Хто той перакладчык, які нецэнзурна перадаў словы Лукашэнкі кіраўніцтву ААЭ?
Выпускнік МДІМА, хакеіст-аматар і кіраўнік сілавога апарата Віктара Лукашэнкі.
23.12.2024 / 14:57
Аляксандр Лукашэнка і ягоны перакладчык падчас нядаўняга візіту ў ААЭ. Фота: прэс-служба Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам ААЭ Мухамадам ібн Заід Аль Нахаянам, паскардзіўся яму на «няшчасны» штучны інтэлект. А перакладчык для перадачы сэнсу выкарыстаў самае простае англійскае нецэнзурнае слова.
«Мы ўжо з ім вельмі сур'ёзна абмеркавалі гэты няшчасны штучны інтэлект», — падзяліўся Лукашэнка з прэзідэнтам ААЭ. «As we call this f*cking AI, that all of us are taking care about (тое, што мы называем чортавым штучным інтэлектам, з якім усім нам даводзіцца мець справу — з англ.)», — вольна перадаў словы Лукашэнкі перакладчык.
Лукашэнку перакладаў Сяргей Зелянкевіч — 41-гадовы дыпламат, які скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (МДІМА) і працаваў кіраўніком апарата Віктара Лукашэнкі, калі той быў памочнікам бацькі па нацыянальнай бяспецы.
Акрамя гэтага, Зелянкевіч — яшчэ і гулец аматарскай хакейнай каманды «Бастыён», дзе таксама выступае і Віктар Лукашэнка.
Сяргей Зелянкевіч працаваў сакратаром аддзела Афрыкі і Блізкага Усходу пры ўпраўленні Азіі і Афрыкі Міністэрства замежных спраў Беларусі, а затым займаў пасаду другога сакратара пасольства ў ААЭ (ці займае ён гэтую пасаду дагэтуль — невядома). Зелянкевіча можна ўбачыць ледзь не на ўсіх фотасправаздачах з візітаў Віктара і Аляксандра Лукашэнкі ў ААЭ за апошнія гады.
Зелянкевіч падчас візіту Лукашэнкі ў ААЭ ў 2023 годзе. Фота: sb.by
Зелянкевіч падчас візіту Лукашэнкі ў ААЭ ў 2019 годзе. Фота: прэс-служба Лукашэнкі
Апроч гэтага, Сяргей Зелянкевіч займаў пасаду дарадцы ва прадпрыемстве «Тэтраэдр».
УП «Тэтраэдр» — гэта прадпрыемства ваенна-прамысловага комплексу Беларусі, створанае ў 2001 годзе. Фірма спецыялізуецца на распрацоўцы радыёэлектронных сістэм узбраення, а таксама на мадэрнізацыі зенітных ракетных комплексаў і сістэм СПА, асабліва ў краінах Блізкага Усходу.
Кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі Лукашэнку і ўсіх чатырох яго спарынг-партнёраў