Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы
Застацца ў Беларусі блогеру Уілу Эгертану з Вялікабрытаніі не дапамаглі ні візіты да Кубракова, ні ягоны флэшмоб у тыктоку «Дайце хлопцу ДНЖ». Нядаўна ён усё ж выехаў з краіны — але не з першай спробы, бо блогера спачатку развярнулі на беларуска-літоўскай мяжы.
23.12.2024 / 08:00
Уіл Эгертан. Фота з яго інстаграма
Пра дзіўныя прыгоды ў Беларусі папулярнага ў тыктоку і інстаграме брытанскага блогера Уіла Эгертана (нік willeggerton) мы ўжо распавядалі раней. Яго палюбілі як простыя беларусы, якія радасна кідаліся абдымаць хлопца ў зялёных шортах і цішотцы (Уіл нават у маразы не вельмі ўцяпляўся), так і прапагандысты.
Але ж з дакументамі і легалізацыяй у Беларусі ў такога шчырага фаната з Захаду чамусьці ўвесь час былі праблемы. Ён нават хадзіў на паклон да міністра ўнутраных спраў Беларусі Івана Кубракова — той літасціва дазволіў брытанцу застацца ў краіне да сярэдзіны верасня, але нейкім цудам Уіл пражыў у Беларусі ажно да сярэдзіны снежня.
У свой апошні дзень у Мінску Уіл вырашыў хуценька прабегчыся па славутасцях беларускай сталіцы. Жартаваў, што адчувае сум: «Не трэба было есці пельмені зранку, але мы не дазволім гэтаму сапсаваць настрой».
Падчас прабежкі пад дажджом і моцным ветрам брытанец наведаўся на плошчу Перамогі («Гэта рэальна ўражвае, павага ўсім, хто загінуў»), у парк Горкага, Палац рэспублікі, стадыён «Дынама», чыгуначны вакзал, гандлёвы цэнтр «Галерэя», Востраў слёз, Тэатр оперы і балета, «Пясочніцу», Камароўскі рынак.
— З усіх рынкаў, з усіх кірмашоў, на якіх я пабываў, гэты, мабыць, самы прыгожы.
Скончыў сваё развітанне з горадам Уіл у «Лідбір двары», дзе тусіў усё лета, і ледзь стрымаў слёзы:
— Я не змірыўся з фактам, што заўтра з’язджаю.
Гэта відэаразвітанне набрала ў тыктоку каля 455 тысяч праглядаў і больш за 41 тысячу лайкаў. У каментарыях беларусы сумуюць, што Уіл ад’язджае, і спадзяюцца, што МУС усё ж дазволіць яму вярнуцца.
Перад ад'ездам у Лондан Уіл жартаваў:
— Прыехалі, каланізавалі тое, што здолелі — і цяпер радзіма кліча. Але душа мая ўжо належыць Беларусі.
Усе рэчы брытанца змясціліся ў адзін заплечнік. Фанаты нават прыйшлі на платформу сталічнага аўтавакзала, каб пасадзіць блогера на аўтобус да Вільні.
Але Беларусь так лёгка не адпусціла свайго прыхільніка. Беларускія памежнікі не выпусцілі брытанца з краіны і сказалі вяртацца ў Мінск, каб зрабіць выязную візу.
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta раней тлумачыла, што выязная віза патрэбна тым замежнікам, хто жыве ў Беларусі на падставе дазволу на жыхарства, тэрмін дзеяння якога скончыўся. Таксама афармляць выязную візу неабходна замежнікам, калі ў дачыненні да іх вынеслі пастанову аб дэпартацыі.
Што з гэтага тычыцца Уіла Эгертана, невядома, але афармляць выязную візу ён сапраўды паехаў аўтастопам у Мінск.
— Здагадайцеся, хто забыў набыць выязную візу? Але я не забыў, я нават не ведаў, што трэба, блін… — бедаваў брытанскі блогер.
Другі раз на беларуска-літоўскай мяжы Уіла таксама чакаў непрыемны сюрпрыз — на гэты раз ужо на баку Літвы. Літоўскія памежнікі забралі ў блогера ўсю любімую беларускую згушчонку (бо з Беларусі ў Літву забаронена ўвозіць прадукты).
22 снежня Уіл пасля прагулкі па «Ікеі» нарэшце вылецеў з Вільні ў Лондан.
Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу