Апусцелыя офісы ў Мінску зноў запаўняюцца

На рынку ўжо фактычна не засталося бізнэс-цэнтраў, якія стаяць цалкам пустымі. Аднак новыя аб'екты могуць узмацніць канкурэнцыю, піша выданне Thinktanks.pro. 

06.11.2024 / 21:35

Фота ілюстрацыйнае

Пасля масавага пакідання Беларусі айцішнікамі ў 2022 і пачатку 2023 года бізнэс-цэнтры Мінска апусцелі. Незапатрабаваныя плошчы даходзілі да 20% рынку. Аднак у 2024 годзе сітуацыя пачала вяртацца да нормы.

Паводле даных аналітычнай кампаніі Сolliers, з пачатку года вакантнасць знізілася на 5 працэнтных пунктаў і цяпер складае 13%. На рынку ўжо фактычна не засталося аб'ектаў, якія стаяць цалкам пустымі.

Калі не браць у разлік бізнэс-цэнтры — новабудоўлі, уведзеныя ў эксплуатацыю ў апошнія месяцы, незапоўненым застаецца фактычна толькі адзін бізнэс-цэнтр — Capital Palace.

Прапанова невялікіх якасных плошчаў вычарпаная. Пуставаць застаюцца офісы ў бізнэс-цэнтрах у аддаленай лакацыі, з высокімі стаўкамі і з памерам памяшканняў, якія перавышаюць запыт асноўнай долі арандатараў.

Нягледзячы на нядаўнюю сітуацыю лішку офісаў, дэвелаперы працягвалі будаваць новыя бізнэс-цэнтры. У трэцім квартале на рынак прыйшло 21,4 тыс. кв. м новых прыдатных для арэнды плошчаў. Так, уведзены ў дзеянне шматфункцыянальны комплекс з бізнэс-цэнтрам кампаніі «БелГлобалГарант» на праспекце Пераможцаў, 63в агульнай плошчай 26,8 тыс. кв. м.

Цяпер аб'ём офіснай нерухомасці складае 1 092 тыс. кв. м. Да канца года ён можа павялічыцца на 24,1 тыс. кв. м з уводам бізнэс-цэнтраў у МФК Prizma і Golden Pearl. Увод БЦ «Левада» чакаецца не раней за пачатак 2025 года.

Эксперты дапускаюць у найбліжэйшай будучыні з'яўленне на рынку новых гульцоў, якія будуць нарошчваць штаты, а ў некаторых сектарах нават магчымы дэфіцыт персаналу. Усё гэта павысіць попыт на арэнду нерухомасці.

У цэнтры Мінска выставілі на таргі незвычайны па форме будынак

Дырэктар беларускай IT-кампаніі Gurtam назваў галоўны сакрэт поспеху

Шакуцін заляцеў мінімум на $40 мільёнаў

У канцы жніўня ў Мінску адкрыецца новы гандлёвы цэнтр

Нарэшце ажывае? Што адбываецца ў беларускай айцішцы пасля працяглага скарачэння

Nashaniva.com