Расійскія вайсковыя караблі пакінулі базу ў сірыйскім Тартусе

Расійскую базу ВМФ у сірыйскім Тартусе пакінулі ўсе вайсковыя караблі. Мяркуючы па спадарожнікавых здымках кампаніі Planet Labs, якія вывучыла Руская служба Бі-бі-сі, яшчэ два дні таму яны там знаходзіліся.

03.12.2024 / 21:12

Спадарожнікавы здымак базы ў Тартусе, зроблены раніцай 3 снежня. Фота Planet Labs. Каля пірса ў цэнтры фатаграфіі не відаць вялікіх вайсковых караблёў 

Афіцыйна гэты аб'ект называецца пунктам матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ Расіі ў Сірыі — расійскія вайскоўцы настройваюць на тым, што ён не з'яўляецца паўнавартаснай вайсковай базай.

А гэта спадарожнікавы здымак базы ў Тартусе, зроблены 1 снежня. На ім добра бачныя тры шэрыя вайсковыя караблі каля пірса

Звычайна вайсковыя караблі швартуются каля вялікага пірса, найбліжэйшага да выхаду з бухты.

На спадарожнікавым здымку ад 3 снежня відаць, што каля прычала няма ніводнага буйнога карабля. За два дні да гэтага, 1 снежня, каля прычала былі заўважаныя тры вайсковыя караблі. Яны адрозніваюцца ад цывільных суднаў шэрым колерам і абводамі — яны больш вузкія.

Раней пра тое, што расійскія караблі пакідаюць Тартус, напісаў вайсковы OSINT-аналітык H. I. Sutton. Ягоны аналіз быў апублікаваны ў сеткавым выданні Naval News.

«Адно з суднаў [базавалася ў Тартусе], дапаможнае судна «Ельня» было заўважанае пакідаючым Тартус раніцай 2 снежня 2024 года, і ёсць інфармацыя, што некаторыя або ўсе іншыя плаўсродкі таксама пакінулі горад», — напісаў ён.

Пра тое, што «Ельня» пакідае Тартус, напісаў і вайскова-аналітычны блог Droxford Maritime.

Як паведамляла ў верасні Мінабароны Расіі, у склад расійскай ударнай групоўкі ў Міжземным моры на той момант уваходзілі фрэгат «Адмірал Грыгаровіч», карвет «Меркурый», «Адмірал Флоту Савецкага Саюза Гаршкоў» і дызель-электрычная падводная лодка «Уфа».

Мяркуючы па сілуэтах і памерах, 1 снежня каля прычала базы ў Тартусе маглі быць прышвартаваныя «Грыгаровіч», «Меркурый» і «Гаршкоў».

Пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ Расіі ў Сірыі важны перш за ўсё тым, што гэта адзіны расійскі вайскова-марскі аб'ект у Міжземным моры. Ягоная каштоўнасць павялічылася ў 2022 годзе пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

Цяпер расійскі вайскова-марскі флот не можа накіроўваць свае караблі ў Чорнае мора, бо Турцыя праз вайну перакрыла пралівы для вайсковых караблёў.

Вайсковыя эксперты адзначаюць, што вывад караблёў і суднаў забеспячэння з Тартуса можа азначаць, што расійскае камандаванне не ўпэўненае ў магчымасці гарантаваць іх бяспеку.

Яшчэ адным важным для Расіі аб'ектам у Сірыі з'яўляецца вайскова-паветраная база Хмеймім.

Па дамоўленасці з сірыйскімі паўстанцамі байцы курдскіх Сірыйскіх дэмакратычных сілаў пакінулі раён Алепа

Урадавыя войскі Сірыі адкінулі паўстанцаў ад Хамы. Але ў Алепа разгром поўны

Хто такія садыкі? Расійскія вайскоўцы ў Сірыі нарадзілі адмысловы слэнг

Башар Асад вярнуўся ў Дамаск і рыхтуецца даць адпор паўстанцам

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Nashaniva.com