Сцэнарыст Курэйчык абвінаваціў офіс ПРААН у Беларусі ў карупцыі. Прадзюсар Ждановіч: Ён піярыцца
Андрэй Курэйчык і здымачная група фільма «Вышэй за неба» выставілі новыя абвінавачванні на адрас офіса Праграмы развіцця ААН у Беларусі. Гэтым разам, аднак, справа не звязана з аўтарскімі правамі ці абвінавачваннямі ў пасобніцтве беларускай цэнзуры.
Сцэнарыст Андрэй Курэйчык, рэжысёр Дзмітры Марынін і кампазітар Дзмітры Фрыга апублікавалі ў сацыяльных сетках заяву, у якой вінавацяць супрацоўнікаў ПРААН у выкарыстанні ценевых схемаў і махінацыях падчас правядзення тэндараў на пастаўку паслуг для здымак фільма з бюджэтам 500 000 даляраў.
Згодна з заявай, супрацоўніцы ПРААН несумленнымі метадамі забяспечвалі перамогу ў тэндарах кампаній прадзюсара Сяргея Ждановіча. «НН» пагутарыла з Андрэем Курэйчыкам, каб даведацца пра акалічнасці справы.
«НН»: Вы ўзгадваеце супрацоўнікаў N i N. Якой была іх роля падчас здымак «Вышэй за неба»?
Андрэй Курэйчык: Адна была каардынатаркай праекта ад ПРААН, а другая адказвала за фінансавыя і арганізацыйныя справы.
«НН»: Якія паслугі аказваў Сяргей Ждановіч, якога вы падазраеце ў перамозе ў «дзіўных» тэндарах?
АК: Гэта арганізацыя здымак, выдзяленне здымачнай тэхнікі, тэхнічнага персанала. Праз яго кампанію, наколькі я разумею, меліся выплочвацца заробкі і г.д. То бок усё, што тычылася фінансаў. Мы як творчая група да фінансаў не мелі ніякага доступу і займаліся толькі здымкамі. Астатнімі паслугамі займаліся іншыя юрыдычныя асобы, якіх выбірала ПРААН. І выбірала, як мы лічым, несумленным спосабам.
«НН»: Ці ведаеце Вы, чаму выбіралі менавіта Сяргея Ждановіча?
АК: Не. Наколькі я ведаю, шмат кампаніяў падаваліся на ўдзел і ў вытворчасці фільма, і ў
«НН»: Вы заяўляеце, што можаце выступіць сведкам па факце махінацыяў з тэндарамі. Ці ёсць у вас нейкія дакументальныя пацверджанні карупцыі?
АК: Так. Мы [заяву акрамя Курэйчыка падпісалі рэжысёр Дзмітры Марынін і кампазітар Дзмітры Фрыга — НН] не будзем галаслоўна абвінавачваць людзей без магчымасці нешта пацвердзіць.
Мы аб’ядналі інфармацыю, якую мелі. Часткова гэта [меркаваная падтасоўка — НН] адбывалася ў нашай прысутнасці, часткова інфармацыя перадавалася праз членаў здымачнай групы. Мы сабралі электронныя лісты, перапіску праз скайп, сабралі тыя сведчанні, якія мы з задавальненнем гатовыя перадаць следству ці аўдытару, суду… каму заўгодна.
«НН»: Вы ўзгадваеце парушэнні працоўнага заканадаўства, пошук фіктыўных канкурэнтаў для тэндараў. Скажыце, а падчас здымак вы паведамлялі пра гэтыя факты ці заплюшчвалі вочы? Чаму вы робіце гэтыя факты публічнымі толькі цяпер?
АК: Зразумела, мы паведамлялі пра гэта свайму непасрэднаму кіраўніцтву, ёсць перапіска. Проста мы не выводзілі гэта ў публічную плоскасць. Пра розныя выпадкі паведамлялі
Цяпер мы накіравалі заяву кіраўніку офіса ААН у Беларусі Фарыду Каракханаву і папрасілі пра праверку, бо ААН — дыпламатычная арганізацыя, і толькі яна, калі пажадае (а раптам і не пажадае!), можа праводзіць аўдыт сваіх падпадзяленняў.
Мы загадзя не настойваем на чыёйсьці вінаватасці — можа, тут так прынята, можа, тут заўсёды так працуюць. Таму і папрасілі: давайце даведаемся, што гэта такое? Ці нармальная гэтая практыка ўвогуле? І ці ўжываецца яна толькі да фільма ці агульна для ўсіх праектаў офіса.
«НН»: Ці была ўжо афіцыйная рэакцыя з боку ААН?
АК: У гэтым уся справа. Мы пачалі распаўсюджваць гэтую заяву ў інтэрнэце менавіта праз адсутнасць рэакцыі. Заява была напісана дастаткова даўно, і мы спадзяваліся, што нехта патэлефануе, адгукнецца, скажа «давайце разбярэмся». Але рэакцыі не было, і тады мы вырашылі абмеркаваць усё публічна.
«НН»: Заява была накіравана толькі ў беларускае прадстаўніцтва ААН?
АК: Так. Мы спадзяваліся, што нам адкажуць. Адказу няма. Таму мы рыхтуем пераклад і будзем разбірацца далей. Хай іх кіраўніцтва разбіраецца.
З аднаго боку, гэта іх унутраная справа, якая тычыцца размеркавання сродкаў. З іншага боку, гэта тычыцца і праграмаў дапамогі, і лекаў, магчыма, медыцынскага абсталявання. У гэтай арганізацыі «пракручваюць» мільёны даляраў, і, мы падазраем, часам гэта робіцца вельмі дзіўным чынам. У чыіх інтарэсах гэта робіцца — трэба высвятляць. Гэта важна і для нас, і для ААН у плане адпаведнасці іх працэдурам. Таму я спадзяюся, што ААН далучыцца да гэтай справы.
Прадзюсэр Сяргей Ждановіч не зусім згодзен з версіяй падзей, агучанай Курэйчыкам, Марыніным і Фрыгам у сваёй заяве.
— Яны выліваюць бруд, ім патрэбна піярыцца, — кажа Сяргей Ждановіч у інтэрв’ю «НН». — Мы праінвеставалі ўсё самі, мы зрабілі серыял, — удакладняе ён.
— Андрэй — таленавіты драматург, і гэта ён прывёў мяне ў працу над серыялам. Ён прыйшоў да мяне са словамі «Сяргей, ратуй. Няма грошай, а трэба здымаць фільм». У ААН грошай таксама было няшмат — на 8 серый каля 200 000 даляраў. Калі вы нешта ведаеце пра кінематограф, павінны разумець, што ў кіно зусім іншыя лічбы. Адна серыя звычайна каштуе больш. Мы бярэм удзел у здымках серыяла з бюджэтам серыі 5 мільёнаў.
ПРААН нас таксама прасіла: «Вы можаце нам дапамагчы? Вы можаце зрабіць усё па цэнах, якіх не знойдзеш?» Я актыўна займаюся дабрачыннасцю, з’яўляюся сябрам міжнароднага дабрачыннага клуба «Ротары». Калі я даведаўся пра мэту праекта — прафілактыка СНІДу, я ўзяўся за яго як за дабрачынны, працаваў за ідэю. Я не зарабіў на гэтым праекце грошай. Наадварот, я з’яўляўся адным са спонсараў фільма «Вышэй за неба». У мяне за гэта нават ёсць ліст падзякі.
У ААН не так і проста махляваць з тэндарамі. ААН — сур’ёзная арганізацыя, і мае вельмі жорсткую і эфектыўную палітыку бяспекі. Офіс ПРААН у Мінску — гэта толькі рэгіянальнае прадстаўніцтва. Усё узгадняецца з «кантры офісам» [Country Office — НН] у
Але Андрэй «чарніць» усіх запар. Чаму ён гэта робіць — вось галоўнае пытанне, і я не ведаю адказу. «Вышэй за неба» — выдатная ідэя, з удзелам таленавітага драматурга Курэйчыка. Тым больш, кантракт не забараняў Андрэю рабіць аўтарскую версію. Але спачатку, як прапісана, зрабілі 8 серыяў — і потым займайся сваёй версіяй, вязі яе на фестывалі. Усё ж замаўляла серыял ААН, і яна вызначала ўмовы.
Курэйчык казаў, што не заплацілі масоўцы. Дык пры мне ж быў выпадак: ён, не паведаміўшы кіраўніцтву, прывёў на пляцоўку нейкіх людзей і здымаў іх. Але калі ён з імі сам дамаўляўся, то павінен быў скласці нейкія кантракты ці яшчэ што і разлічыцца з гэтымі акторамі. І чамусьці жонка Андрэя, якая здымалася сярод актораў, што атрымліваюць 20–30 даляраў, за такую самую ролю атрымала 200.
У гэтым фільме здымаліся людзі, якія сапраўды хворыя на СНІД. І калі яны чытаюць усю гэту гісторыю вакол «Вышэй за неба», ім становіцца брыдка і прыкра. У нас з Андрэем розныя мэты. Мы зрабілі серыял пра СНІД, афіцыйна зарэгістравалі яго ў Мінкульце, хоць шматлікія скаргі Андрэя значна ўскладнілі справу. Серыял выйшаў цікавы, гледачы самі змогуць гэта ацаніць. А Андрэй ад пачатку хоча выглядаць пакутнікам. Ён кажа пра цэнзуру, але я магу заўпэўніць, што са сцэнару, дзе кожная старонка падпісана яго ўласнай рукой, не выразалі ніводнага слова!
Патрэбна ж разумець, што капітал ААН адносна нашай дзяржавы — прыватны капітал. Гэта не грошы беларускіх платнікаў падаткаў. ААН замовіла серыял і плаціла за яго. З дакументамі там усё ў парадку, і з юрыдычнага пункту гледжання праўда, зразумела, знаходзіцца на баку ААН. Такі жудасны чорны піяр адцягвае ад галоўнага: у Беларусі з’явілася кіно пра важную праблему. Цяпер мы актыўна супрацоўнічаем з ЗША, і дамовіліся пра стварэнне англамоўнай версіі фільма, які пакажуць па адным з амерыканскіх тэлеканалаў. Я вернік, і я шчыра жадаю міру Андрэю і яго сям’і. Я вельмі жадаю, каб ён скончыў палітызаваць гэты праект, бо ён траціць свае выдатныя здольнасці не на творчасць, а на зусім іншыя рэчы, — адзначыў Сяргей Ждановіч.
Прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі ад каментароў устрымалася.
Каментары