У «Драздах-2» папаўненне: падсяляюць старшыню Следчага камітэта і дырэктарку Беларускай калійнай кампаніі
Апошнім жыхаром Вяснінкі стаў Валянцін Шаеў, у суседнім раёне будзе жыць Алена Кудравец.
За апошнія некалькі гадоў беларускія чыноўнікі атрымалі больш за 40 зямельных надзелаў у сталічным раёне Вяснінка. Міністры, сілавікі, адстаўнікі… Падрабязней пра новых жыхароў «Драздоў-2» «Наша Ніва» распавядала ў №21 ад 4 чэрвеня.
Пасля той масавай раздачы свабодным заставаўся толькі адзін надзел. Гэта апошні ўчастак на вуліцы Сёмкаўскай, па суседстве з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.
Як стала вядома «НН», у пачатку красавіка 2014 года надзел плошчай 0,12 га ўсё ж знайшоў гаспадара. Паводле рашэння Мінгарвыканкама, ім стаў старшыня Следчага камітэта Валянцін Шаеў.
Чым адметны гэты сілавік?
Гэта адзін з нямногіх чыноўнікаў, у афіцыйных біяграфіях якіх адсутнічае інфармацыя пра дакладнае месца нараджэння. «Нарадзіўся ў 1964 у Віцебскай вобласці» — дзіўная таямнічасць. Такія ж фармулёўкі ёсць толькі ў біяграфіях старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і былога разведчыка, а цяпер міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.
У 27 гадоў Шаеў скончыў БДУ і пачаў працу следчым у пракуратуры. Праз сем гадоў ён стаў пракурорам Расонскага раёна, а яшчэ праз пяць — Віцебскага раёна.
У 2006 Шаева павысілі ў пасадзе і забралі ў Мінску ў Генеральную пракуратуру. У сталіцы ён стаў начальнікам упраўлення па наглядзе за расследаваннем крымінальных спраў. Пасля была яшчэ праца пракурорам Гомельшчыны (з 2009 да 2012) і, нарэшце, вяртанне ў сталіцу на пасаду намесніка старшыні Следчага камітэта.
А калі ягонага начальніка Валерыя Вакульчыка забралі кіраваць КДБ, Следчы камітэт узначаліў Шаеў.
Чыноўнік пачаў абжывацца ў Мінску яшчэ падчас першага пераезду ў сталіцу. Уступіў у жыллёвы кааператыў, пабудаваў кватэру. Вось толькі пажыць у ёй фактычна не паспеў, бо быў накіраваны ў Гомель.
Цяпер жа Шаеву перапала 12 сотак элітнай зямлі ў Мінску. Ён атрымаў яе ў пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну. Афіцыйная кадастравая цана ягонага надзела перавышае $230 тысяч. Рэальная рынкавая — даходзіць да $600—700 тысяч. Гэта заробак чыноўніка ўзроўню Шаева за некалькі дзесяцігоддзяў.
Нядаўна Валянцін Шаеў прапанаваў увесці дадатковую адказнасць для занадта багатых чыноўнікаў. «Такая адказнасць магла б быць у выглядзе спагнання ў даход дзяржавы маёмасцi, памер якой значна перавышае даходы чыноўніка і паходжанне якой гэта службовая асоба не можа пацвердзіць». Залатыя словы.
Шаеў атрымаў зямлю сёлетнім рашэннем Мінгарвыканкама №778, а папярэднім рашэннем надзел пад будаўніцтва перадалі яшчэ адной прадстаўніцы ўлады, генеральнай дырэктарцы «Беларускай калійнай кампаніі» Алене Кудравец.
Цікава, што і рэгістравалі сваю нерухомасць яны амаль адначасова, з розніцай літаральна ў 15 хвілін.
Кудравец не хапіла месца ў «Драздах-2», таму яе пасялілі крыху далей, у мікрараёне Ржавец («Лебядзіны»). Гэта месца паміж «Мінск-Арэнай» і рынкам «Ждановічы», за кіламетр ад Вяснінкі. Тут катэджы чаргуюцца з навабудамі-шматпавярховікамі, таму і зямля каштуе танней. Надзел Алены Кудравец плошчай 10 сотак афіцыйна каштуе $160 тысяч.
Бізнэс-вумен зрабіла кар’еру на «Беларуськаліі», дзе працавала 20 гадоў пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ ў 1992-м. Казалі, што Кудравец ніколі не была прыхільніцай сумеснай працы з Расіяй, таму пасля калійнага канфлікту кіраваць Беларускай калійнай кампаніяй прызначылі менавіта яе.
Каментары