучаўся ва ўніверсітэце і працаваў у адной кампаніі. У Якуціі працуе шмат беларускай тэхнікі. Дазвольце перадаць вашым чытачам якуцкі алгыс (пажаданне):
Кэскилгит кэҥээтин, ойбоҥҥут уолбатын! (Хай не вычэрпваюцца вашы крыніцы, а будучыня будзе шырокай!)
Каментары