18. PAWA — Dudaročku
Адкрывае наш топ іранічны кліп пра жыццё сучаснага дудара ў касцюме адыдас. Скокі ў тралейбусе з кантралёрам пад электра-фолк, гопнікі і любоўная драма — усё гэта можна знайсці ў бадзёрым роліку.
17. Ціма Беларускіх — Мокрые кроссы + Незабудка
На пачатку снежня новая зорка беларускай музыкі выдала кліп адразу на два свае хіты. Публіка ацаніла: амаль чатыры мільёны праглядаў, але нешта ў гэтым відэа не так.
Складваецца ўражанне, што гэта аматарская пародыя на кліпы Макса Каржа. Але калі ў арыгінал ты верыш, бо біяграфія Каржа не з'яўляецца таямніцай, то ў выпадку з Цімай Беларускіх, здаецца, ад іміджу «бэдбоя» нічога не застанецца, калі слухачы даведаюцца праўду.
Мы ж будзем сачыць далей.
Чытайце таксама:
Ціма Беларускіх і яго фанаты(-кі) ВІДЭА
Чаму «Беларускіх» не беларускае прозвішча і ўвогуле аксюмаран
16. Mario Arrivederci — Riflessione
Не спяшайцеся са сваімі «Штооо?!»
Напэўна, больш атмасфернага і рамантычнага відэа больш не будзе ў нашай падборцы. Таму варта паглядзець яго яшчэ некалькі разоў, каб атрымаць асалоду ад вытанчанай атмасферы, гітарнага сола і заходу сонца над Свіслаччу.
15. Лера Яскевіч — Рух
Сціплы, але вельмі прыгожы кліп на беларускамоўную песню маладой беларускай спявачкі.
Хацелася б пажадаць у новым годзе для Леры скарэння новых музычных вяршыняў і яшчэ больш песень на роднай мове!
Чытайце таксама:
Шчырая гутарка з Лерай Яскевіч, якая рве інтэрнэт музычнымі каверамі, пра адказнасць перад аўдыторыяй, правінцыю і пакаленне блогераў
«Ток» з мегапапулярнай блогеркай Лерай Яскевіч: Пра галодныя 2000-я, жыццё ў сталіцы і шоу Перліна
14. Panska Moc — Улыбка
Дэбютны кліп гурта, які пазіцыянуе сябе музыкай бетонных мінскіх сцен. Але Мінск у відэа атрымаўся сонечным і лямпавым, як у прынцыпе і сама песня, якую хочацца пастаянна напяваць.
13. Shuma — Clouds (Хмаркі)
Сюжэт кліпа заснаваны на рэальнай гісторыі трансгендарнай дзяўчыны Валерыі Шандэры.
Гэтым відэа Shuma хацела падтрымаць усіх, хто зведваў на сабе гвалт за сваю іншасць, а таксама распачаць кампанію па падтрымцы бацькоў ЛГБТ-дзяцей.
12. Drum Ecstasy — Happy Day
Павучальны кліп на кампазіцыю, якая ўяўляе сабой традыцыйны іспанскі тост. Лірычны герой відэа пачынае выпіваць з прыгожымі дзяўчатамі, а ў канцы відэа замест прыгажунь з'яўляюцца суворыя хлопцы.
Кліп гурт здымаў амаль цалкам сваімі сіламі і выдаткаваў на яго каля 500 даляраў.
11. NAVIBAND feat. Melitina Staniouta — Рэчанька
Гэты год быў вельмі насычаным для ўдзельнікаў калектыву: у Арцёма і Ксюшы нарадзіўся сын, нягледзячы на прыемныя клопаты, NAVIBAND не спынілі музычную дзейнасць: актыўна гастраліравалі, выдавалі сінглы і здымалі кліпы.
У 2018 годзе ў гурта выйшла адразу тры відэа, але нам бы хацелася адзначыць менавіта «Рэчаньку» з удзелам Меліціны Станюты, бо ён быў прысвечаны Дню роднай мовы. Ды і гэта проста эталон вытанчанасці, стылю і прыгажосці.
10. ЛСП — Холостяк
Папярэджваем: на відэа ёсць нецэнзурная лаянка!
Летам мы пісалі пра вяселле Алега ЛСП, а ўжо восенню расійскія хіт-парады разрываў трэк «Холостяк», запісаны беларусам сумесна з Ягорам Крыдам і Федуком.
У кастрычніку выйшлі адразу дзве версіі кліпаў на гэтую песню: агульная і сольная з удзелам Алега Саўчанкі.
Варта адзначыць, што рэжысёрам кліпа стала Аліна Пязак, з якой звязаныя найбольш папулярныя расійскія відэа апошняга часу.
9. Nite Nite Nite — SFMO
Першы кліп мінскага гурта Nite Nite Nite — гэта спакуслівы танец сучаснага мастацтва перад цнатлівым, але цікаўным позіркам гледача.
Галоўны герой відэа — віцебскі харэограф і мастак Аляксей Літвін. Харызма Літвіна трымае вашу ўвагу ад першай да апошняй секунды кліпа.
Такі вось Weapon of Choice па-беларуску.
8. NIZKIZ — Люстэрка
У выніках году «НН» назвала магілёўскі гурт музыкамі года. NIZKIZ маюць свой непаўторны стыль і ўслед за беларускай сцэнай скараюць найбліжэйшае замежжа.
Песня распавядае пра некалькі «я», што жывуць у кожным чалавеку і з якімі прыходзіцца суіснаваць. А кліп — гэта гісторыя мужчыны, што знаходзіцца ў бясконцым цыкле сненняў, кожнае прабуджэнне з якога дае яму новую надзею.
7. ТТ34 — Аэростаты
Паступова легендарныя гомельскія металісты вяртаюцца з забыцця. У 2016 годзе ТТ34 запісалі першы за доўгі час лонгплэй, а пасля гэтага пачалі здымаць кліпы на трэкі з альбома.
У гэтым годзе ў каманды выйшла адразу два відэа: «Родина» ды «Аэростаты». Мы вырашылі адзначыць у нашым топе другі, які ўяўляе сабой «нямы спектакль, дзе за лялькамі хаваюцца ўсім знаёмыя вобразы».
6. J:МОРС — Крылы
У гэтым годзе беларусы Аляксандр Цэнцер і Андрэй Барысевіч абляцелі на самалёце ўвесь зямны шар.
Кадры, адзнятыя лётчыкамі падчас падарожжа, увайшлі ў кліп на беларускамоўную песню J:МОРС. Беларускія лясы, бяскрайняя Атлантыка, амерыканскія прасторы і прыгожая музыка — такім атрымаўся відэашэраг.
5. DREZDEN — DREZDEN
Сяргей Міхалок працягвае свае творчыя эксперыменты.
Напрыканцы лета з'явіўся дэбютны альбом новага праекта Міхалка пад назвай DREZDEN, а таксама кліп на аднайменную песню, які быў зняты ў Кіеве.
Можна па-рознаму ставіцца да Міхалка і ягонай творчасці, але музыка не звяртае ўвагі на крытыку і працягвае круціць педалі творчага ровара.
4. Лявон Вольскі — Зніклыя людзі
Лявон Вольскі збірае грошы на новы альбом «Гравітацыя» і ўжо паспеў выпусціць два кліпы на песні з «Гравітацыі».
Песня і кліп, па словах Вольскага, распавядаюць пра адмысловы этап у жыцці кожнага чалавека, калі паступова сыходзяць сябры, знаёмыя, родныя. Нейкія моманты нагадваюць пра іх — месцы, рэчы, словы, музыка, — а іх ужо няма. І чым далей, тым больш такога.
3. Макс Корж — Горы по колено
Галоўны герой кліпа дазнаецца пра цяжарнасць сваёй дзяўчыны і збягае ад турбот разам з кампаніяй рэпера на Камчатку.
Неверагодна прыгожыя пейзажы Далёкага Усходу перамяжоўваюцца з душэўнымі пакутамі хлопца, якому спрабуе дапамагчы сам Корж.
Сёння гэты кліп мае больш чым 21 мільён праглядаў на YouTube, і гэта самае папулярнае відэа нашага топа.
2. NIZKIZ — Небяспечна
Другі кліп музыкаў года па версіі «НН» у нашым топе і, безумоўна, найпрыгажэйшае відэа на беларускамоўную песню ў гэтым годзе.
Сюжэт кліпа — барацьба чалавека са штучным інтэлектам у лістападаўскім лесе, на мінскіх дахах і нават пад вадой. Штучнае гуляецца з жывым нібы з лялькай, але ці зможа перамагчы яго?
1. Дай Дарогу! — Помоги!
Папярэджваем: на відэа ёсць нецэнзурная лаянка!
Разам з сінглам брэсцкія панкі прэзентавалі 7-хвілінную кароткаметражку, дзеянні якой адбываюцца ў недалёкай будучыні і саўндтрэкам да якой ідзе песня «Помоги!».
Відэа распавядае гісторыю беларускага Праметэя, які хоць і не падарыў людзям агонь, але вынайшаў вельмі важны для суайчыннікаў апарат. Паглядзіце, што з гэтага атрымалася.
А якія кліпы найбольш спадабаліся вам? Пішыце ў каментарах!
Каментары