История77

Таджикистан: великая история не гарантирует великой современности

О своём путешествии на край земли, на Памир, в журнале «Наша гісторыя»* пишет Артём Гарбацевич.

Фанскія горы. Фота Арцёма Гарбацэвіча.

Што мы ведаем пра таджыкаў? Расійскае тэлебачанне зводзіць гэты народ да Раўшанаў і Джамшутаў, але нават імёнаў такіх у Таджыкістане няма.

У рэальнасці таджыкі — адзін з найстаражытнейшых народаў свету. Яны лічаць сябе нашчадкамі арыяў, бо ў Авесце (такі зараастрыйскі аналаг Бібліі) іх гістарычныя вобласці Согда і Бактрыя называюцца арыйскімі, а грэкі таксама называлі іх Арыянай. 

Праўда, бясконцая беганіна народаў у Цэнтральнай Азіі моцна мяняла партрэты сагдзійцаў — той жа Аляксандр Македонскі адправіў шматтысячны персідскі корпус шукаць паўночны праход у Індыю цераз сцены Паміра і Гіндукуша. Персы яго так і не знайшлі ды там і аселі, даўшы пачатак многім народам Таджыкістана.

Фактычна іранцы, таджыкі і афганцы доўгі час былі адзінай супольнасцю, а сам тэрмін «таджык» напачатку азначаў перса, які прыняў іслам, бо да арабскіх заваёваў іранамоўныя народы вызнавалі зараастрызм.

Сёння Таджыкістан — цяжкадасяжны рэгіён у далечыні ад асноўных транспартных магістраляў планеты. Некалі ён быў цэнтрам сусветнага гандлю, але даўно страціў сваё лагістычнае значэнне, пасля таго як грузы з Еўропы ў Кітай пачалі вазіць цераз Індыйскі акіян. 

Працы ў краіне ўсім не хапае, таму да 20% жыхароў Таджыкістана пастаянна знаходзяцца на заробках за мяжой, перш за ўсё ў Расіі. У буйных таджыкскіх гарадах ёсць аэрапорты, якія прымаюць толькі адзін рэйс — з Масквы. 

Сапраўды, велічная гісторыя не гарантуе велічнай сучаснасці. Але паездка ў гэтую краіну і сёння можа стаць сапраўднай прыгодай нават для абазнаных падарожнікаў. 

Што глядзець у Таджыкістане? 

Беларуса Таджыкістан моцна ўразіць, бо падабенстваў між краінамі вобмаль. 

Больш за 90% тэрыторыі Таджыкістана — гэта высачэзныя горы, таму пераезды па краіне адбіваюцца нязвыклымі пейзажамі ў сятчатцы і крутымі серпанцінамі ў памяці.

Калі заязджаць па зямлі з Узбекістана, то дарога да сталіцы Душанбэ будзе праходзіць праз Фанскія горы. 

«Я сердце оставил в Фанских горах,

Теперь бессердечный хожу по равнинам,

И в тихих беседах и в шумных пирах

Я молча мечтаю о синих вершинах», 

— спяваў натхнёны паходам у Фан савецкі бард Юрый Візбар.

Затор на горнай дарозе. Фота Арцёма Гарбацэвіча.

Будзеце там — зірніце на Маргузорскія азёры рознага колеру: ад празрыста-блакітнага да фіялетавага, а потым заскочце яшчэ паглядзець на возера Іскандэр-Куль, дзе нібыта пахаваны Буцэфал — конь Македонскага. Ехаць адтуль да сталіцы лепш засветла, каб не прапусціць фантастычныя краявіды трасы. 

Сам Душанбэ — надзвычай чысты і бяспечны. Архітэктурны стыль схіляецца да гігантызму і шырыні, таму нечым нагадвае Мінск, але горад прыемнейшы за хаатычныя Бішкек з Ташкентам. Тамтэйшыя сталічныя цэны таксама вас прыемна ўразяць: строгія баваўняныя штаны за 30 рублёў — можна браць? 

У Душанбэ таксама трэба падацца ў спецыяльнае бюро, якое выдае дазволы на ўезд у Горны Бадахшан. Робіцца дакумент за суткі. 

Горны Бадахшан — гэта Памір, «дах свету». Самая цяжкая і высокая частка Шаўковага шляху — Памірскі тракт, які застаўся прыкладна ў тым жа выглядзе, як і тысячы год таму. І там дагэтуль на вышынях пад 4000 метраў жывуць людзі. 

Стаўленне да гасцей, турыстаў выключнае: калі вы вырашыце спыніцца на ноч у кішлаку без гатэля, то мясцовыя будуць спрачацца за гонар прыняць госця, а накормяць бясплатна. Мяне гэта ўразіла, калі я ехаў з горада Куляба да Харога, сталіцы Бадахшана. Дарога займае пры аптымістычным раскладзе гадзін 15, таму мы маршруткай два разы спыняліся на перакусы, і таджыкі не далі заплаціць — проста скідваліся самі, пакрываючы і без таго невялікі рахунак госця. Такія прыязныя норавы ў людзей. 

Часцінка Беларусі ў Мургабе: кінуты сярод поля трактар (на пярэднім плане — бочкі-туалеты). Фота Арцёма Гарбацэвіча.

Праўда, за гэты 15-гадзінны пераезд я ледзь не год жыцця аддаў нервамі. Уявіце: грунтавая дарога шырынёй метры з чатыры, двухбаковая. З левага боку — сцяна гор, з іх па даху машыны лупяць вадаспады, а справа — хуткі Пяндж, у вірах якога адбіваюцца агеньчыкі з вокнаў афганскіх кішлакоў на тым баку рэчкі. З пасажырскага сядзення бачны толькі абрыў, дарогі не відаць, на кожным рэзкім павароце замірае сэрца, а кіроўца ўмудраецца яшчэ і раз’язджацца з сустрэчнымі машынамі і каровамі, якія ўзнікаюць проста з-пад зямлі.

Праўда, нягледзячы на прыкметнасць ям і абрываў, рэальная небяспека сарвацца наўрад ці ёсць, бо машына едзе на хуткасці 30 кіламетраў. 

А калі даедзеце да горада Харог і адаспіцеся, то схадзіце на каларытны афганскі базар. Адбываецца ён раз на тыдзень: афганцы з таго боку Пянджа пераходзяць мост са сваімі нечуванымі ў нас таварамі і гандлююць. Можна прыкупіць нават пеўчую птушку. 

Цэнтральны крыты базар Душанбэ. Фота Арцёма Гарбацэвіча.

У Харогу абавязкова лепш пераночыць, перад тым як рушыць далей, бо вышыні будуць нарастаць, трэба акліматызавацца. Наступны населены пункт — Мургаб, які ў СССР лічыўся самым высокім паселішчам. 

Дарога да яго ідзе ўжо непасрэдна па Памірскім тракце — для гэтага вам прыйдзецца наймаць машыну. Ніякага грамадскага транспарту там няма, мабільнай сувязі таксама. 

У дарогу выходзяць толькі падрыхтаваныя джыпы з трыма запаскамі і двухметровымі антэнамі, каб у разе чаго цераз спадарожнік запытаць дапамогі. 

Але пейзажы там фантастычныя, вартыя ўсіх пакут. Аблокі там літаральна кранаюць зямлю, у іх можна зайсці, калі знойдзеце сілы, а асабліва цікаўныя сярод вялікіх леднікоў змогуць убачыць вытокі горных рэчак: ляжыць вось на гары вялізны ляднік, зверху ён намярзае, а знізу падтае — і ледзяная вада з рокатам коціцца ўніз. 

Пустынна-манументальныя пейзажы разбаўляе адзіная дзікая жывёліна, якая тут водзіцца, — як. 

Яны ходзяць паміж лёду і скубуць на голых участках зямлі такую ж адзіную расліну — тэрэскен, якую рэдкія мясцовыя выкарыстоўваюць для распалкі печаў. 

Абавязкова зайдзіце ў якую-небудзь хату, але прадукты лепш мець пры гэтым свае. Захапіце з Беларусі нешта беларускае — пасядзіце з мясцовымі, гляньце, як яны жывуць. Досвед экстраардынарны. 

Таджыкскі плоў. Фота Арцёма Гарбацэвіча.

Апошні населены пункт таджыкскага Паміра — мястэчка Каракуль. Тут на ноч мяне прытулілі сардэчныя пагранічнікі: «Умовы не горшыя, чым у адзіным хостэле». Проста людзям хацелася пагаварыць з новым чалавекам, бо рэдка хто тут праязджае. Нагатавалі плову і салаты. 

І вось яшчэ што: калі спусціцеся з Паміра і апынецеся ў Кыргызстане, не забудзьцеся азірнуцца, каб зразумець і ўсвядоміць, дзе вы толькі што былі. 

Няпростыя адносіны таджыкаў і ўзбекаў

Калі цюркі-качэўнікі на сваіх конях прыйшлі ў Сярэднюю Азію, то першыя аседлыя гарады ім сустрэліся ў багатых аазісах Шаўковага шляху — там жылі цяперашнія таджыкі. І хоць цюркі хутка запоўнілі ўсё навокал, у гарадах працягвала дамінаваць персамоўная эліта, узаемна зацікаўленая ў эканамічных адносінах з качэўнікамі. 

Адносіны гэтых качавога і аседлага народаў некаторыя гісторыкі апісваюць паралеллю адносін варожых старажытных рымлян і грэкаў — другія на момант суседскай экспансіі ўжо страцілі ўласны імпэт да заваёваў і падладзіліся пад новыя парадкі, працягваючы культурна дамінаваць у сваіх гарадах і нават пашыраць сваю культуру на прыхадняў. 

Падобна было і ў Азіі, дзе качэўнік-цюрк, які хацеў стаць «гарадскім» у Бухары ці Самаркандзе, мусіў пераняць, прынамсі, іх мову, хоць ваенна-палітычнае кіраўніцтва было за цюркамі-ўзбекамі.

Так узбекі і таджыкі доўга суіснавалі ў межах адной дзяржавы, верылі ў аднаго бога, перыядычна высвятлялі адносіны ў феадальных разборках. Апошняй іх супольнай дзяржавай стаў Бухарскі эмірат (1785—1920), заваяваны часцямі Чырвонай арміі на чале са знаёмым беларусам Міхаілам Фрунзэ. 

Від на Памір з боку Кыргыстана — недзе там над аблокамі жывуць людзі. Фота Арцёма Гарбацэвіча.

Загнаныя ў горы

Бальшавікам трэба было неяк кіраваць захопленымі тэрыторыямі, і яны зрабілі стаўку на цюркаў. У выніку наступнага драматычнага перадзелу межаў «па нацыянальнай прыкмеце» таджыкскія Бухара і Самарканд дасталіся Узбекскай ССР. Таджыкам спачатку адвялі ў яе складзе «аўтаномную рэспубліку» ў маланаселеных гарах, стварыўшы ім на месцы штотыднёвага кірмашу новы горад, які меўся выконваць функцыю цэнтра.

Душанбэ так і перакладаецца — «панядзелак», бо ў гэты дзень там збіраліся гандляры на аслах. 

У 1929 годзе, праўда, Таджыкістан стаў самастойнай саюзнай рэспублікай, а да яе тэрыторыі дадалі частку фантастычна ўрадлівай Ферганскай даліны з горадам Худжандам. Але гэта была слабая кампенсацыя: таджыкі лічаць бліскучыя Самарканд і Бухару калыскамі сваёй нацыі, бо гэтыя гарады гістарычна гаварылі і дагэтуль гавораць па-таджыкску, а сучасныя таджыкі ў прыватных размовах незадаволена хмураць бровы: «Нас загналі ў горы!».

Аўтар на памірскім перавале, вышыня 4650 м. Фота Арцёма Гарбацэвіча.

Чаму саветы зрабілі ў рэгіёне стаўку на ўзбекаў? Ёсць версія, што праз даўнюю традыцыю адносін з іншымі цюркамоўнымі народамі, раней уключанымі ў склад Расійскай імперыі. А да іранскага народа, маўляў, даверу не было. Да таго ж саветы мелі вялікія планы на кемалісцкую Турцыю, якая ўжо тады была натуральным лідарам усяго цюркскага свету. 

Сёння ва Узбекістане жыве ці не больш таджыкаў, чым у Таджыкістане, але ўлады суседняй рэспублікі свядома заніжаюць іх рэальную колькасць і працягваюць палітыку асіміляцыі.

Газавы шантаж

У найноўшыя часы даўно напружаныя адносіны выліліся ў халодную вайну паміж дзяржавамі. Узбекістан адмаўляўся прадаваць таджыкам газ, перашкаджаў чыгуначным пастаўкам і засылаў да суседзяў дыверсантаў, якіх даводзілася выбіваць з гарадоў са зброяй. Фармальнай прычынай было жаданне таджыкаў пабудаваць у сябе на рацэ Вахш Рагунскую ГЭС, якая, як лічылі ўзбекі, пагражала перакрыццём горных рэк і ставіла пад пагрозу вырошчванне бавоўны. 

Апагеем стала замінаваная мяжа паміж краінамі, на якой падарвалася безліч скаціны і сотні мясцовых жыхароў, што хадзілі туды-сюды, як спрадвеку, у абыход пагранічных пастоў. 

Праўда, са смерцю ў 2016 годзе шматгадовага прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава і з прыходам да ўлады Шаўката Мірзіёева градус варажнечы адчувальна ўпаў. Краіны хутка знялі праблемныя пытанні і аднавілі пагранічны рух ды авіязлучэнне паміж сталіцамі. 

Ад Хаяма да Айні

Таджыкская літаратура і навука — значная частка персідскай, вядомай ва ўсім свеце па казках Шахерэзады, Амару Хаяме, Рудакі, Джадаладзіне Румі, Авіцэне і іншых. 

З таджыкамі звязаны гэтак званы «новаперсідскі рэнесанс» з цэнтрамі ў Бухары і Самаркандзе, калі пад уладай персаў-саманідаў персідская мова і культура ў ІХ—Х стагоддзях расквітнела другі раз — на поўначы, у далечыні ад сэрца Ірана, даўшы штуршок нацыянальнаму адраджэнню і персаў захаду. 

Таджыка-іранская паэзія натхніла арабскую: бедуіны-заваёўнікі былі зачараваныя багаццем вобразаў і метафар персаў, тэмамі, якія яны ўздымалі. У сваю чаргу іслам — новая папулярная рэлігія, пазычаная ў арабаў, — пашыраў аўдыторыю персідскіх паэтаў.

Памірская Баварыя: палац Рахмона на гары. Фота Арцёма Гарбацэвіча.

Сэнс перад вачыма, але схаваны ад зроку, — пазней заблытаныя метафары і іншасказанні будуць захапляць ды бянтэжыць ужо еўрапейцаў, калі тыя адкрыюць для сябе геніяльных Рудакі і Хаяма.

Таджыкская і ўласна іранская літаратуры разгалінаваліся пасля пачатку рэлігійнай барацьбы шыіцкага Ірана з суніцкімі рухамі. Таджыкі, у адрозненне ад большасці персаў, прынялі сунізм.

У новай таджыкскай літаратуры самая заўважная постаць — гэта Садрыдзін Айні, якога мусова чытаць не толькі аматарам Азіі, але і любому чалавеку з прэтэнзіяй на шырокую эрудыцыю. Айні цудоўна апісваў норавы напаўфеадальнай Бухары першай паловы ХХ стагоддзя. Хоць ён і стаў камуністам, але ўсё адно ледзь пазбег расправы з боку савецкай улады. Айні абвінавачвалі ў тым, што ён «ужываў незразумелыя масаваму чытачу варожыя словы» — зусім як беларускіх «нацдэмаў».

Варта таксама сказаць, што да 1920-х таджыкі пісалі арабскай вяззю. Але праз 10 год распараджэннем улады алфавіт перавялі спачатку на лацінку, а яшчэ праз 10 — на кірыліцу. 

Гэта нарадзіла сітуацыю, што некалькі пакаленняў таджыкаў засталіся непісьменнымі, бо не здолелі засвоіць нязвыклую для сябе графіку. Сёння кірыліца захоўваецца, але ўлада пакрысе закідае ў грамадства думку: можа, варта і вярнуцца да вязі? 

Пад пагрозай ісламізацыі

Калі ты жывеш у Еўропе, неяк натуральна лічыць, што дэмакратыя — гэта аптымальная форма кіравання. 

Але як ставіцца да кіраўніка Таджыкістана Эмамалі Рахмона? З аднаго боку, ягоны рэжым у многім поўны гратэску, трымаецца на кульце асобы. Твар «Лідара нацыі» вы дакладна запомніце, калі наведаеце Таджыкістан, бо ён тут на кожным будынку. Пасля яго, як можна меркаваць, улада пяройдзе да ягонага сына, які ўжо ў 26 быў генералам, а цяпер — мэр сталіцы.

Тушы свежазабітых бараноў уздоўж дарогі — папулярны тавар напярэдадні свята Ураза-Байрам. Фота Арцёма Гарбацэвіча.

З другога боку, а якая можа быць альтэрнатыва свецкай дыктатуры Рахмона? Паводле апытання амерыканскага Даследчага цэнтра П’ю, блізу 10% таджыкаў лічаць прымальным пакаранне смерцю за адмову ад ісламу, траціна падтрымлівае ўвядзенне афіцыйных шарыяцкіх судоў, а 27% выступаюць за «забойствы гонару» няверных жанчын. Сёння гэты вялікі радыкальны электарат не мае доступу да ўлады, але сітуацыя можа і змяніцца. 

Ісламізм дагэтуль вельмі папулярны ў Таджыкістане. Кіраўнік таджыкскага спецназа Гулмурод Халімаў з шэрагам паплечнікаў уцёк на службу ў «Ісламскую дзяржаву» і стаў там ледзь не міністрам абароны. А ў 2018-м адэпты «Ісламскай дзяржавы» забілі замежных турыстаў у Таджыкістане, непадалёк ад афганскай граніцы.

Урад Рахмона жорстка прафілактуе радыкальны ісламізм. У краіне закрытыя ўсе медрэсэ (мусульманскія рэлігійныя школы) і тысячы неафіцыйных мячэцяў. Непаўналетнім увогуле забаронена хадзіць у мячэці, а гісторыю і прынцыпы ісламу тлумачаць у школах з мэтай не даць радыкалам задурыць дзецям галовы. Змест пропаведзяў у мячэцях узгадняецца са спецыяльным урадавым камітэтам. 

Настаўнікі ва ўзросце да 50 гадоў не маюць права насіць бараду, імамам дазваляецца барада, не даўжэйшая за 3 см, а мясцовая міліцыя праводзіла рэйды з адразаннем задоўгіх барод. 

Фота Арцёма Гарбацэвіча.

Дарэчы, у прыватных размовах таджыкі з афганскага памежжа кажуць, што не баяцца талібаў. Маўляў, «у адрозненне ад «Ісламскай дзяржавы», у іх няма заваёўніцкага імпэту, яны не хочуць ствараць халіфат і абмяжоўваюцца сваім уплывам у Афганістане». 

І што яшчэ запомнілася: цяпер у Таджыкістане сапраўдная праблема ад таго, што па ісламскіх нормах мужчыну дастаткова тройчы сказаць жанчыне: «Таляк» («Развод»), каб скасаваць шлюб. Даходзіць да таго, што мужчыны заводзяць у Расіі другія сем’і, а мясцовую жонку кідаюць, даслаўшы проста смс з гэтымі словамі. А змагацца з гэтым цяжка, бо заклікі браць афіцыйныя дзяржаўныя шлюбы праз загсы часта ігнаруюцца.

* Архивный материал за 2019 год.

Комментарии7

Повстанцы в Сирии захватили пятый по величине город страны2

Повстанцы в Сирии захватили пятый по величине город страны

Все новости →
Все новости

Гродненский блогер и бывший политзаключенный Вадим Ермашук (Vadimati) покинул Беларусь

Марии Захаровой перед вылетом на мероприятие ОБСЕ аннулировали мальтийскую визу7

Украина получит 50 миллиардов долларов из замороженных активов России в ближайшие недели2

В Климовичах местный ликеро-водочный завод рекламировал свою продукцию в школе9

Витамин В3 может навредить здоровью — ученые

Владелица магазинов в Бресте и Гродно выпустила адвент-календарь с очень странным наполнением4

В США застрелили руководителя крупнейшей страховой компании2

Академия наук: Мы можем спроектировать электродвигатель не хуже «Теслы», но это бессмысленно15

Политзаключенного Даниила Гарасима осудили на 10 лет колонии

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Повстанцы в Сирии захватили пятый по величине город страны2

Повстанцы в Сирии захватили пятый по величине город страны

Главное
Все новости →