Старшыня Віцебскага аблвыканкама: На будаўніцтва Сафійскага сабора няма грошай
На пратэсты супраць будаўніцтва Сафійскага сабора ў Віцебску зрэагаваў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.
З ініцыятывай пабудовы Сафійскага сабора выступіў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый. Для будынка вызначылі месца на ўсходнім беразе Дзвіны, паміж вуліцамі Чэхава і Урыцкага, у здзічэлым парку Партызанскай Славы. Епархія атрымала ўсе дазвольныя дакументы.
Аднак ідэя будаўніцтва выклікала крытыку як філасофскую, так і з пункту гледжання камфорту гараджан.
Па-першае, існуе ўнікальны Сафійскі сабор у Полацку. Як лічыцца, яго пабудова была звязаная з жаданнем полацкіх князёў сцвердзіць самастойнасць нашых зямель — іншыя Сафійскія саборы існавалі ў Кіеве і Ноўгарадзе. Будаўніцтва яшчэ аднай Сафіі, ды яшчэ такой манументальнай, выклікала неўразуменне.
Па-другое, гараджане негатыўна паставіліся да перспектывы замены парку культавым будынкам. На іх думку, храмаў у цэнтры горада досыць. Яны катэгарычна супраць высечкі старых дрэваў.
У сувязі са зваротамі грамадзян у органы ўлады працоўную нараду з удзелам кіраўніцтва Віцебскага гарвыканкама, адпаведных абласных службаў правёў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. Ён наведаў месца будучай будоўлі, каб на месцы вывучыць дакументацыю, праект, прывязку да мясцовасці.
— Дадзеная тэрыторыя адназначна мае патрэбу ў тым, каб яе прывесці ў парадак. Але пакуль не вырашана пытанне з крыніцай фінансавання ўзвядзення храма (на гэтыя мэты не прадугледжаны і не будуць выкарыстаныя сродкі з бюджэту), размова аб пачатку будаўнічых работ заўчасная. Тут патрэбны ўзважаны канструктыўны падыход, — цытуе Шарстнёва газета «Вітебскіе весті».
Такім чынам, ідэю будаўніцтва могуць адкласці на святога ніколі.
Каментары