Пуцін прызначыў свята «зялёных чалавечкаў» на першы дзень акупацыі Крыма
Прэзідэнт РФ Уладзімер Пуцін учора падпісаў указ, у якім вызначыў свята Сіл спецыяльных аперацый Расіі. У ім вызначаны дзень — 27 лютага як «Дзень сіл спецыяльных аперацый».
Reuters.com
Менавіта ў гэты дзень год таму цяжкаўзброеныя людзі ў вайсковай форме без знакаў адрознення захапілі Дом ураду ўкраінскай аўтаномнай рэспублікі Крым.
Сілы спецыяльных аперацый РФ — вайсковыя фармаванні Міністэрства абароны РФ, якія знаходзяцца ў простым падпарадкаванні начальніка Генеральнага штаба.
У ноч на 27 лютага 2014 года невядомыя са зброяй у руках, узброеныя сучаснай расійскай зброяй, у тым ліку гранатамётамі і кулямётамі, захапілі будынкі Вярхоўнай Рады і урада Крыма. Над будынкамі былі паднятыя расійскія сцягі. У гэты ж дзень быў заблакаваны праезд па дарогах, якія звязваюць матэрыковую Украіну з паўвыспай.
Пад рулямі аўтаматаў і кулямётаў было прызначана новае кіраўніцтва Крыма — старшынёй урада стаў лідар прарасійскай партыі «Расійскае адзінства» Сяргей Аксёнаў. Гэтая партыя ў Крыме ніколі не атрымлівала больш за 4% галасоў.
Расійскія войскі без апазнавальных знакаў сталі блакаваць украінскія вайсковыя часткі ў Крыме, захопліваць стратэгічныя кропкі. Пачаўся працэс акупацыі і анэксіі Крыма Расіяй.
Каментары