Палочка-стукалочка, грехи, обувщик: во что играли наши прабабки и прадеды
Забавы беларусских детей начала ХХ века описала жена Максима Горецкого, Леонила. Она была учительницей в Виленской беларусской гимназии, в 1919 году составила и выпустила книжечку «Детские игры».
Дзіцячыя гульні. Марыя Вертэн. 1930 год.
Рэпка
Трэба выбраць матку і пана. Матка сядае, а перад ёю садзяцца ў радок усе гульцы, і кожны крэпка бярэ пярэдняга пад пахі. Тады выходзіць пан і кажа:
— Матка, матка, свінні ў рэпе!
— Ідзі выгань!
— А ці можна рэпку вырваць?
— Вырві, але толькі з караньком!
Пан бярэ за рукі пярэдняга і наравіцца яго вырваць з рук таго, хто сядзіць за ім. Вырваўшы, ізноў ідзе да маткі, ізноў кажа, што свінні ў рэпе і г.д., пакуль не вырве ўсіх з рук маткі.
Шавец
Некалькі чалавек становяцца ў шэраг адзін за адным. Апошні стаіць з ручніком у руках і пытаецца: «А дзе шаўцы?» — «На тым канцы», — кажуць яму. Тады ён бяжыць на другі канец (наперад), а той, хто стаяў першым, адтуль уцякае на іншы канец. Калі гэты справіцца ўдарыць яго ручніком, пакуль той уцякае, дык той, каго ўдарылі, сам становіцца з ручніком, а каторы біў — становіцца спераду. Калі той, што лавіў, не злавіў нікога, ён ізноў становіцца з самага заду і пачынае гульню.
Прарок
Гульцы выбіраюць паміж сябе прарока і садзяць яго па цэнтры. Прароку накрываюць хусткай галаву, і ўсе, пабраўшыся за рукі, ходзяць наўкола яго. Кожны па чарзе кладзе руку на галаву прарока, а хто-небудзь з рэшты, калі на галаву прарока кладзе руку хлопец, кажа «Адам», калі дзяўчынка — «Ева».
Тады прарок вяшчуе, хто што спаткае ў жыцці: аднаму кажа, што будзе багатым, другому — што будзе ўсё жыццё плакаць і г.д.
У гэтай гульні, калі прарок умее добра жартаваць, бывае шмат смеху.
Барада
Гэта гульня простая, спадручная на дварэ і тым весялейшая, калі гуляе шмат дзяцей.
Хто-небудзь, каго завуць барадой, павінен пералавіць усіх дзяцей. Выбіраюць месца, якое завуць домам, і хто з дзяцей стане на гэтым месцы, таго барада злавіць не можа.
Гульня пачынаецца. Дзеці разбягаюцца з крыкам: «Ай, барада!». А барада кідаецца іх лавіць. Каго яна зловіць, той памагае лавіць яшчэ нязлоўленых.
У гэту гульню можна гуляць і ў хаце. Выбіраюць свабоднае месца, барадзе хусткай завязваюць рукі ззаду, і яна стараецца схапіць іншых звязанымі рукамі.
Можна гуляць яшчэ і гэтак: той, каго першага ўдарыць барада, сам робіцца барадой, пакуль каго-небудзь не зловіць.
У гэтай гульні дзецям трэба ўвесь час звяртаць увагу, як перамяняюцца тыя, хто ловіць, каб ведаць, хто барада. Гэткім спосабам гульня весялейшая, бо дзеці бегаюць бесперастанку.
Сляпы музыка
Усе дзеці становяцца ў кола, а аднаму завязваюць вочы і даюць у рукі палачку. Пасля ўсе пачынаюць, узяўшыся за рукі, круціцца вакол сляпога музыкі, а ён датыкаецца да каго-небудзь палачкай. Той падае голас: піскне ці загудзіць, стараючыся, каб музыка не ўгадаў, хто гэта. Калі музыка ўгадае, чый голас, той ідзе ў сярэдзіну кола замест таго, хто быў музыкам.
Леаніла Чарняўскаяпражыла 82 гады. Выкладала і перакладала — у прыватнасці, Кіплінга і «Тыля Уленшпігеля» Шарля дэ Кастэра. Жонка пісьменніка і літаратуразнаўцы Максіма Гарэцкага сама была тонкім літаратарам. Першая ў беларускай літаратуры напісала пра мацярынства не як пра шчасце і жаночы абавязак, а як пра асабісты выбар жанчыны. Выйшла замуж у 26 гадоў, ездзіла за мужам ва ўсе савецкія высылкі, пакуль яго не расстралялі ў 1938-м. Нарадзіла дваіх дзяцей. 22-гадовы Леанід загінуў на вайне, а Галіна ўсё жыццё зберагала архіў бацькоў.
Гарбуз гнілы
У гэтай гульні ўсе дзеці дзеляцца на пары: хлопец і дзяўчына. Гульцы выходзяць за дзверы і чакаюць там, пакуль гулянніцы, што засталіся ў хаце, выберуць кожная сабе да пары аднаго хлопца. Каторая-небудзь гулянніца абыходзіць усіх і пытае, хто каго сабе выбраў, і сама кажа, каго выбрала. Пасля кліча тых, хто за дзвярыма, каб ішлі па чарзе адгадваць сваю пару.
Першы хлопец прыходзіць і падыходзіць да той дзеўкі, каторая, як яму здаецца, яго выбрала. Калі ён угадаў, то застаецца ў пакоі, а калі не, то яму крычаць усе: «Гарбуз гнілы!» — і ён ізноў ідзе за дзверы, а адгадваць прыходзіць наступны.
Так гуляюць, пакуль кожны не адгадае сваёй пары. Пасля ідуць за дзверы дзяўчаты, і ўся гульня пачынаецца нанова.
Вугалькі
Дзеці выбіраюць сабе матку і чорта. Усе садзяцца ў рад, і матка абыходзіць усіх і кажа кожнаму: «На табе», а сама дае вугалёк абы-каму. Чорт адгадвае, каму матка дала вугалёк. Калі адгадае, то бярэ таго сабе, калі не, той застаецца матчыным, але адсядае. Далей матка ізноў раздае вугалёк. Чорт адгадвае. Калі сядзець застанецца ўжо толькі адзін, матка пытаецца чорта: «Адгадай, ці ў маткі, ці ў дзіцяткі!» Пасля бяруць пояс ці палку, і з аднаго боку матка з дзецьмі, а з другога чорт са сваімі дзецьмі перацягваюць. Чый бок перацягне, таго верх.
Каршун і вутачкі
Гульцы выбіраюць каршуна і матку. Пасля становяцца ў рад за маткай, крэпка трымаючыся адно за аднаго. Каршун садзіцца на зямлю і капае палачкай ямку, а матка, ідучы са сваім хвастом вакол каршуна, пытаецца:
— Каршун-каршун, што ты робіш?
— Ямку капаю!
— Нашто табе ямка?
— Каменьчыкі шукаю!
— Нашто табе каменьчыкі?
— Іголачкі йстрыць!
— Нашто табе йголачкі?
— Мяшочкі шыць!
— Нашто табе мяшочкі?
— Каменьчыкі збіраць!
— Нашто табе каменьчыкі?
— Тваім дзеткам зубы выбіваць!
Пасля гэтых слоў каршун кідаецца лавіць апошняга ў хвасце. Матка, расставіўшы рукі, забягае перад каршуном, увесь хвост падаецца за ёй. Ухапіць нейкую іншую вутачку, не заднюю, каршун не мае права. Гульня ідзе, пакуль каршун не адарве ад маткі ўсіх вутачак.
Палачка-стукалачка
Дзеці выбіраюць месца, якое завуць домам, і кладуць там палачку. Усе хаваюцца, а адзін стаіць, адвярнуўшыся да сцяны, каб не бачыць, хто куды схаваўся. Як усе пахаваюцца, ён бярэ палачку і крычыць: «Палачка-стукалачка дамоў прыйшла, нікога дома не знайшла, каго першага знойдзе, той па палачку пойдзе». Кладзе палачку і ідзе шукаць тых, хто схаваўся. Ён павінен пастаянна звяртаць увагу, каб ніхто не падбег да палачкі і не скраў яе. Калі хто паспее дабегчы да палачкі, павінен крыкнуць: «Палачка ўкрадзеная!» Тады той, хто шукаў, ізноў ідзе ў дом, а іншыя хаваюцца. Калі ж ён знайшоў усіх, то ідзе па палачку той, каго ён першага ўбачыў.
Грахі
Сярод гульняў ёсць і такія, што нясуць выразныя азнакі ваеннага часу. Напрыклад, гульня «Грахі»: за няўдачы там «прысуджаюць да расстрэлу і вядуць паставіць да сцяны». Дзеці ўвесь час чулі пра такое ад дарослых і пераносілі ў свой свет.
Нягледзячы на страшную тэму, «Грахі» — вельмі азартная і вясёлая гульня. Перайначыўшы тэрміналогію, гуляць у яе можна і сёння.
Трэба выбраць роўнае месца і зрабіць рад ямінак — столькі, колькі дзяцей гуляе. Кожны выбірае сабе ямінку і становіцца ля яе. Па краях раду стаяць два вядучыя, яны павінны падфутбольваць адно аднаму мяч так, каб ён пацэліў у адну з ямін. Калі мяч пацэліў, той, чыя гэта яміна, мусіць хутчэй яго падняць. Пакуль ён падымае, усе разбягаюцца, а як толькі падняў — заміраюць.
Далей — выбівала: гулец мусіць патрапіць у каго-небудзь мячом. Не папаў — кладзе грэх (маленькі каменьчык) у сваю ямку. Калі ж удалося — каменьчык у сваю ямку кладзе той, у каго папалі.
У каго набярэцца тры каменьчыкі-грахі, таго вядуць да сцяны. Тыя, у каго ў ямцы пуста, могуць кінуць у «грэшніка» мячом тры разы. Тыя, у чыёй ямцы ёсць грахі, могуць кідаць мячом раз ці два — столькі, колькі ў іх не хапае да трох грахоў. А «грэшнік», што стаіць ля сцяны, можа ўхіляцца ад мяча, але з месца сыходзіць не можа. Таму важна кідаць мяч са справядлівай адлегласці.
Комментарии