Суперсучасныя нарвежскія F-35 прыляцелі ўзмацніць абарону хаба НАТА на мяжы з Украінай
Знішчальнікі F-35 і сістэмы супрацьпаветранай абароны NASAMS будуць абараняць аэрадром у польскім Жэшуве.
03.12.2024 / 23:32
Знішчальнік F-35. Фота: Wikimedia Commons
Міністэрства абароны Нарвегіі заявіла, што краіна ўзмацняе падтрымку Украіны, забяспечваючы супрацьпаветраную абарону крытычна важнага для яе лагістычнага цэнтра ў Польшчы.
Пачынаючы са снежня 2024 года нарвежскія войскі будуць абараняць паветраную прастору над аэрадромам у Жэшуве — ключавым транзітным пунктам для цывільных і вайсковых грузаў, прызначаных для Украіны.
Аперацыя будзе праводзіцца ў рамках комплекснай супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны НАТА. Нарвегія накіруе ў Польшчу 100 сваіх вайскоўцаў, чатыры знішчальнікі F-35, а таксама сістэмы супрацьпаветранай абароны NASAMS. Місія будзе дзейнічаць са снежня па Вялікдзень і накіраваная на гарантаванне бяспечнай дастаўкі дапамогі Украіне ва ўмовах канфлікту.
F-35 — адзін з самых сучасных знішчальнікаў у свеце. Дзякуючы сучаснай тэхналогіі «стэлс» і вялікай колькасці датчыкаў самалёт здольны пазбягаць выяўлення ў паветранай прасторы праціўніка. Знішчальнік можа быць абсталяваны рознымі тыпамі бомбаў і кіраванымі ракетамі з дакладным навядзеннем і выдатна падыходзіць для атакі цэляў як у паветры, так і на зямлі ці на вадзе.
Асаблівасцю F-35 з'яўляецца авіёніка, якая аб'яднана з цэлым шэрагам датчыкаў і камп'ютэрных сістэм і стварае «лічбавае поле бою», дазваляючы каардынаваць дзеянні з іншымі відамі тэхнікі, у тым ліку танкамі, самалётамі і радарамі. Гэта дае перавагу ў планаванні і выкананні аперацый на вялікіх дыстанцыях.
Сістэма СПА NASAMS з'яўляецца нарвежскай распрацоўкай і адносіцца да ўстановак малой і сярэдняй дальнасці. Яна прызначана для абароны ад паветраных пагроз ваенных і грамадзянскіх аб'ектаў. ЗША абралі гэтую сістэму для абароны неба над Вашынгтонам.
У залежнасці ад ракет, якія выкарыстоўваюцца, дальнасць гэтага мабільнага комплексу можа складаць ад 15 да 50 кіламетраў, вышыня да 21 кіламетра.
Як заявіў міністр абароны Нарвегіі Б'ёрн Арыльд Грам, накіроўваючы сваю вайсковую місію ў Польшчу, краіна садзейнічае таму, каб дапамога Украіне дасягала сваёй мэты, дазваляючы ёй працягнуць змаганне за свабоду.
Дзмітрый Кісялёў у эфіры расійскага ТБ прыгразіў ударам па вайсковым аэрадроме ў Польшчы
Як падчас вайны падарожнічае Зяленскі, калі самалётам з Кіева не вылеціш?
Польшча купляе ў ЗША 32 новыя знішчальнікі F-35
Краіны НАТА: Неба Украіны ў бліжэйшы час будзе абаронена