Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Еўрапала, Сакрэтнай службы ЗША і паліцыі Кіпра спынена дзейнасць арганізаванай злачыннай групы, ахвярамі якой сталі больш за 130 тысяч трымальнікаў плацежных карт з 29 краін, перадае прэс-служба ведамства.
Злачынная група займалася кампраметацыяй крэдытных карт з выкарыстаннем камп'ютэрных тэхналогій і шкоднасных праграм. Для гэтых мэтаў былі створаны некалькі падстаўных анлайн-крам і фіктыўная кампанія па распрацоўцы праграмнага забеспячэння.
Кіберзлачынцы звязваліся з легальнымі аплатнымі анлайн-сэрвісамі і імітавалі правядзенне шматлікіх міжнародных транзакцый. У далейшым выкрадзеныя сродкі пераводзіліся на банкаўскі рахунак на Кіпры. Дзякуючы вялікай колькасці транзакцый з маленькімі сумамі, звязанымі з інтэрнэт-сэрвісамі, ім некалькі месяцаў ўдавалася заставацца незаўважанымі.
Сума нанесенай шкоды складае больш за 8 мільёнаў еўра. Чатыры ўдзельнікі групы, уключаючы лідара, былі выяўленыя і затрыманыя праваахоўнымі органамі Беларусі.
Судом Фрунзенскага раёна г. Мінска ў ходзе разглядаў па гэтай справе аднаму з фігурантаў быў вынесены прысуд у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на сем гадоў.
Каментары