«Гэтая крама — мой адзіны бізнэс». Што гавораць работнікі гандлёвага цэнтра, які на тым тыдні згарэў у Віцебску
Ужо тыдзень уся краіна абмяркоўвае пажар, які ўспыхнуў у віцебскім ГЦ «Беларусь» у пятніцу, 13 снежня. Паводле папярэдніх звестак, яго прычынай стала кароткае замыканне. У бальніцы да гэтага часу знаходзяцца дзевяць пацярпелых, а сам будынак, хутчэй за ўсё, пойдзе пад знос. У найбліжэйшы час арандатары змогуць трапіць усярэдзіну ГЦ, каб забраць адтуль ацалелыя тавары. Выданне Office Life пагаварыла з тымі людзьмі, якія працавалі там да пажару.
19.12.2024 / 19:28
«Хатні тэкстыль» да пажару. Фота: «Яндэкс Карты»
Уладальніца крамы «Хатні тэкстыль» Наталля Якушэвіч кажа, што выйшла з будынка, які загарэўся, адной з першых. Яе крама была ў левым крыле, а пажар узнік у правым. Наталля спадзяецца, што агонь да яе крамы не дабраўся, але як моцна пацярпеў тавар ад гару і дыму, яна пакуль не ведае. На момант размовы ў будынку ГЦ яшчэ ішлі следчыя дзеянні і ўсярэдзіну арандатараў не пускалі.
У краме прадаваліся фіранкі, карнізы, спадарожныя тавары. І гэта быў адзіны гандлёвы пункт Наталлі. Ёй, як і многім іншым арандатарам, прапанавалі пераехаць у іншыя аб'екты ўласніка ГЦ. Як удакладнялі раней, пацярпелым прадпрымальнікам паабяцалі даць ільготныя тарыфы па арэндзе памяшканняў.
Крама жаночага адзення Orchid да пажару. Фота: «Яндэкс Карты»
Уладальніцы крамы жаночага адзення Orchid Наталлі пашанцавала менш: яе гандлёвы пункт знаходзіўся ў самым пацярпелым правым крыле будынка. Як і ў многіх іншых прадпрымальнікаў, яе тавар не быў застрахаваны, а крама была адзіным бізнэсам.
У адміністрацыі ГЦ Наталлі ўжо паабяцалі кампенсацыйную выплату, але ці пакрые яе памер страты, невядома. Сама яна на гэта надзей не мае і пакуль не будуе планаў па аднаўленні бізнэсу.
Крама «МайстарВік» да пажару. Фота: «Яндэкс Карты»
Алена працуе прадаўцом у «МайстарВік», гэта камп'ютарная крама, якая ў асноўным займаецца рамонтам тэхнікі. Яна знаходзілася на другім паверсе гандлёвага цэнтра, недалёка ад лесвіцы, па якой давялося эвакуявацца наведвальнікам і работнікам.
У павільёне плошчай 27 квадратных метраў займаліся ў асноўным рамонтам камп'ютараў і ноўтбукаў, запраўкай картрыджаў, продажам спадарожных аксесуараў. Усё абсталяванне, у тым ліку і тое, якое прынеслі на абслугоўванне кліенты, засталося ўнутры.
Алена таксама ўжо запісалася ў спісы тых, хто хоча пераехаць у іншыя ГЦ горада — «Кантынент», «Мега», «Планета».
Крама Babyonline да пажару. Фота: «Яндэкс Карты»
Крама дзіцячых тавараў Babyonline таксама была адзіным аб'ектам Кацярыны Алініцкай. Тут прадаваліся дзіцячыя цацкі і гульні. Пасля пачатку пажару тавар разам з дакументамі застаўся ў цэнтры.
У каментары мясцовай тэлекампаніі прадпрымальніца пасля сустрэчы з уладамі горада адзначала, што многія пытанні нарэшце праясніліся. Напрыклад, стала зразумела, што ёй вернуць грошы за арэнду, бо «засталіся без грошай, без працы, а Новы год хутка».
Крама «Спорт плюс» да пажару. Фота: «Яндэкс Карты»
Аляксандр Кватуненка адкрыў сваю краму тавараў «Спорт плюс» у 2017 годзе. Для яе ён зняў памяшканне на першым паверсе ГЦ «Беларусь». На адным паверсе з ім крама іншага прадпрымальніка «Усё для рыбалкі».
Ніхто з іх, як, зрэшты, і іншыя арандатары, свае тавары не страхаваў, а таму разлічваць ім прыйдзецца толькі на тыя сумы, якія яны атрымаюць ад адміністрацыі ГЦ, а таксама на вяртанне грошай за арэнду.
Пасля пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры МНС прапануе зрабіць больш строгімі правілы бяспекі для гандлёвых цэнтраў. Зараз праводзяць маніторынг ГЦ па ўсёй Беларусі.
У бальніцах Віцебска застаюцца дзевяць пацярпелых пры пажары ў ГЦ «Беларусь»
Сярод затрыманых па справе пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры, верагодна, ягоны ўладальнік
Затрымалі падазраваных у парушэнні пажарнай бяспекі ў ГЦ «Беларусь» у Віцебску
ГЦ «Беларусь» у Віцебску, дзе быў моцны пажар, падумваюць знесці
Як выглядае ўнутры гандлёвы цэнтр у Віцебску пасля пажару ФОТЫ