Канфлікт вакол пабудовы бізнэс-цэнтра ў Зялёным Лузе каля Курапатаў набірае абароты. Учора адзін з абаронцаў Курапатаў быў затрыманы, сёння ўначы на ўдзельнікаў акцыі напалі невядомыя. На 18:00 быў анансаваны вялікі сход мясцовых жыхароў, якія сабраліся абмеркаваць сітуацыю вакол будоўлі.
18:00
Пакуль жыхары збіраюцца, будаўнікі хуценька заканчваюць зашываць будоўлю высокім металічным плотам. Адна з мясцовых жыхарак скардзіцца: бадзяліся п'яныя рабочыя, іх толькі прыбралі адсюль.
Жыхары ўжо сабралі 600 подпісаў пад зваротам супраць будоўлі. Паперу накіравалі ў пракуратуру і Палату прадстаўнікоў.
Тым часам «лагер» пратэстоўцаў павялічыўся, стаяць ужо два намёты, ляжаць паддоны.
18:05
На зборы прыкладна паўсотні чалавек разам з журналістамі. Сярод прысутных — Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Алесь Лагвінец, Аляксей Янукевіч, Антон Матолька.
«Нашы ўнукі падрастуць і будуць у гэтае казіно бегаць», — абураюцца бабулі, ківаючы на будоўлю.
«Нашае патрабаванне — гэтую будоўлю спыніць!» — кажа Севярынец. Яго падтрымліваюць апладысментамі. Таксама ён заклікаў пайсці 1 сакавіка на прыём да кіраўніка Мінгарвыканкама Андрэя Шорца.
18:10
Актывісты кажуць, што заяву ў міліцыі наконт ранішняга нападу ў іх прынялі.
Алесь Кіркевіч, якога раніцай ударылі па галаве, таксама прысутнічае на зборы.
18:15
Людзей ужо больш за сотню.
18:20
Мясцовыя жыхары працягваюць збор подпісаў супраць будоўлі.
18:30
Выступае мясцовая жыхарка. Кажа, з чатырох дамоў сабралі 800 подпісаў. Жыхары абураюцца дэпутатам Сокалам, які не рэагуе на патрабаванні выбарцаў: «Яны ўсе вельмі хутка забываюць, хто іх выбраў».
18:40
Рабочыя зашылі ўсё, павесілі пашпарт аб'екта — рабочы дзень скончаны. Сыходзяць бягом, людзі крычаць ім «ганьба!».
18:50
Выступы скончыліся, народ паціху разыходзіцца. Пастанавілі, што подпісы перададуць уладам. Зміцер Дашкевіч заявіў, што, нягледзячы на ранішнія падзеі, актывісты і сёння будуць ночыць у намётах. «Выставім пасты», — дадаў ён.
Каментары