Другое прышэсце Горвата ў Мінск выклікала ажыятаж ФОТЫ
Андрусь Горват выдаў ужо другі наклад сваёй кнігі і правёў аўтограф-сесію для чытачоў.
Ля невялікага памяшкання касы Купалаўскага тэатра стаіць толькі шыльдачка з вокладкай кнігі. А ўнутры — не прапіхнуцца ад ахвотных атрымаць асобнік «Радзіва Прудок» з аўтографам аўтара. Андрусь Горват — той самы аўтар — выдаў ужо другі наклад сваёй кнігі-дзённіка.
Ад Горвата людзі выходзяць з усмешкамі.
«Я ўзяла сабе, сваякам і яшчэ адну ў падарунак каму-небудзь. Кніга вельмі падабаецца: лёгка напісана, лёгка чытаецца. Я перачытвала ўжо некалькі разоў», — кажа Ірына. Яна набыла ажно тры кнігі.
«Я прыехала па кнігу ў свой абедзенны перапынак. Чытаю Горвата ў фэйсбуку, вельмі падабаецца, захапіла. Вось нарэшце і кніжку набыла», — кажа Валянціна Міхайлаўна.
«Горват — гэта наш беларускі Грышкавец, — мяркуе Арцём. Ён называе сябе знаёмым Горвата — яны калісьці працавалі разам. — Ён пераказвае тое, што ў цябе ў галаве, але сам ты гэта не прагаворыш».
33-гадовы Андрусь Горват з Мінска пераехаў у старую дзедаву хату ў роднай вёсцы Прудок. Там ён завёў казу, напісаў кнігу і стаў сапраўднай зоркай Байнэту.
Горват быў адкрыты «Нашай Нівай» — рэдактар заўважыў ягоныя запісы ў фэйсбуку, якія тады чытала жменька яго фрэндоў.
Шэраг ягоных пастоў у фэйсбуку, сабраны ў адзіны артыкул, стаў самым чытаным матэрыялам 2015 года на сайце «НН». Непаўторны стыль, абсалютная аголенасць пачуццяў і абсалютная беларускасць — чытачы хутка палюбілі Горвата.
«На Палессі маленькія кусачыя мошкі называюць маскалямі. Вось так мова захоўвае памяць пра колішнія падзеі.
* * *
Сёння я правёў дзень са сваей цёткай з Калінкавічаў. Цёця Воля размаўляе па-беларуску, не глядзіць тэлевізар, належыць да ''Сведкаў Іеговы'' і баіцца гадзюк. Тыдзень таму яна няўдала павярнулася на ложку і атрымала пералом ключыцы. З гэтай нагоды я і бавіў сення час на яе градках. Прачнуліся мы ў чатыры раніцы, прайшлі восем кілометраў, пабачылі сем маленькіх чорненькіх гадзюк. Цетка кажа, што, каб забіць гада, яго трэба праткнуць наскрозь галінкай. Калі не праткнуць, іншыя гады выцягнуць яго з іншасвету. Яна ў гэта верыць. Я ў гэта веру.
* * *
Праз некалькі гадзін сяду ў цягнік. Буду ехаць у Мінск і думаць пра галоўнае: дзе лепей пераапрануцца - у вакзальнай прыбіральні ці ў тэатры. Праверу, ці ёсць у кішэні паўтара рубля на каву. Паспрабую ўспомніць, колькі каштуе метро. Нагадаю сабе, што ў Мінску гавораць «ё», а не «е». Буду сядзець, пазіраць на дзіравыя шкарпэткі храпучага дзядзькі і паўтараць: «ё. ё. ё». Правадніца скажа:
— Вам адзіяла даць?
Адкажу:
— У мяне ўжо е.
Можа нават засну на гадзінку.
Прачнуся, успомню, навошта прыехаў, і — пачну панікаваць.
Па-мойму, блісцяшчы план», — з Фэйсбука і кнігі Андруся Горвата.
Спачатку Горват абмяжоўваўся пастамі ў фэйсбуку, а ў 2016 годзе саспеў і да выдання кнігі. Грошы збіраў краўдфандынгам — сродкі на кнігу пад назвай «Радзіва Прудок. Дзённік» былі сабраныя за тыдзень. Прычым наклад для першай кнігі аўтара сучбелліта быў неблагі — выйшла 650 асобнікаў першага выдання, якія разышліся імгненна. Таму выдавецтва вырашыла выпусціць яшчэ адзін наклад — ужо 1000 асобнікаў. Для параўнання, першы наклад «Возера радасці» Марціновіча склаў 1500 асобнікаў, апошняй кнігі Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын» — 300 асобнікаў.
Акрамя падрыхтоўкі кнігі і гадавання казы, Андрусь Горват час ад часу прымае ў Прудку беларускіх і замежных журналістаў і гасцей.
Але ж на сённяшняй аўтограф-сесіі з журналістамі Горват вырашыў не размаўляць.
«Чаму? Ну, хацелася, каб сустрэча з чытачамі была, а не з журналістамі», — кажа ён.
Як стала вядома ўвечары, усяго ўжо прададзена 750 асобнікаў кнігі «Радзіва Прудок».
Каментары