Украінскага дыпламата Ігара Федзікевіча выслалі з Расіі, паведамляюць расійскія інфармагенцтвы са спасылкай на крыніцы ў МЗС РФ.
Па словах суразмоўцаў агенцтваў, высылка дыпламата, які працаваў у Санкт-Пецярбургу, стала адказам на выправаджэнне з Украіны супрацоўніка расійскага консульства ў Адэсе. Крыніцы назвалі гэты крок «сіметрычнай мерай».
Расійскі дыпламат Валерый Шабека быў высланы з Украіны і абвешчаны персонай нон-грата ў ліпені. Рашэнне аб высылцы расейца ўкраінскае міністэрства замежных спраў прыняло на падставе матэрыялаў, атрыманых ад спецслужбаў.
У службе бяспекі Украіны заявілі, што дзейнасць Шабекі была несумяшчальная з дыпламатычнай, не патлумачыўшы, пра што менавіта ідзе гаворка. У СБУ таксама адзначылі, што Шабека парушыў Венскую канвенцыю аб дыпламатычных зносінах.
Тады расійскі МЗС назваў высылку свайго дыпламата непрыязным крокам і паабяцаў прыняць меры ў адказ.
Каментары